У катэгорыю доўгажыхароў уваходзяць людзі, якія дасягнулі ўзросту 90 гадоў і старэй. Па апошніх афіцыйных дадзеных у Беларусі пражывае 43980 доўгажыхароў ва ўзросце 90-99 гадоў. У нашым раёне 217 чалавек перасягнулі дзевяностагадовую мяжу. Беларускія доўгажыхары, гарадскія і сельскія, адрозніваюцца аптымістычным стаўленнем да жыцця, імкненнем па меры сіл захоўваць актыўнасць, быць карыснымі і падтрымліваць добрыя адносіны з людзьмі.
Гэтыя прынцыпы складаюць адзіную, агульную для ўсяго чалавецтва аснову доўгага і шчаслівага жыцця.

Яўгеніі Аляксандраўне Пінькоўскай 11 ліпеня споўнілася 90 гадоў. Жанчына жыве адна шмат гадоў, аднак не без дапамогі сацыяльных работнікаў. У хаце – ідэальны парадак, усюды пануе чысціня і ўтульнасць. У двары – мноства разнастайных кветак. Па словах нашай гераіні, кветкі дапамагаюць ёй жыць. Каб зрабіць фатаздымак для матэрыяла, Яўгенія Аляксандраўна апранула сваю лепшую сукенку, падмалявала вусны і выбрала месца ў са-дзе, дзе квітнеюць яе любімыя гартэнзіі. Цяжка паверыць, што ў такой актыўнай і аптымістычнай жанчыны быў цяжкі лёс.

Сведка стагоддзя

Мой дзядуля – Кулак.
– Мае дзявочае прозвішча – Кулак. Дзядуля, Фёдар Іванавіч Кулак, працаваў брыгадзірам па сплаве лесу. У 1937 годзе яго арыштавалі, мне было тады 6 гадоў. Больш дзядулю мы не бачылі. Пасля нам прыйшоў ліст пра яго рэабілітацыю і пра тое, што ён памёр ад сардэчнага прыступу. Але ў кнізе “Памяць” значыцца, што Кулак Фёдар Іванавіч быў расстраляны 23 кастрычніка 1937 года, на тры дні пазней, чым яго брат Герасім Іванавіч.

Ніколі не забуду той вайны.
– Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было 10 гадоў. Памятаю бясконцы гул нямецкіх самалётаў і як за ракою прызямля-ліся парашутысты. Мы хаваліся ў бомбасховішчы, якое вырылі ў са-дзе. Нашы салдаты трымалі абарону да апошняга. Там за домам, дзе расце старая груша, малады салдацік прыкрываў адступленне нашай групы войск. Ворагі ўзялі яго ў палон, сарвалі пагоны, усе зорачкі… Цяжкім было жыццё пад немцамі: голад, вошы, кароста.
Ад тыфу мяне выратавала маці – мы разам з іншымі жыхарамі ўцяклі ў лес. Пабудавалі курані, але нехта навёў на нас немцаў. Хава-ліся ў балоце, а нямецкія салдаты стралялі па нас кулямётнай чаргой. Дзеці плакалі. Схапілі ўсіх, каго – у Нямеччыну, каго – у лагеры. Нас не паспелі пераправіць, бо самі ўжо ўцякалі. А калі нашы салдацікі прыйшлі, мы рукі ім цалавалі. Такая радасць была! Ніколі не забуду той вайны…

Жыццёвы шлях.
– Пачатковая школа, у якую я хадзіла, была размешчана ў будынку дзіцячай бібліятэкі. Калі вызвалілі горад у 1944 годзе, я пайшла ў пяты клас. Вучылася добра. Пасля заканчэння школы, вырашыла паступаць у Віцебскі фармацэўтычны тэхнікум. Але было вельмі цяжка матэрыяльна. Мары не суджана было збыцца. Пайшла на курсы лабаранта. Потым запрасілі ў райкам камсамола. Адначасова атрымала прафесію бухгалтара. Працавала ў “раёнцы”. Газета тады называлася “Шлях Кастрычніка”. З нагоды 100-годдзя Ленінскага камсамола ад цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі за подпісам кіраўніка Генадзя Зюганава мне ўручылі ордэн.

Каханне на ўсё жыццё.
– У 1951 годзе я сустрэла свайго мужа Мікалая, які стаў для мяне каханнем на ўсё жыццё. Мы ў шлюбе нарадзілі сына і дзвюх дачок. Усялякае было ў жыцці, аднак я і сёння ўспамінаю яго з цеплынёй і пяшчотай.
Не дай Божа перажыць сваіх дзяцей.
– Шчасце маё было кароткім. У 57 гадоў пайшоў з жыцця мой Мікалай Захаравіч. Ужо праз тыдзень мы хавалі майго зяця, мужа дачкі Ірыны. А ў 2003 годзе не стала майго адзінага сына. Было яму ўсяго 47 гадоў. Я да гэтага часу вельмі моцна люблю свайго мужа, сына, якіх са мной ужо няма… Як я перажыла іх страту? Складана сказаць. Не дай Бог нікому перажыць падобнае. А самае страшнае – хаваць сваіх дзяцей. Аднак жыццё працягваецца. У мяне 4 унукі і 7 праўнукаў.

Падаравалі свята.
– На юбілей завіталі амаль усе мае родныя. Прыйшлі павіншаваць і самыя лепшыя сябры. Мае блізкія людзі падаравалі мне сапраўднае свята.
Дабрыня і любоў.
– Я вельмі люблю чытаць вершы, не люблю сваркі. Дзе б я ні жыла, я заўсёды сябрую з сусе-дзямі. Я прайшла страшную вайну, потым выхоўвала дзяцей. Гаспадарка была цалкам на мне, усё трэба было рабіць рукамі. Можа быць, гэта ўсё мяне загартавала… У сям’і ў нас заўсёды панавалі цеплыня, любоў і спагада.
У чым сакрэт даўгалецця? Дабрыня і любоў – самае галоўнае, што трэба чалавеку ў жыцці. У гэтым увесь свет, уся сутнасць жыцця. Трэба проста быць добрым чалавекам.

Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о