Каб зіма не заспела знянацку, рыхтавацца да яе варта грунтоўна, планамерна і самае галоўнае – загадзя. Асабліва ў жывёлагадоўлі, дзе ўсе агрэхі выяўляюцца ў першыя ж марозныя дні

Некалькі тыдняў запар суботнім ранкам работу сельгаспрадпрыемстваў раёна ў зімова-стойлавы перыяд правяраў старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка. У выязной нарадзе таксама прымалі ўдзел члены райвыканкама, спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі гаспадарак, старшыні сельсаветаў, прадстаўнікі ветэрынарнай службы і адказныя за гаспадарку з ліку кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў раёна.

Зімова-стойлавы перыяд пакідае жадаць лепшага Зімова-стойлавы перыяд пакідае жадаць лепшагаШто ўяўляе сабой жывёлагадоўчая галіна раёна ў лічбах і фактах, мы даведаліся ў начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалая Місюры.
– Пагалоўе буйной рагатай жывёлы на Петрыкаўшчыне складае 31105 галоў, з іх 11654 – дойны статак. Валавы надой малака на 1 студзеня склаў 393473 тоны (93% да адпаведнага паказчыка мінулага года). Надой на адну карову склаў 3395 кілаграмаў, сярэднясутачныя прывесы маладняку па выніках года – 561 грам, – паведаміў Мікалай Васільевіч.

Удзельнікі выязной нарады ацэньвалі работу жывёлагадоўчых памяшканняў у зімова-стойлавы перыяд, улічваючы стан памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы і стойлавага абсталявання, даільных залаў і бытавых памяшканняў, пад’язных шляхоў, агароджы ферм і агульную ступень добраўпарадкавання комплексаў.

На кожным з наведаных аб’ектаў, на жаль, хібаў і недахопаў аказалася нямала. Неабходныя ўмовы паспяховага правядзення зімоўкі на фермах створаны не ва ўсіх гаспадарках раёна. Назіраецца і адсутнасць патрэбнай колькасці жывёлаводаў, і іх кваліфікацыі, недастатковая ступень забяспечанасці жывёлы кармамі, і структура фуражу, і ўзровень арганізацыі водазабеспячэння жывёлагадоўчых памяшканняў, і ступень механізацыі вытворчых працэсаў, і правільная арганізацыя працы. Як паказвае шматгадовая практыка, поспех стойлавага ўтрымання жывёлы шмат у чым вызначаецца своечасовай падрыхтоўкай ферм да зімы. Не падрыхтаваліся – няма захаванасці пагалоўя, прадуктыўнасці статка і рэнтабельнасці вытворчасці.
Першым аб’ектам для ацэнкі падрыхтаванасці жывёлагадоўчых памяшканняў да зімоўкі, якія наведалі ўдзельнікі выязной нарады, стала ферма ў Слабадзе ААТ “Агра-Слабада”. Ферма старая, пабачыла нямала на сваім вяку, здараліся і рамонты, але зробленыя яны былі так даўно, што іх сляды спецыялістамі толькі адгадваліся. Карціна перад вачыма ўдзельнікаў нарады паўстала сумная. Хоць звонку будынак фермы пабелены, але вароты не пафарбаваныя, а пра дэзынфекцыю памяшканняў тут толькі думаюць. Падлога патрабуе тэрміновага рамонту. У супраціўным выпадку траўміравання жывёлы пазбегнуць наўрад ці ўдасца.
У хатках для цялятаў утрымліваецца маладняк, які ўжо ледзь змяшчаецца ў драўляным будынку. На ўсё гэта звярнуў увагу спецыялістаў ААТ “Агра-Слабада” кіраўнік раёна Аляксандр Наўныка, вызначыўшы пэўныя тэрміны для ліквідацыі выяўленых недаробак і парушэнняў.
– Для таго, каб мець добрыя вытворчыя вынікі, трэба стварыць годныя ўмовы працы для людзей. Пачніце з гэтага, і вынікі не прымусяць сябе чакаць, – пакідаючы ферму ў Слабадзе, зазначыў Аляксандр Міхайлавіч.
МТФ “Конкавічы” гэтага ж ААТ сустрэла гасцей зусім не ветліва: перамяшчацца па непасыпанай у галалёд тэрыторыі – задача ня-простая. А неўзабаве паўсталі і іншыя факты безгаспадарчасці: адсутнасць пабелу ў памяшканнях для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, неафарбаваныя вароты ў гэтых памяшканнях, адсутнасць подсцілу пад нагамі кароў. Затое гной пад нагамі ў жывёлы прымушае іх есці ў прамым сэнсе “стоячы на коленцах” – па-іншаму да кармавога стала не падступіцца.
Многія хібы МТФ “Конкавічы” характэрныя і для іншых гаспадарак, але толькі тут сітуацыю жывёлагадоўчай галіны пагаршае высокае непрадукцыйнае выбыццё цялятаў.

Што гаварыць, калі нават новыя фермы з-за безадказнасці і абыякавасці кіраўніцтва гаспадарак і, адпаведна, спецыялістаў і радавых жывёлаводаў выглядаюць па меншай меры занядбанымі. У даільнай зале, якая падобна аперацыйнай у бальніцы, на ліхтарах назапасіўся такі пласт бруду, што святло наўрад ці праз іх праб’ецца. Тэрыторыя МТФ не абкошана, ёсць участкі без агароджы, старыя будынкі, якія даўно не выкарыстоўваюцца, стаяць як помнікі людской безгаспадарчасці. Усё гэта ўдзельнікі выязной нарады назіралі ў КСУП “Чалюшчавічы” і ААТ “Курыцічы”.
“Сапонава” – сумная старонка ў біяграфіі ААТ “Курыцічы”. Тут назіраецца заняпад літаральна ва ўсім: ад зарослай хмызняком тэрыторыі да хлявоў, якія вось-вось разваляцца, а ў іх, між іншым, утрымліваецца жывёла.
Гаспадарцы жыццёва неабходна пабудаваць новы цялятнік, але тут ужо два гады не могуць узяцца за справу.

У час выязной нарады Аляксандр Міхайлавіч неаднаразова звяртаў увагу прысутных на тое, што для выканання прагнозных паказчыкаў жывёлаводам неабходна не толькі навесці парадак на фермах, але і перагледзець рацыён кармлення жывёл, павялічыўшы ў ім аб’ём выкарыстання камбікорму са спецыяльнымі дабаўкамі.
Сёння перад жывёлагадоўляй стаяць складаныя задачы па павелічэнні вытворчасці малака і мяса. Таму вельмі важна сур’ёзна працаваць над узнаўленнем статка.
Ужо пасля трох наведаных гаспадарак у многіх удзельнікаў выязной нарады склалася ўражанне, што да візіту гасцей не рыхтаваліся. А як яшчэ растлумачыць адсутнасць элементарнага парадку на фермах? Прычын назваць можна шмат, аднак, хутчэй за ўсё, сумная карціна склалася і з-за нядбайных адносінаў кіраўнікоў гаспадарак таксама.

– Руплівы гаспадар заўсёды ведае, што яму варта паправіць, дзе навесці парадак у першую чаргу, – адзначыў пры падвядзенні вынікаў выязной нарады кіраўнік раёна Аляксандр Наўныка. – Пры сур’ёзным і правільным падыходзе да справы ўжо з лета ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах павінны былі заняцца падрыхтоўкай да зімова-стойлавага перыяду. Па патрабаванні райсельгасхарчу гаспадаркі пачалі гэтую працу своечасова, але потым або знізілі яе тэмпы, або адклалі справы на пасля.
Праведзены аб’езд паказаў, што зімоўка жывёлы арганізавана няякасна. У частцы гаспадарак не правялі ачыстку і пабелку памяшканняў, не наладзілі працу механізмаў гноевыдалення, не вывезлі арганіку з тэрыторый ферм, не адсыпалі пад’язныя шляхі да памяшканняў для ўтрымання жывёлы, не адрамантавалі агароджы і шмат што іншае. Некаторым неабходна надаць увагу сістэмам даення, водазабеспячэння, электразабеспячэння.
Словам, недапрацовак у жывёлагадоўлі больш чым дастаткова, але выпраўляць іх трэба ўсім разам, не падзяляючы абавязкі. Толькі сумеснымі намаганнямі можна выканаць задачы, пастаўленыя перад вытворцамі малака і мяса.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о