Сярод лепшых у вобласці – наш тэхнік-асемянатар

0
538

Сярод лепшых у вобласці –  наш тэхнік-асемянатар

Абласны конкурс прафесійнага майстэрства па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл сабраў напрыканцы мінулага тыдня ў Цэнтры культуры Гомельскага раёна лепшых тэхнікаў-асемянатараў рэгіёна.
47 прадстаўнікоў розных раёнаў Гомельшчыны праверылі свае тэарэтычныя і практычныя веды ў час выканання конкурсных заданняў. Сярод дыпламантаў абласнога этапа – Уладзімір Нежавец, тэхнік-асемянатар з КСУП “Чалюшчавічы”.

Незвычайнае майстэрства гэтых людзей сапраўды цэніцца высока. Самі мяркуйце, спецыялісты падобнага ўзроўню сёння ў дэфіцыце, таму і на вагу золата – не многія, на жаль, выбіраюць гэту адказную і стратэгічную для жывёлагадоўлі прафесію.
За чарговай перамогай Уладзіміра Валянцінавіча – 40 гадоў працоўнага стажу і бездакорнай службы на карысць галіны. Мужчына родам з Мінскай вобласці, на Петрыкаўшчыну трапіў па размеркаванні. Тут знайшоў сябе не толькі ў прафесіі – стварыў моцную сям’ю, разам з жонкай выгадавалі траіх дзяцей.

“Я марыў стаць ветэрынарным урачом, таму і абраў сабе спецыяльнасць “Ветэрынарны фельчар”, – паведаміў нашаму карэспандэнту Уладзімір Валянцінавіч. – Пра выбар прафесіі ніколі не шкадаваў, хоць часам бывала няпроста. Упэўнены: пры належнай прафесійнай падрыхтоўцы, моцным жаданні і цвёрдым характары можна пераадолець любыя цяжкасці і справіцца з самай складанай задачай”.

Штогод мужчына мае высокія вынікі, таму не раз станавіўся героем нашых рэпартажаў, атрымліваў ганаровае званне “Лепшы па прафесіі” і быў занесены на раённую Дошку гонару. Як вядома, галоўны паказчык, па якім ацэньваецца праца тэхніка-асеменатара, – выхад цялят на 100 кароў. За апошнія гады ён ва Уладзіміра не апускаецца ніжэй за 90, а ў лепшыя часы мужчына меў і 98. За гады працы Уладзімір Нежавец не аднойчы быў пераможцам раённых і прызёрам абласных спаборніцтваў па асемяненні.

У гэты дзень двойчы ўзнімаўся наш герой на святочную сцэну: па выніках конкурсных мерапрыемстваў атрымаў дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “Лепшы аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы”, а таксама Уладзімір Нежавец адзначаны дыпломам прафсаюзнага камітэта як заслужаны спецыяліст галіны, што прысвяціў прафесіі найбольшую колькасць гадоў.
Без перабольшання, ад майстэрства тэхнікаў-асемянатараў у кожнай асобна ўзятай гаспадарцы і ў жывёлагадоўлі ў цэлым залежыць многае: як мінімум – поспех галіны ў пытанні прываг і надояў, як максімум – харчовая бяспека краіны.
Віншуем Вас, паважаны Уладзімір Валянцінавіч, з узнагародай і жадаем высокіх паказчыкаў у працы.

Галіна КАЗАК,
фота газеты “Маяк”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о