Для вучняў гімназіі правялі экскурсію па Петрыкаўскім судзе

Вучні выпускнога класа гімназіі горада Петрыкава ў рамках прафарыентацыйных сустрэч “Прафесійныя экскурсіі – прафесіі нашых бацькоў” пазнаёміліся з судовай уладай і спецыфікай яе працы, наведаўшы Петрыкаўскі раённы суд.

Тут падлеткам далі магчымасць на свае вочы ўбачыць работу судовай сістэмы. Старшыня суда Алег Касцючэнка правёў школьнікаў па кабінетах, паказаў малую і вялікую залы суда, распавёў, якія па ступені цяжкасці бываюць злачынствы, хто ў судзе за якую працу адказвае і многае іншае.

Старшыня суда расказаў дзецям пра патрабаванні, якія прад’яўляюцца да кандыдатаў на пасаду суддзі, растлумачыў, у чым заключаецца сутнасць работы суддзі, якія льготы і абмежаванні прадугледжаны для гэтай пасады, а таксама падзяліўся сваім шматгадовым вопытам работы ў судовай сістэме.

Прафарыентацыйная работа з падлеткамі

Не абышлі тэму прафілактыкі падлеткавай злачыннасці. Алег Уладзіміравіч падрабязна спыніўся на злачынствах, якія здзяйсняюцца школьнікамі і якія маюць наступствы.
Стажор суддзі Вадзім Шыбут адзначыў, што не кожны падлетак у поўнай меры ўсведамляе наступствы дзеянняў, якія могуць аказацца супрацьпраўнымі. “Усяго ў юрыдычнай навуцы вылучаюць чатыры віды адказнасці: дысцыплінарная, грамадзянска-прававая, адміністрацыйная і крымінальная”, – пачаў Вадзім Валер’евіч свой аповед. Ён канстатаваў, што многія супрацьпраўныя дзеянні ўчыняюцца ў нашым грамадстве пры дапамозе сацыяльных сетак. Таму сёння патрэбна быць пільнымі і ўважлівымі, здзяйсняючы пакупкі ў інтэрнэце.

Рабятам распавялі, дзе можна атрымаць спецыяльнасць юрыста, што пад сабой мае на ўвазе гэтая прафесія, на якія вакансіі можа прэтэндаваць спецыяліст з адукацыяй юрыста.
Школьнікі змаглі задаць пытанні, якія іх цікавілі.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о