“Слова – жыватворна сіла”

0
913

“Слова  – жыватворна сіла”Сёння ў нашай краіне свята пісьменства. Асаблівая ніша на добрушскай зямлі  адведзена Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Выставы кніг, дыялогавыя пляцоўкі, адкрытыя мікрафоны – далёка не ўвесь спіс запланаваных майстрамі слова мерапрыемстваў. У дадзены Саюз у студзені 2021 года  быў прыняты прадстаўнік Петрыкаўшчыны. Размова ідзе пра Мікалая Кіселевіча. Малая радзіма Мікалая Кандрацьевіча – вёска Слабада, а пражывае творца ў Мышанцы. Лёс мяне зводзіў з пісьменнікам на юбілеі яго роднай Смятаніцкай школы і магу сказаць, што герой аповеду чалавек, з якім можна пагаварыць на любыя тэмы, яго довады аб’ектыўныя і з вышыні свайго жыццёвага вопыту  ён мае права даваць парады. Лёгкай долі сабе не шукаў. Вясковы хлопец сам прабіваў сабе шлях у жыцці: закончыў вышэйшае каманднае вучылішча і ваенную Акадэмію, пабываў у гарачых кропках, палкоўнік у адстаўцы.
Здавалася, праца ваеннага і літаратурная творчасць – рэчы несумяшчальныя. А Мікалай Кандрацьевіч лічыць інакш. Піша з юнацтва, кажа, што творчасць дапамагае асэнсаваць розныя рэчы, вызначыць  каштоўнасці ў жыцці, выказаць патаемнае. Аўтар выдаў  дзевяць зборнікаў.  Дваццаць твораў з яго лірычных зборнікаў  кампа-зітарамі Расіі і Беларусі перакладзены на музыку. У дадзены момант рыхтуюцца да выхаду ў свет яшчэ два зборнікі творцы. Творы яго разнапланавыя: ад лірычных і камічных, да гістарычных і павучальных. Наш зямляк з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Расіі, доўгі час займаў пасаду намесніка старшыні саюза Славянскіх журналістаў.
Напярэдадні свята пісьменства мы звязаліся з нашым знакамітым земляком, каб пагаварыць пра сілу мастацкага слова.
– Кнігі акружаюць чалавека з дзяцінства і без іх цяжка ўявіць сваё жыццё. Часцей людзі чытаюць прозу, адны любяць фантастыку і дэтэктывы, другія – гістарычныя раманы. Сярод чытальнікаў шмат і аматараў паэзіі, таму што без яе жыць немагчыма. У кожнага чалавека ёсць любімы паэт і верш, які не пакінуў яго абыякавым.
Не буду хлусіць, што асабліва люблю тэму роднага краю. Перадаю праз літаратурнае слова прыгажосць, адметнасць нашай Бацькаўшчыны. Лічу, што чароўная сіла слова здольная зрабіць жыццё чалавека больш яркім і багатым.
У гэтыя святочныя дні для славянскага пісьменства дасылаем словы ўдзячнасці, вам, паважаны Мікалай Кандрацьевіч, за падараваную нашчадкам духоўную спадчыну. Жадаем здзяйснення творчых задум, светлых і радасных дзён.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о