Сямейнае трыа: на палетках “Пціч-Агра” збіраюць ураджай бацька і сыны Кот

Мікалай Кот, механізатар ААТ “Пчіч-Агра”, чалавек вядомы як у гаспадарцы, так і на Петрыкаўшчыне. Неаднаразова аграрый з’яўляўся адным з лідараў на сельскагаспадарчай ніве і станавіўся героем нашага раённага выдання. На яго руках і пасяўная, і ўборачная кампанія, а за плячыма – больш за тры дзясяткі гадоў механізатарскага стажу. Сумленна працаваць для яго – гэта патрэба, сяльгаснік не мае звычкі рабіць даручаную справу абы-як. Сціплы і памяркоўны, узор працавітага беларуса, які якасна і з душою выконвае сваю працу. Мікалай Міхайлавіч не хавае: любоў да роднай зямлі, сялянскай працы ён пераняў ад бацькі – таксама механізатара.

І першыя свае намалочаныя зярняты будучы аграрый атрымаў тады, у юнацтве, калі дапамагаў бацьку ўбіраць хлеб. У тыя моманты і вызначылася далейшая жыццёвая дарога героя.

Сваімі працоўнымі поспехамі хлебароб заўсёды імкнуўся быць прыкладам для сваіх родных.

– З жонкай вучылі з маленства дзяцей: якую б прафесію не абралі, куды б лёс не закінуў – малую радзіму не забывайце і працы простай на зямлі не цурайцеся, – гаворыць аграрый.

Гэтую ісціну спаўна спасціглі сыны нашага героя. Сёння ў гарачы час жніва свае плечы бацьку падстаўляюць ўжо дарослыя сыны. З такой падтрымкай камбайнеру можна справіцца з любой задачай.

Ілья (справа ад бацькі) і Міхаіл (злева ад бацькі) абралі лёс ваенных: закончылі Сувораўскае вучылішча, затым сталі студэнтамі Разанскага вышэйшага паветрана-дэсантнага каманднага вучылішча. Ілья, старэйшы з сыноў, сёлета скончыў навучанне і накіраваны на службу ў Мінск. Вось у час адпачынку, перад пачаткам працоўнай дзейнасці і стаў поплеч з бацькам на хлебнай ніве.

– Гэта не першы мой вопыт у сямейным экіпажы. Пачаў дапамагаць бацьку на гэтых жа палетках у мінулым сезоне, калі прыязджаў на канікулы дадому, – гаворыць хлопец. – Чаму прыняў такое рашэнне? Тут больш адыграла маё выхаванне і станаўленне як грамадзяніна, асобы. Лічу, што працу хлебароба павінен ведаць і паважаць кожны чалавек. Хлеб – аснова дабрабыту, а значыць – упэўненасці і спакою. Дык чаму, калі ёсць магчымасць, не стаць карысным у такой пачэснай справе? І ведаеце, як нашы з братам прафесіі, так і праца нашага бацькі аб’яднаныя агульнымі і абавязковымі якасцямі для кожнага: адказнасць, настойлівасць і высокая дысцыпліна.

– Пагаджуся з кожным словам, сказаным Ільёй, – уступае ў размову Міхаіл, малодшы з братоў. – Дадам яшчэ ад сябе, што высокую каштоўнасць хлеба, сапраўдную яго цану, пачынаеш усведамляць, калі сам прыкладзеш рукі да будучага караваю.

Міхаілу яшчэ два гады вучыцца ў расійскім горадзе. Ён на месяц пазней за брата прыехаў на адпачынак і пачэсна заступіў на яго месца памочнікам камбайнера.
Цікаўлюся ў юнакоў, якое адчуванне ад працы на хлебнай ніве? Пачула такія адказы:

– Люблю жніўную пару за тое, што сям’я аб’яднана адной думкай – пра ўраджай. Адчуваеш новыя эмоцыі: душэўныя і цёплыя. Усведамляеш важнасць моманту.

– Ганаруся тым, што маю дачыненне да патрэбнай справы. Убіраць хлеб не менш адказна, чым служыць Айчыне.

Вось такі сямейны экіпаж шчыруе на палетках Петрыкаўшчыны. Дзякуючы руплівай працы землякоў на стале ў кожнай сям’і будзе хлеб, а нашыя дамы будуць абаронены надзейна і адказна.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о