Пусціў маладыя карані на Петрыкаўскай зямлі

0
533

Для кожнага з нас зразумелая адна простая выснова – ніхто не зробіць зямлю, на якой ты жывеш, багатай, квітнеючай і шчаслівай, акрамя тваіх суайчыннікаў і цябе самога. Такой жыццёвай пазіцыі прытрымліваецца і Валерый Скрэд, чыё прозвішча адзначана ў спісе перадавікоў “Жніва 2023”.

Пусціў маладыя карані на Петрыкаўскай зямлі

У час сёлетняй уборачнай кампаніі старшы камбайнер ААТ “Навасёлкі” Валерый Скрэд сярод маладзёжных экіпажаў уборачных агрэгатаў паказаў лепшыя вынікі. Аграрый на камбайне КЗС-1218 “Палессе” намалаціў 1084,4 тоны збожжа. Такі вынік дазволіў Валерыю Віктаравічу выйсці ў раённыя лідары. Гэта, на думку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, заканамерны вынік, якога малады сяльгаснік дабіўся сваёй добрасумленнай працай, адданасцю нялёгкай хлебаробнай справе.

– Атрыманыя ўзнагароды – гэта не толькі прызнанне тваіх заслуг, але і вялікая адказнасць. Калі задаеш тэмп – становішся прыкладам для іншых. Ты не можаш падвесці сябе, сваю гаспадарку, свой раён, – прызнаецца пры сустрэчы камбайнер. – Тыя, хто робіць свой прафесійны выбар на карысць працы на зямлі, павінны ра-зумець, што дадзеная справа лёгкай не будзе ніколі. Пад’ём у шэсць гадзін. Дадому часам вяртаешся ў поцемках.

Са слоў камбайнера, каб склалася ўсё на хлебнай ніве – неабходна падтрымка родных. І гэтую падтрымку мужчына атрымлівае спаўна. Дома ў Камаровічах Валерыя чакае сям’я. Жонка не толькі надзейная спадарожніца па жыцці, але, у нейкім сэнсе, і калега. Жанчына працуе інспектарам па ахове працы ў той жа гаспадарцы, што і муж. І калісьці, крыху больш за дзесяць гадоў, яны маладымі спецыялістамі, насуперак страхам і цяжкасцям, ра-зам прынялі рашэнне застацца на Петрыкаўшчыне і працаваць па атрыманых спецыяльнасцях у сельскай гаспадарцы.

– Сам я родам з Ельскага раёна. У свой час у Лельчыцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы атрымаў спецыяльнасць “Слесар. Зваршчык. Трактарыст”. Дарэчы, з сельскай гаспадаркай мае бацькі ніяк не звязаны. Гэтай галіне прысвяціла сябе мая бабуля. Але я, яшчэ будучы падлеткам, вырашыў для сябе, што хачу працаваць з тэхнікай, ужо тады вабілі вялікія агрэгаты. Калі пачаў працоўную дзейнасць, ад гаспадаркі паехаў у пасёлак Акцябрскі ў якасці ўдзельніка конкурсу сярод механізатараў. Там я і пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, якая мне вельмі спадабалася, – раскрывае гісторыю свайго жыцця суразмоўца. – Служба ў войску надала ўпэўненасці, што гэта і ёсць мая другая палова. Ніна тады стала студэнткай Калінкавіцкага палескага тэхнікума, дзе атрымлівала спецыяльнасць “Аграном”. Мы падтрымлівалі сувязь і пасля дэмабілізацыі пачалі сустракацца. Будучую жонку накіравалі ў Петрыкаўскі раён на першае месца працы. Прыехалі ў новую для нас мясцовасць мы разам.

З працаўладкаваннем на сельгаспрадпрыемстве маладой сям’і спачатку прапанавалі кватэру, а праз некаторы час – дом у суседніх Камаровічах. Па словах героя, падвоз да працы з аднаго населенага пункта ў іншы наладжаны – гэта ж адно сельгаспрадпрыемства. Дзве дачкі ўжо наведваюць Камаровіцкую установу адукацыі: Аляксандра – дзіцячы садок, Таццяна – першаклашка. Упэўненасць у заўтрашнім дні ёсць. Планы на будучыню пабудаваны. А на меркаванне некаторых, што ў горадзе лепш, у мужчыны свая думка: наша жыццё ў вёсцы бу-дзе такім, якім мы самі захочам.
Валерый Віктаравіч зазначыў, што ў сельскагаспадарчай галіне работа ёсць заўсёды. З восені да зімы трэба ўзараць глебу, угнаіць яе, увесну – забаранаваць, яшчэ трэба не празяваць прыбраць буйнарастучае пустазелле. Лета – самая гарачая пара, тут і касі, жні, вазі кармы – толькі паспявай. Увосень усё паўтараецца. І такі цыкл з году ў год, дзе без механізатара – ніяк.

– Галоўнае для людзей, якія жывуць на сяле, не разгубіць усе веды, уменні беражлівых і клапатлівых адносін да зямлі. Таму трэба працаваць так, каб дзеці бралі прыклад, каб людзі бачылі: сапраўдны гаспадар на зямлі, – дзеліцца думкамі герой. – Хачу адзначыць, што ўборачная кампанія для аграрыяў заўсёды з’яўляецца сур’ёзным экзаменам. Яна выстаўляе адзнаку нашаму ўменню, адказнасці, стараннасці. І якой бы няпростай не была праца на зямлі – яна прыносіць разуменне патрэбнасці, упэўненасці, надзейнасці. Наша працоўная біяграфія – прыклад для маладых, спакойная старасць нашых бацькоў, упэўненая будучыня нашых родных. Напярэдадні свята хачу аграрыям Петрыкаўшчыны пажадаць здароўя і простага чалавечага шчасця! – павіншаваў калег суразмоўца.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о