На зернесушыльным комплексе ААТ “Курыцічы” ў гэтыя дні кіпіць праца. Сюды з новымі порцыямі налітага золатам насення пшаніцы з’язджаюцца грузавікі. Сустракае іх аператар зернесушыльнага комплексу Міхаіл Боўсун. У яго задачах – адправіць на збожжаток ураджай у ідэальным стане.

Праца з “золатам”– Для кожнага збожжа – свая тэмпература, – дзеліцца Міхаіл Васільевіч. – У дзень сушым ад 40 да 50 тон. Мой асабісты рэкорд – 60 тон на дзень.
За перыяд уборачнай наш герой высушыў 900 тон збожжа. Праца ідзе зладжана, без затрымак. Трэба проста выконваць усе правілы, тэхналогію і сачыць за тым, каб працэс ішоў, як па масле.

Мужчына распавёў, што ён кантралюе тэмпературу печы:
– Калі хоць на некалькі градусаў павялічыць тэмпературу, то збожжа згарыць, а калі цяпла не хопіць – яно застанецца сырым. Дэталі важныя.
Як і ўсе аграрыі краіны, Міхаіл падымаецца з самай раніцы. Крыху нешта перакусіць і хутка на працу. Па словах аператара, на прадпрыемстве харчаванне вельмі добрае – два разы на дзень паўнавартасны комплекс з трох блюд.
Міхаіл нарадзіўся і вырас у Курыцічах. На сваёй пасадзе 10 гадоў.
– Мой бацька працуе тут жа, аператарам. Так што можна сказаць, што я пайшоў па шляху бацькі.

За столькі гадоў працы мой суразцоўца так прызвычаіўся, што ў яго ўжо ёсць свае прафесійныя сакрэты поспеху.
– Распавядаць я пра іх, вядома, не буду. Праца, ведаеце, як любая іншая, патрабуе пільнасці і адказнасці. Калі на адным этапе нешта зрабіць не так, то, нібы, ланцужок з даміно, усё абарвецца.

У канцы сустрэчы Міхаіл падсумаваў, што толькі агульнымі намаганнямі можна дамагчыся ўраджаю высокай якасці.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о