Чаго не хапае гораду: ад разважанняў над праектамі да паўсядзённай бяспекі

0
728

У мінулы раз, паважаныя чытачы, мы разважалі, якім бы мог быць стары пляж горада Петрыкава пры адносна невялікіх укладаннях. Мы добра памятаем, што абяцалі надаваць увагу не толькі буйным аб’ектам, але і невялікім, на першы погляд, недахопам, што бракуюць камфортнаму і нават небяспечнаму жыццю гараджан. Адзін з такіх: невялікі па працягласці, але буйны ў сваім значэнні паварот вуліцы Ліпунова. Вуліца пачынаецца амаль ад кругавога скрыжавання ў цэнтры горада і вядзе да трох аб’ектаў, якія актыўна наведваюць жыхары і госці Петрыкава.

Чаго не хапае гораду: ад разважанняў  над праектамі да паўсядзённай бяспекі Чаго не хапае гораду: ад разважанняў  над праектамі да паўсядзённай бяспекіЗ самага ранку гэтай дарогаю крочаць людзі: дарослыя спяшаюцца на працу, дзеці – на заняткі ў другую гарадскую школу. Бліжэй да паўдзённага часу школьнікі вяртаюцца дадому, а гараджане наведваюць пошту. У нядзелю і на праваслаўныя святы няспешнай хадою шпацыруюць да Мікалаеўскай царквы вернікі. Словам, людна на вуліцы не заўсёды, што з аднаго боку дазваляе ўздыхнуць з палёгкай, але ўзрастаючая актыўнасць у пэўныя дні і гадзіны, а крые ў сабе яшчэ большую небяспеку.

Чаго не хапае гораду: ад разважанняў  над праектамі да паўсядзённай бяспекіУскраек праезнай часці з самага пачатку вуліцы ад пракуратуры, да брукаванкі каля пошты, не мае тратуару. Сітуацыю значна ўскладняе і тое, што праз нейкую паўсотню метраў пачынаецца даволі круты паварот амаль пад прамым кутом, дзе агляд абмежаваны прыватнымі пабудовамі.

Паўбяды, што пешаходы часам крочаць па вільготнай глебе, мараюць свой абутак і могуць замачыць ногі, але і сам рух па такой узбочыне становіцца неарганізаваным. Зразумела, хіба не кожны ведае правілы дарожнага руху, але куды падзецца, калі варта абысці лужыну, што з’яўляецца тут пасля больш-менш сур’ёзных ападкаў? А тут у адзін бок едзе машына, вадзіцель якой не бачыць, што яго чакае наперадзе, а насустрач яму – другі транспартны сродак. Можна дадаць сюды цёмны час сутак, абледзяненне дарожнага пакрыцця… Пэўна не варта развіваць гэты небяспечны сюжэт, але трэба разумець, што пры хуткасці 40 кіламетраў на гадзіну, аўтамабілі, што рухаюцца насустрач адзін аднаму, за секунду пераадольваюць разам 22 метры.
Крыху далей, дарэчы, яшчэ адна перашкода. Толькі вуліца выходзіць напрамкі, мінакі вымушаны зноў выходзіць на асфальт праезнай часці, каб абысці Л-падобны слуп энергазабеспячэння. Іншыя, вядома, абыходзяць яго далей ад дарогі, а вось матулям з дзіцячымі каляскамі зрабіць гэта даволі складана.

На гэтым прыгоды не скончыліся. Вось яна – фінішная прамая да тратуара каля пошты. Каб трапіць на брукаванку, трэба прайсці ўздоўж паркоўкі. А на ёй вадзіцель можа наўпрост не заўважыць мінака. Магчымасць такая на вялікі жаль існуе з-за таго, што з аднаго боку да прылягаючых парковачных месцаў вадзіцелям зручней пад’язджаць перадам, а выязджаць, адпаведна, задам, калі агляд абмежаваны другімі машынамі і сляпымі зонамі люстэркаў задняга бачання. З другога боку бракуе і неарганізаваны рух пешаходаў. Зразумейце мяне правільна, я не шукаю апраўдання вадзіцелям у магчымай небяспечнай сітуацыі, але звяртаю ўвагу на магчымую пазаштатную сітуацыю, што можа абярнуцца бядою.

Магчыма, нехта адзначыць, што надаю залішняга драматызму, маўляў, колькі гадоў жывём і нічога не здарылася. Паверце на слова, даводзілася мне бачыць і непрыемныя “пацалункі” машын, і небяспеку на адлегласці кроку ад пешаходаў. Таму, не варта чакаць бяды, лепей яе папярэдзіць. Тым больш, што добраўпарадкаванне горада само па сабе прадугледжвае стварэнне належных тратуараў у аздабленні бардзюраў, што ўзвышаецца над дарогаю для пасіўнай бяспекі пешаходаў. Прынамсі там, дзе іх не існуе.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о