Працаваць так, каб малая радзіма выклікала гонар

0
672

Працаваць так, каб малая радзіма выклікала гонар

Сельсавет – першая інстанцыя для вяскоўцаў, куды яны звяртаюцца за дапамогай. І ад таго, наколькі моцная гаспадарчая рука старшыні, як наладжана ўзаемадзеянне з мясцовымі арганізацыямі, грамадзянамі – залежыць камфорт і бяспека жыхароў. Менавіта такую пазіцыю ўзяў за аснову ў сваёй працы выконваючы абавязкі старшыні Петрыкаўскага сельвыканкама Андрэй Малашкевіч.

Андрэй Феафанавіч на пасадзе параўнальна нядаўна – каля трох гадоў, але ўжо вызначыў сваю сістэму ў дзейнасці кіраўніка. У час працы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, сустрэч з насельніцтвам Петрыкаўскага сельвыканкама ад жыхароў неаднойчы даводзілася чуць, што іх старшыня ніколі не спасылаецца ў рашэнні праблем на адсутнасць магчымасцяў, а бярэцца і паслядоўна ідзе да вызначаннай мэты. Імкненне дапамагаць землякам. Жаданне апраўдаць іх надзеі і зрабіць давераны ўчастак лепшым я адчула і падчас размовы з прадстаўніком улады.

– Чалавек, які ўзяў на сябе адказнасць за людзей, павінен быць кампетэнтным амаль ва ўсіх сферах і імгненна рэагаваць на любую сітуацыю, – лічыць Андрэй Феафанавіч. – Часам узнікаюць пытанні, якія неабходна вырашаць вельмі аператыўна. Трэба ўмець наладзіць кантакт, даказаць сваю кампетэнтнасць, бывае – праявіць прынцыповасць, або пайсці на кампраміс.
На пытанне, што ўваходзіць у абавязкі кіраўніка сельвыканкама, суразмоўца адказаў: “Калі коратка – то ўсё!” Такі адказ адлюстроўвае сутнасць дзейнасці прадстаўніка мясцовага самакіравання: дарогі, водазабеспячэнне, вулічнае асвятленне, арганізацыя ўсяго неабходнага ў плане гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання, бяспека жыццядзейнасці – гэта толькі частка той працы, якая ляжыць на плячах старшыні. Суразмоўца прызнаецца, каб выканаць просьбы землякоў, забяспечыць ім годнае жыццё, часта даводзіцца звяртацца за дапамогай. У адзіночку, без людзей – нічога не зробіш. Таму, цеснае супрацоўніцтва з насельніцтвам, раённымі структурамі – немалаважнае ў працы. Андрэй Феафанавіч адзначыў, што перспектыва ў сельскіх населеных пунктаў праглядаецца станоўчая. Многія землякі вяртаюцца да сваіх вытокаў. Прыязджаюць у бацькоўскія дамы, добраўпарадкоўваюць іх, прывозяць на родную зямлю дзяцей і ўнукаў. Паўплываў на змяненне сітуацыі, на думку суразмоўцы, перш за ўсё курс дзяржаўнай палітыкі.

– У Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць сельскага жыхара. Гэта праяўляецца і ў выдзяленні льготных крэдытаў маладым сем’ям на будаўніцтва жылля, на забеспячэнне неабходнымі ўмовамі нават самыя малыя населеныя пункты. Як прыклад: у вёсцы Белалескае пражывае адзін чалавек, у Бярэзніках – пяць. Але населеныя пункты не пакінуты без увагі: па графіку прыязджае аўтакрама, перасоўны медыцынскі комплекс, наведваюць пражываючых прадстаўнікі сацыяльных службаў, прафілактыкі, маецца асвятленне і рамантуюцца дарогі, – адзначыў кіраўнік сельвыканкама. – Сёння краіна рыхтуецца да важнай палітычнай падзеі – лютаўскіх Выбараў, і жыхары сельскага Савета ўжо праяўляюць цікавасць да дадзенай кампаніі. Людзі хочуць захаваць маючыя выгоды, жыць і працаваць так, каб малая радзіма выклікала гонар, а зямля прыносіла свой плён не аднаму пакаленню землякоў.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о