Сёння Дзень сям’і: «Памножылі любоў на тры»

0
824

Дзень сям’і – адно з самых светлых святаў. Толькі ўявіце, як гэта – выгадаваць і выхаваць не аднаго і нават не дваіх, а траіх, чацвярых, пецярых дзяцей! У Беларусі такіх сем’яў з кожным годам становіцца ўсё больш. Даведацца пра чарговы рэцэпт іх шчасця карэспандэнт “ПН” адправілася да сям’і Пінчук.

Марыя і Мікалай сёлета будуць адзначаць 8 гадоў сямейнага жыцця. За гэты, здавалася б, невялікі прамежак часу ў маладой пары нарадзілася трое хлопчыкаў.
Як расказала шматдзетная маці, вырашыцца на трэцяе дзіця было не складана, сама вырасла ў сям’і, дзе было трое дзяцей. Марыя – старэйшая дачка, таму навыкі няні ў яе былі з самага дзяцінства. Цяпер у ролі нянек ужо яе малодшыя брат Сяргей і сястра Кацярына.

Сёння Дзень сям'і: "Памножылі любоў на тры"

Пра знаёмства з мужам гераіня расказала так: “Ён родам з суседняй вёскі Брынёў. Пазнаёміліся ў адной кампаніі. Мікалай дэманстраваў знакі ўвагі, а я казала яму: можам быць толькі сябрамі. Неўзаметку сяброўства перарасло ў рамантычныя адносіны. Я ўжо была студэнткай універсітэта імя Францыска Скарыны, калі Коля зрабіў мне прапанову рукі і сэрца. Ажаніліся ў Ляскавічах.
Пачыналі сямейнае жыццё ў абласным цэнтры. Як толькі я нарадзіла першае дзіця, вырашылі вярнуцца на малую радзіму, усё ж побач бацькі і іх дапамога незаменная. Ды і гадаваць дзіця на прыродзе, у ціхім і спакойным месцы, куды прыемней і карысней.
Раней Маша марыла жыць і працаваць у горадзе, а зараз, па прашэсці пэўнага часу і з нараджэннем дзяцей зразумела, якое гэта шчасце жыць на прыродзе. Ды і ў Ляскавічах ёсць практычна ўсё. Дзіцячая пляцоўка поўнасцю адпавядае інтарэсам і захапленням дзяцей, дарослым таксама ёсць, дзе адпачыць. А калі хочацца чагосьці большага – да райцэнтра рукой падаць.
Па словах Марыі, выхоўваць дзяцей – гэта велізарная работа, але калі ў выхаванні ўдзельнічаюць абодва бацькі, то складанасць дзеліцца на дваіх.
Да размовы далучыўся Мікалай: “Мы ўсё робім разам і заўжды на першае месца ставім сям’ю. Думаю, нашыя дзеці гэта адчуваюць”.
“Мы, канешне, любячыя і клапатлівыя бацькі, але дзеці ёсць дзеці, яны таксама могуць плакаць, капрызнічаць, сварыцца з-за цацак, таму наша строгасць апраўдана, інакш у доме пачнецца хаос”, – сказала Марыя.
Са слоў нашых герояў, імёны сваім дзецям яны выбралі простыя – Ваня, Паша і Міша, каб у дзяцей і ў жыцці ўсё было проста і лёгка. Самаму малодшаму нядаўна споўнілася тры месяцы.
Шматдзетная маці канстатуе: “Сапраўднае шчасце для любой жанчыны – адчуваць аддачу ад дзяцей. Іх абдымкі, сарваныя дзьмухаўцы, якія прыносяць у падарунак, гутаркі перад сном – гэта самыя каштоўныя моманты, ад якіх я атрымліваю асалоду. Мару, што калі яны вырастуць, гэтая сувязь паміж мной і маімі хлопчыкамі захаваецца”.
Цяпер маладыя бацькі заняты прыемнымі клопатамі: атрыманнем мацярынскага капіталу, які прадугледжаны для ўсіх шматдзетных сем’яў у Беларусі. На што яго выдаткуюць – яшчэ дакладна не ведаюць, але хацелася б палепшыць жыллёвыя ўмовы. Нягледзячы на тое, што нашы героі жывуць у арэнднай кватэры ад працы мужа (Мікалай працуе начальнікам ляснога аддзела ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”), усё ж хацелася б пабудаваць свой дом.
“Самае галоўнае жаданне – каб дзеткі былі здаровымі, – ва ўнісон гавораць Марыя і Мікалай. – Не хварэлі, раслі дружна і па жыцці былі разам”.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о