Рэгіёны раскажуць пра свой турыстычны патэнцыял у рамках форуму “Адкрый Беларусь”.

Прафсаюзны турыстычны форум пройдзе 28-29 красавіка ў Мінску. Арганізатарам выступіць турысцка-экскурсійнае ўнітарнае прадпрыемства “Беларустурыст”.

Экспазіцыя Гомельшчыны разгарнецца ў зале Равесніка на 3-м паверсе Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў.
У рамках форуму будзе працаваць выстава, на якой кожны рэ-гіён краіны раскажа жыхарам і гасцям сталіцы пра свае прыродныя і гісторыка-культурныя багацці.

“Задача ўдзельнікаў не проста раскрыць турыстычны патэнцыял, а сапраўды здзівіць наведвальнікаў, паказаць нейкія малавядомыя кірункі. Пра Мірскі замак ці Белавежскую пушчу ведаюць усе. Але застаецца шмат цікавых месцаў, напрамкаў і яркіх фестываляў, пра якія па розных прычынах ніхто раней не чуў”, – распавяла намесніца генеральнага дырэктара УП “Беларустурыст” Алена Паршута.

Экспазіцыю складуць некалькі тэматычных блокаў. У якасці прэзентацыі ваенна-патрыятычнага напрамку вобласці будзе прадстаўлены праект “Вечнай памяццю жывыя…”. У яго ўключаны мемарыяльны комплекс “Помнік дзецям-ахвярам ВАв” у Красным Беразе Жлобінскага раёна, мемарыяльны комплекс “Ала” і “Аперацыя Баграціён” у Светлагорскім раёне, ваенна-гістарычны комплекс “Партызанская крынічка” бліз Гомеля, “Азарычы” на Калінкавіччыне.

Наведвальнікі таксама змогуць пазнаёміцца з яшчэ адной нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю – “Лясным бортніцтвам” на прыкладзе Лельчыцкага раёна. Гасцям прапануюць дэгустацыю мёду.

Багаты прыродны патэнцыял прадэманструюць у напрамку экалагічнага турызму. Тут Гомельшчыну прадставіць Дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Асаблівую ўвагу арганізатары нададуць гастранамічнаму турызму. Госці форуму змогуць адчуць атмасферу і ацаніць смак традыцыйных страў, сакрэты прыгатавання якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о