Навіны з захаду несуцяшальныя, але заканамерныя

0
215

Навіны з захаду працягваюць здзіўляць сваёй несуцяшальнай логікай падзей. Здаецца часам, што нібы нехта з “моцных гэтага свету” вырашыў на ўласным досведзе праверыць, ці працуюць законы, прапісаныя ў падручніку эканомікі.

Пакуль вялікія сродкі краін заходняга свету сыходзілі, нібы ў прорву, для падтрымкі ваенных дзеянняў, Еўропу планамерна напампоўвалі танныя працоўныя рукі і сельскагаспадарчая прадукцыя з Украіны. У выніку мясцовыя аграрыі аказаліся не здольнымі да канкурэнцыі і пачалі забастоўкі. Пачалося ўсё з Германіі і з хуткасцю эпідэміі пратэсты распаўсюдзіліся па ўсёй Заходняй Еўропе.

Днямі акцыі назіраліся ўжо ў 16 гарадах Латвіі, а афіцыйная Варшава адзначыла, што пачне планавую праверку грузавікоў, што накіроўваюцца з Украіны ў Літву, бо існуюць падставы для меркавання, што ў прыбалтыйскай краіне з грузаў наўпрост зрываюцца пломбы і танная ўкраінская сельгаспрадукцыя легальна трапляе на польскія рынкі, ад чаго церпяць мясцовыя вытворцы. Трэба разумець, што ў гэтай шэрай схеме Літва мае нядрэнны прыбытак. Нагадаю, што ўсё гэта адбываецца ў Еўрапейскім Саюзе, які многія называюць хіба не ўзорам дэмакратыі, парадку, законнасці і магчымасцяў, ды яшчэ і сярод краін-суседак, якія літаральна год таму анансавалі гатоўнасць да стварэння саюза паміж Польшчай, Літвой і Украінай. Але шчыра дамовіцца нават у самых істотных пытаннях партнёрства, як паказаў час, суб’екты знешняй палітыкі не здолелі.

Не лепей справы і ў самай моцнай эканомікі Еўропы: нямецкі экспарт, на сродках якога завязаны мноства іншых еўрапейскіх эканомік і праграм, паказаў большы спад, чым чакалі эксперты. Звязваюць гэта з тым, што вытворчасць Германіі нашмат больш энергаёмістая, у параўнанні з іншымі краінамі гэтай часткі свету. Парушэнне старых лагістычных энергетычных ланцугоў, звязаных у першую чаргу з Расіяй, не дазваляюць працаваць нямецкай прамысловасці на поўную моц.

Не дзіва, што анансаваны апошні пакет санкцый супраць Расійскай Федэрацыі самі еўрапейскія палітыкі назвалі сімвалічным. Спасылаюцца яны, вядома, на недахоп часу, але трэба разумець, што ў адносінах з Расіяй буйнейшыя еўрапейскія краіны ўжо даўно падаюць сігналы да развароту сваёй палітыкі на бок стрыманай рыторыкі і адноснага (пакуль яшчэ) нейтралітэту.

Здзіўляе іншае: краіны так званага “залатога мільярду” так і не здолелі за апошнія два гады знайсці патрэбную прастору для манеўру, выбудаваць новыя шляхі зносін і эканамічныя стратэгіі. Больш за тое, куды больш прывабна на фоне гэтага супрацьстаяння з Беларуссю і Расіяй, якое яшчэ не так даўно заходнія эксперты называлі “гульнёй у адны вароты”, больш моцнымі як раз выглядаюць апошнія краіны, што не рабілі яскравых анонсаў і прамоў. Магчыма, трэба ўжо ўсвядоміць, што разварот ва ўсходні бок да аднаўлення ўзаемаадносін трэба рабіць больш хутка. Канешне, не для нашага грамадства, а на карысць сваіх грамадзян.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о