“Паважаная рэдакцыя, гэтай зімой мне пашчасціла пагутарыць з жыхаркай вёскі Вышалаў Зіновіяй Мурылёвай. Жанчына даўно на пенсіі, ужо мае ўнукаў і праўнукаў, але вядзе актыўны лад жыцця. Ёсць адна асаблівасць у маёй знаёмай – падзеі свайго жыцця яна перадае праз радкі вершаў. Пісаць пачала параўнальна нядаўна, але ўсё напісанае ёю кранае душу”, – так пачынаўся ліст дасланы ў рэдакцыю. Пераносіць сустрэчу з жыхаркай Вышалава не хацелася – бралі сваё жаданне і цікавасць пазнаёміцца з чалавекам, у якога прага да літаратурнай творчасці з’явілася ў сталым узросце.

Палеская зямля – душы натхненне
Зіновія Мурылёва: “Знайсці сваё захапленне ў жыцці вельмі важна”

Сустрэча з Зіновіяй Мікалаеўнай не толькі не расчаравала, але пацвердзіла думку, што на Петрыкаўшчыне мноства людзей, вартых, каб пра іх жыццёвы шлях было расказана на старонках газеты. Гераіня чалавек з цікавым лёсам.
– Сама я родам з Украіны, нарадзілася перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Адэскай вобласці. Пасляваеннае дзяцінства запомнілася нястачай, а юнацтва тым, што шмат працавалі, каб не быць галоднымі, – успамінае суразмоўца. – У маладосці пераехала ў Крым – тады я ўжо мела адукацыю педагога, стварыла сям’ю і ў хуткім часе нарадзіла дачку.
Пра Украіну Зіновія Мікалаеўна ўспамінае з цеплынёй. З такой жа цеплынёй гаворыць і пра Беларусь. Для людзей яе пакалення радзімай з’яўляецца Савецкі Саюз. Рускі і беларус, казах і грузін – былі браты і сёстры. Яна не хавае – цяперашняя сітуацыя ва Украіне выклікае слёзы на вачах. Жанчыне не хочацца верыць у тое, што адбываецца сёння там.
– Жадаю ўкраінцам міру і спакою, каб інтарэсы простых людзей былі пачуты. Надзвычай важна агульнымі намаганнямі зберагчы мірнае неба ў роднай мне краіне. Бо з прыходам вайны губляюцца ўсе чалавечыя каштоўнасці: спакойнае жыццё, дабрабыт, шчасце. Я веру, што прыйдуць часы і мы, брацкія народы, зноў будзем сядзець за адным сталом.
У Беларусь жанчына ўпершыню папала ў 1993 годзе – прыехала праведаць дачку з сям’ёй, якія крыху раней пераехалі сюды з Украіны. Пасля наведвання “сінявокай” прыняла з мужам рашэнне пераехаць сюды назаўжды.
– Беларусь – гэта дзіўная краіна са сваім цікавым мінулым, багатай культурнай спадчынай, – дзеліцца думкамі суразмоўца. – Асабліва прыгожая тут прырода, якая захавалася практычна ў некранутым выглядзе. Многія беларусы самі не разумеюць, як ім пашанцавала мець усё гэта багацце. Асаблівых слоў заслугоўваюць людзі, якія пражываюць на гэтай зямлі. Дабразычлівыя. Шчырыя. Працавітыя. Такі край нельга не любіць і нельга ім не ганарыцца.
Пісаць жанчына пачала па-раўнальна нядаўна. Асабліва “удаюцца” ёй гумарэскі і фельетоны. Усе напісанае, ведае на памяць.
– Вершы з’яўляюцца ў мяне самі сабою пасля сустрэчы з чалавекам, наведваннем якой-небудзь мясціны, або пасля адметнай падзеі, – гаворыць суразмоўца.
Зіновія Мікалаеўна чытае мне свае “тварэнні”. Выразна і з інтанацыяй. Адчуваецца, што кожны з іх ёй па-асабліваму дарагі. Праводзіць мяне са свайго гасціннага дома словамі:
В Белорусси я живу
И нисколько не тужу.
Только солнышко встаёт –
Соловей в кустах поёт.
Серебристая роса,
А какие здесь леса!
Аист на гнезде клокочет,
Что-то расказать нам хочет.
Облака плывут, плывут,
Словно за собой зовут.
На развітанне пажадала Зіновіі Мікалаеўне не пакідаць пісаць вершы. Творчасць прыносіць задавальненне і робіць навакольных больш спагадлівымі.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о