СЁННЯ – ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ

0
706

З нагоды 34-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана ў Пціцкай сярэдняй школе прайшла сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам.

СЁННЯ – ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎКолькі б не чытаў, не глядзеў тэлеперадач пра вайну ў Афгане, усё роўна не адчуеш тых эмоцый, калі слухаеш людзей, якія з гонарам выконвалі вайсковы абавязак у далёкай нам краіне. Жаданне ніколі не бачыць родную зямлю ў агні, гонар за мужнасць і разуменне важных задач нашымі юнакамі – пачуцці, якія агортвалі прысутных на мерапрыемстве “Афганістан – незабыўная рана”, з удзелам воіна-інтэрнацыяналіста Сяргея Герасіменкі. Фармат сустрэчы “побач, вочы ў вочы” дазволіў моладзі з трапятаннем разгледзець баявыя ўзнагароды былога салдата, задаць пытанні, уступіць у дыялог. Удзельнікі сустрэчы ўважліва слухалі ўспаміны госця, пра тое як ён стаў удзельнікам ваенных дзеянняў, пра салдацкую ўзаемадапамогу і радасць вяртання дадому. Суразмоўца раскрываў нам старонкі свайго жыцця: трагічныя і радасныя.

Да 1985 года Сяргей Іванавіч прайшоў звычайны шлях: закончыў родную Рагаўскую школу, атрымаў адукацыю механіка, а калі споўнілася васямнаццаць гадоў атрымаў – позву.

– Раней служба ў арміі была абавязковай, неабходнай і ганаровай падзеяй для юнака, – успамінае мужчына. – Не памятаю, каб з асяроддзя маіх сяброў ці знаёмых нехта вёў размову, каб не прайсці службу. Лічылася: калі хлопец прайшоў армейскі шлях, ён ужо самастойна можа прымаць рашэнні, гатовы да стварэння сям’і, здольны ўзяць адказнасць за родных і блізкіх.

Прызваліся з ім яшчэ адзінаццаць юнакоў з Петрыкаўшчыны. Па прыездзе ў абласны цэнтр, пачалося размеркаванне па вайсковых часцях. Да нашага земляка падышлі ваенныя “ў зялёных фуражках” і далі каманду збіраецца ехаць на Маскву: служыць ён накіраваны ў пагранічныя войскі.

– На мяжу з якой краінай – нам ніхто не казаў, толькі калі выдалі “сухпаёк”, зразумеў, што дарога будзе далёкай: хлопцам, каго адабралі ў “пагранцы”, уручылі па вялікай скрыні з харчаваннем.

Дарога выпала сапраўды далёкая, сем сутак: з Масквы ў Ташкент, затым – на ваенны пункт да мяжы з Афганістанам, дзе красавалася сваімі берагамі Амудар’я.
– Калі пачаліся ваенныя дзеянні ў Афганістане, была вялікая верагоднасць нападзення на Савецкі Саюз. Да ўсяго гэтага – паток наркатрафіку і высокі ўзровень тэрарызму ў суседняй краіне. Таму, да службы на мяжы дапускалі толькі тых, хто прайшоў пяцімесячны курс маладога байца: заступіўшы на службу мы ўмелі страляць, капаць, выратоўваць, дзейнічаць хутка і ўмела ў экстрэмальнай сітуацыі, – успамінаў Сяргей Іванавіч. – Сітуацыя была напружаная. Кіраўніцтва дзяржавы прыняло рашэнне склад пагранічных войскаў падзяліць па лініі мяжы на два бакі. Першая частка размяшчалася на сумежным баку Савецкага Саюза, другая – на тэрыторыі ваенных дзеянняў.

Палітычная сітуацыя пагаршалася і кантынгент войск павялічваўся і пашыраўся ўглыб краіны, на якой ішла вайна. Апошні час мы ахоўвалі мяжу да ста кіламетраў унутр Афганістана па ўсёй тэрыторыі.

Вядома, нашаму герою не раз даводзілася прымаць удзел у баявых аперацыях, сутычках з ворагам. Часта, бывала, разведка даносіла пра банду, якая рухалася да мяжы, хлопцаў саджалі на верталёт, і тыя выляталі, каб ліквідаваць небяспеку. Пільнасці патрабавалі караваны, якія маглі дастаўляць зброю тэрарыстам, цяжка давалася многім адаптацыя да клімату: днём – спякота, ноччу – холад. Але юнакі стараліся не думаць пра дрэннае. Паднімалі настрой і баявы дух думкамі пра вяртанне дадому.

– Для многіх маладых людзей, якія прайшлі гэта пекла і раптоўна сталі мужчынамі, вайна стала вялікай асабістай трагедыяй. Гады, праведзеныя там, пакінулі цяжкі след у памяці, – дзеліцца думкамі зямляк, – бо кожны хлопец, які пападаў туды, меў свае планы. Многім марам не дадзена было збыцца…

Пасля службы Сяргей Іванавіч вярнуўся дадому. У хуткім часе сустрэў на малой радзіме дзяўчыну, якая стала яго лёсам, сапраўдным каханнем і шчасцем на ўсё жыццё. Маладыя першы час імкнуліся жыць у абласным цэнтры, але родная зямля абяцала большыя выгоды: добрая праца, знаёмыя людзі, а галоўнае – маладой сям’і прапанавалі ўласнае жыллё ў Пцічы. Муж з жонкай рука аб руку крочаць па жыцці, годна выхавалі двух сыноў, будуюць планы і радуюцца мірнаму жыццю.

– Я з юнацтва ведаў, што хачу быць карысным для сваёй краіны, – дзяліўся з моладдзю былы афганец. – Мяне радуе, што сёння пра любоў да роднай краіны, яе незалежнасць і спакой шмат гаворыцца беларусамі і не мала робіцца для гэтага. Мы павінны быць патрыётамі сваёй зямлі, як былі нашы продкі, і вучыць гэтаму пачуццю сваіх дзяцей. Ведайце, што пасадзіць дрэва, паў-дзельнічаць у дабрачыннасці, быць валанцёрам – гэта ўжо патрыятызм. З нязначных, на першы погляд, добрых спраў, вырастаюць высакародныя і смелыя ўчынкі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о