Хвойня –  сястра Хатыні

22 сакавіка – 79-я гадавіна Хатынскай трагедыі. Роўна 79 гадоў таму нацысты знішчылі мірную вёску Хатынь, яе жыхароў спалілі. У агні загінулі 149 чалавек – 74 дарослыя і 75 дзяцей, самаму маленькаму дзіцяці было 7 тыдняў ад нараджэння.
У памяць пра спаленыя беларускія вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у Лучыцах прайшоў мітынг-рэквіем.
– У кожнай вобласці нашай краіны маюцца “чырвоныя” пункты – гэта вёскі, якія былі знішчаны карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – звярнулася да вучняў Лучыцкай сярэдняй школы старшыня сельвыканкама Ала Якавец. – Трапіла ў гэты жудасны спіс і наша Хвойня. Гэта была вялікая вёска з добрымі, працавітымі людзьмі.
Дата 29 сакавіка 1942 года стала фатальнай для гэтага месца. Былі спалены цэлыя сем’і. Загінулі дзеці, іх бацькі, бабулі і дзядулі – не пашкадавалі нікога. Поўныя спісы загінулых да гэтага часу не адноўлены.
На месцы спаленых дамоў стаяць мемарыялы. Хвойня – сястра Хатыні, толькі наша вёска страціла значна больш людзей.
Сёння ў Хвойні пражывае 10 чалавек, вёска па-ранейшаму жыве. Нам засталося захаваць памяць пра тыя падзеі, рабіць усё магчымае, каб гісторыя не паўтарылася. У Дзень памяці мы павінны аддаць даніну павагі і спагады загінуўшым.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о