Дзве апошнія гульні першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе былі адзначаны яскравымі акалічнасцямі. У пазамінулую суботу выступленне петрыкаўскага “Шахцёра” здзівіла рэкордным лікам, а мінулы ўікенд цікавіў мясцовых заўзятараў паядынкам з леташнім удзельнікам вышэйшай лігі – клубам “Смаргонь”.

Рэкорд тура і сустрэча з учарашняй элітайМатч футбольны, лік хакейны

На сустрэчу з “Оршай”, якая адбылася 23 красавіка, “Шахцёр” прыбыў, кажучы шчыра, за ачкамі. Фаварытамі калійшчыкаў называць было б не зусім правільна, усё ж такі рана рабіць высновы, зыходзячы толькі з двух папярэдніх гульняў. Але пэўныя перадсезонныя праблемы “Оршы” нібы падказвалі, што гаспадарам сустрэчы ў той дзень прыйдзецца няпроста, ды і ўвогуле клубу з Поўначы Беларусі не выпадае летась разлічваць на высокія вынікі.

Напярэдадні прайшоў дождж, з-за чаго натуральнае поле аршанскага стадыёна “Гарадскі” месцамі стала нагадваць дрыгву. Мокры мяч і топкае пакрыццё не пакідалі спадзяванняў на якасны футбол, але пасля свістка стала зразумела, што ападкі ні на кроплю не псавалі гульню.

Пачалося ўсё надзвычай прынцыпова – на некалькі атак салевікоў аршанцы адказалі трыма небяспечнымі момантамі. Тэмп і ўпартасць футбалістаў падказвалі, што адна з каманд хутка адкрые лік. Так і сталася: нападаючы Ягор Карпіцкі на 19-й хвіліне адправіў мяч перад варотамі з вострага кута ў сетку “Оршы” – 0:1.

Ну а далей пайшло-паехала. З’явілася ўражанне, што пасля гола гаспадары наўпрост “расклеіліся” маральна і не надта жадалі змагацца. На 23-й хвіліне голам адзначыўся Вадзім Курловіч, на 25-й – Віталь Ганіч, на 32-й – Максім Кавалевіч – 0:4.

Напрыканцы тайма аршанцы намагаліся рэабілітавацца, але “размачыць” лік здолелі толькі ў пачатку другой паловы. Каля 25-ці хвілін каманды абменьваліся момантамі, пакуль перавагу “Шахцёра” не павялічыў Дзяніс Кавалевіч – 1:5. Гульнявая ініцыятыва цалкам перайшла на бок жоўта-чорных, а за зрыў чарговай атакі “Орша” была пакараная 11-мятровым, які ўдала выканаў Іван Зянькоў.

Апошнюю 10-хвілінку асноўнага часу сустрэчы гаспадары вырашылі проста дабегаць, за што атрымалі на 86-й хвіліне ад таго ж Дзяніса Кавалевіча, а на 88-й і 89-й хвілінах ад Карпіцкага, што аформіў у той дзень хет трык.

Ці варта баяцца “Смаргоні”?

Размовы пра тое, што “Смаргонь” выступала ў мінулым сезоне ў вышэйшай лізе – хутчэй цэтлік, чым рэальны паказчык узроўню каманды. Мяркуйце самі: у 2020 годзе клуб заняў выніковае 6-е месца ў другім дывізіёне, але з-за таго, што каманды з больш удалымі вынікамі адмовіліся ад павышэння ў класе, прапанова пераходу ў “вышку” дайшла і да “Смаргоні”, і дружына з сярэдзіны табліцы, пагадзілася на “прапіску” ў футбольнай эліце. Але аднаго жадання праявіць сябе сярод 16-ці лепшых беларускіх клубаў было недастаткова. Як следства, каманда завяршыла сезон 2021 на перадапошнім месцы (з улікам сыйшоўшага з дыстанцыі “Спадарожніка”), набраўшы ў 30-ці турах 21 ачко. Другая пазіцыя з канца абумовіла пераход “Смаргоні” ў знаёмую першую лігу.

Разам з тым, дружына атрымала каштоўны вопыт і галоўнае пытанне, якое паўставала перад заўзятарамі другога дывізіёна: як каманда гэтым вопытам скарыстаецца? Па вынікаў мінулых трох гульняў меркаваць было складана: моцнаму “Лакаматыву” смаргонцы прайгралі 1:4, а вось аўтсайдзераў мінулага года, футбольныя клубы “Слонім” і “Баранавічы”, упэўнена перамаглі 2:0 і 3:0 адпаведна. Па ўскосных паказчыках атрымлівалася, што “Шахцёр” будзе мець справу з моцным сярэдняком, які будзе намагацца паказаць лепшы вынік.

Гульня пачалася з атак на высокіх тэмпах і вострых момантаў. Напачатку сустрэчы клубы выглядалі адносна роўна, хоць салевікі і часцей турбавалі брамніка гасцей. На 26-й хвіліне Вадзім Курловіч падабраў мяч пасля перадачы з правага флангу і, доўга не раздумваючы, адправіў круглага ў сетку – 1:0.

Характар футбола не змяніўся: “Шахцёр” ціснуў, “Смаргонь” адказвала. Чарговая ўдалая атака гаспадароў магла б скончыцца голам, але штурм варот быў з пазіцыі па-за гульнёй.

У перапынку заўзятары правялі конкурс на колькасць “чаканкі” мяча, у якім перамог Уладзіслаў Руднічэнка, што набіў снарад 60 разоў.

Другі тайм быў надзвычай багатым на моманты. За крыху недакладны ўдар калегі ў бок варот гасцей “адпомсціў” на 53-й хвіліне ўсё той жа Курловіч – 2:0. Пасля ўдалага штурму ў “Смаргоні”, відаць, прачнулася спартыўная злосць і палову гаспадароў часцяком пранізвалі імклівыя флангавыя атакі. Грубае супрацьстаянне ў абароне скончылася для “Шахцёра” пакараннем, але рэалізаваць пенальці футбалісту гасцей не ўдалося – мяч трапіў у перакладзіну.

Чарговы адказ не прымусіў чакаць і на 67-й, застаўшыся без належнай апекі, Курловіч аформіў хет трык – 3:0. Гульня не збавіла абароты, спартсмены абедзвюх каманд рушылі наперад, розніца была толькі ў тым, што футбалісты калійнай дружыны часцей даводзілі штурмы да лагічнага завяршэння. Як раз у час аднаго з такіх праходаў у штрафную гасцей і была зафіксавана грубая гульня  ў абароне. Рэферы паказаў на 11-мятровую кропку, да мяча падышоў Максім Кавалевіч – 4:0 на апошняй хвіліне асноўнага часу.

Пасля сустрэчы заўзятары, папярэдне правёўшы галасаванне сярод аматараў мясцовага футбола, уручылі лепшаму іграку месяца Ягору Карпіцкаму сімвалічны пераходзячы прыз – каску ад Петрыкаўскага рудаўпраўлення.

Ну а што да дыстанцыі чэмпіянату, то ўжо можна рабіць пэўныя вынікі. Чатыры гульні, з аднаго боку – небагата. Але, улічваючы “кароткі век” сёлетняга турніру, незаўважна для многіх, першая ліга “прайшла” 1/6 сваёй дыстанцыі. Петрыкаўскі “Шахцёр” абсалютна заслужана займае першае месца ў турнірнай табліцы з 10-цю ачкамі, бо толькі калійшчыкі маюць на сваім рахунку тры перамогі і нічыю. За палешукамі размясціліся “Астравец” і “Лакаматыў” з 8-мю баламі і “Нафтан” з “БК Макслайн” з Рагачова, што маюць па 7 ачкоў у сваіх “скарбонках”. Менавіта з рагачоўцамі і выпадае наступная сустрэча жоўта-чорных, што адбудзецца ў горадзе на беразе Дняпра ў Дзень Перамогі. Трансляцыю гульні будзе ажыццяўляць спартыўны тэлеканал “Беларусь 5”, пачатак у 13 гадзін. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о