Мэтавае накіраванне – упэўнены крок у прафесію

0
495

Атрыманы атэстаты і сёлетнія выпускнікі ўшчыльную падышлі да адказнага выбару: з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё? Так ужо павялося, што часцей за ўсё абітурыенты жадаюць у будучыні стаць юрыстамі, эканамістамі і менеджарамі, а вось сельскагаспадарчыя спецыяльнасці не заўсёды карыстаюцца папулярнасцю сярод выпускнікоў. Што, між іншым, дарэмна. Сельская гаспадарка адыгрывае вядучую ролю ў жыцці нашага раёна, а таму і прафесіі гэтай накіраванасці ў нас вельмі запатрабаваныя.

Мэтавае накіраванне – упэўнены крок у прафесіюЯк паведамілі ў райсельгасхарчы, зараз на Петрыкаўшчыне не хапае аграномаў, інжынераў, а таксама заатэхнікаў і ветэрынараў. Маладыя спецыялісты гэтага профілю ў раёне не застануцца без працы.

Выпускнікам карысна ведаць, што сёлета будзе павялічаны набор у аграрныя навучальныя ўстановы па мэтавых напраўленнях. Даюць іх ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ахвотна і без абмежаванняў.

– У мінулым годзе ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю паступілі 8 чалавек, сярод іх як навучэнцы гарадскіх, так і сельскіх устаноў адукацыі. Выбіралі яны альбо Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, альбо Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. У гэтым годзе па папярэдніх дадзеных каля 28 навучэнцаў 9-х і 11-х класаў плануюць падаваць дакументы ў ВНУ і каледжы аграрнай накіраванасці. Аднак канчатковыя вынікі прафарыентацыйнай і ўступнай кампаніі падводзіць пакуль рана – гэта работа з выпускнікамі ўстаноў адукацыі раёна і іх законнымі прадстаўнікамі працягваецца, – адзначыла ў час размовы галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу Анжаліка Грыб. Таму, выпускнікам, якія пакуль не зрабілі свой выбар на карысць той ці іншай навучальнай установы, варта прыгледзецца да сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў.

Як паведаміла Анжаліка Аляксандраўна, тэрміны прыёму дакументаў на вочную (дзённую) форму па напрамках адукацыі “Сельская гаспадарка”, “Ветэрынарыя”, “Рыбная гаспадарка” і “Ахова працы” (за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове) для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю – з 17 па 27 ліпеня.
Асобы, якія выказалі жаданне паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі для атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове, якія, дарэчы, не здаюць уступныя іспыты ва УВА, падаюць дакументы таксама з 17 ліпеня. Аднак для гэтай катэгорыі абітурыентаў прыём дакументаў падоўжаны па 10 жніўня.
Варта ведаць і пра магчымасць паступлення ў каледж на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі пасля 11 класа. Што да ўступнай кампаніі ў каледжы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, то прыём дакументаў тут ідзе амаль усё лета: з 15 чэрвеня па 23 жніўня.
Таксама звяртаем увагу, што даты ўступнай кампаніі ў каледжах могуць крыху адрознівацца, таму абавязкова варта пераправерыць іх на сайце ўстановы, у якую плануеце паступаць.
А цяпер самае важнае: без уступных іспытаў і здачы экзаменаў, асобы, якія жадаюць вучыцца ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй адукацыі сельскагаспадарчага профілю, могуць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Жадаючым скарыстацца такой магчымасцю трэба звярнуцца ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта, размешчанага па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гагарына, 17, кабінет 20, тэлефон 2-71-20.
Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о