У суботу, 24 снежня, спартыўная зала ДЮСШ раёна прымала міні-футбольны турнір “Петрыкаў збірае сяброў”.

Спаборніцтвы вядуць пачатак сваёй гісторыі з мінулага году і аб’ядналі сёлета дзевяць калектываў-удзельнікаў. Аматары гэтага віду спорту добра ведаюць большасць дружын, што заявіліся на турнір: гэта клубы “Прыпяць”, “Ураджай”, “Гарняк”, “Лясгас”, “Зорка” (былы калектыў “Горад над Прыпяццю”), “Курыцічы”. Станоўча, што і на гэты раз не абмінулі ўвагай спаборніцтвы футбалісты з Капаткевічаў – каманда “Вікторыя”. Што да новых удзельнікаў турніру, то гледачы пазнаёміліся з гарадской камандай “Шапэн” і навасёлкаўскім клубам “Золак”.
На жаль, не звярнулі ўвагі ў гэты раз на наша міні-футбольнае свята спартсмены з другіх раёнаў. Нагадаем, у мінулым годзе Петрыкаўшчыну наведвалі футбалісты з Жыткавічаў, што выступалі з нашымі землякамі ў аб’яднанай камандзе “Газавік”, і госці з Акцябршчыны, адкуль на спаборніцтвы і прыбыў не так даўно пераходзячы трафей.
Каманды былі падзеленыя жараб’ёўкай на дзве групы, дзе гульні праходзілі па кругавой сістэме. Так, лепшымі ў групе “А” сталі гарнякі, другое месца заняў клуб “Шапэн”. У групе “Б” не было роўных ураджаеўцам, а другі вынік паказалі лясгасаўцы.
Такім чынам, у першай паўфінальнай гульні сышліся каманды “Ураджай” і “Шапэн”. Першапачаткова матч быў роўным і заўзятары прадракалі прынцыповае супрацьстаянне. Але з цягам часу “Ураджай” перахапіў ініцыятыву і без мітусні пачаў дакладна ад-працоўваць у нападзенні, рэалізуючы моманты, забяспечыўшы сабе квіток у фінал з даволі ўнушальным лікам 4:0.
У сустрэчы паміж “Гарняком” і “Лясгасам” нечаканасцей не адбылося. Калійшчыкі пераўзыходзілі апанентаў па ўсіх паказчыках, мелі больш якасны футбол на ўсіх пазіцыях і таму даволі хутка забілі і павялічвалі адрыў да фінальнага свістку – 6:0.
Гульня за трэцяе месца паміж супрацоўнікамі лесаахоўнай службы і клубам “Шапэн” прайшла, так бы мовіць, пад дыктоўку апошніх. Лясгасаўцы мелі моманты, напрыканцы сустрэчы нават намагаліся ўзвысіць тэмп, але стома і тэхнічны брак дазволілі адказаць толькі адным голам на пяць прапушчаных мячоў. Свісток і футбалісты “Шапэна” занялі выніковае трэцяе месца.
Але спадзяванні гледачоў у той дзень пабачыць сапраўдную барацьбу былі цалкам апраўданыя фінальнай сустрэчай – заўзятыя сапернікі міні-футбольнай пляцоўкі і футбольнага поля зноў змагаліся за першае месца. Нават самыя адданыя прыхільнікі той ці іншай каманды не давалі хоць колькі-небудзь выразных прагнозаў, бо абодва калектывы здава-ліся выключна матываванымі і падрыхтаванымі да гульні. Толькі па ходзе матча можна вызначыць, на чыім баку тактычная, тэхнічная і маральная перавага.
Так і адбылося, клубы не “адпускалі” адзін аднаго. Напружанне нарастала і бліжэй да канца сустрэчы з’явілася верагоднасць, што лік 2:2 перавядзе спрэчку за трафей у серыю пенальці. Але за некалькі хвілін “Гарняк” выйшаў наперад. Здавалася, салевікам трэба акуратна згуляць на ўтрыманне выніку працягам некалькіх дзясяткаў секунд, але такія адказныя імгненні часцяком з’яўляюцца выпрабаваннем нервовай сістэмы спартсменаў, якая, у аднаго з футбалістаў, як раз і не вытрымала. Парушыўшы правілы грубай гульнёй у сваёй штрафной, футбаліст “Гарняку” быў пакараны прызначэннем пенальці ў вароты сваёй каманды. Ігрок “Ураджаю” Уладзімір Харланаў развёў варатара і мяч у розныя бакі брамы – 3:3 і вынік гульні вырашала серыя пенальці.
“Пачынаецца латарэя!”, – гучна заўважыў нехта з трыбун. Сапраўды, майстэрства ў такіх выпадках часцяком саступае ўсмешцы Фартуны: у распараджэнні кожнай дружыны толькі пяць удараў і дробная недакладнасць, як то патрапленне снарада ў штангу, можа каштаваць перамогі. Пасля трох забітых мячоў з кропкі і аднаго прапушчанага “Гарняк” кінуўся святкаваць чэмпіёнства ў турніры. Але футбалісты “Ураджаю” прыпынілі радасць, нагадаўшы, што маючы ў запасе тры ўдары, яны яшчэ маюць тэарэтычны шанец на падаўжэнне серыі. І цуд для ўраджаеўцаў сапраўды залунаў: брамнік каманды адбіў чацвёрты ўдар, але потым гарнякі не дазволілі сабе памыліцца і паставілі яскравую кропку з вынікам 4:3!
Званне лепшага варатара атрымаў Антон Коль (МФК “Шапэн”), лепшым іграком быў прызнаны Дзмітрый Юрчанка (“Гарняк”), бамбардзірам – Уладзімір Харланаў (ФСК “Ураджай”), нападаючым – Дзмітрый Шатырын (ФСК “Ураджай”), абаронцам – Аляксей Жарскі (“Гарняк”).
Уручыўшы трафеі, фундатар спаборніцтваў Аляксандр Галота, які ў гэты дзень выступаў за каманду “Прыпяць”, павіншаваў усіх з навагоднімі святамі і пажадаў спартсменам моцнага здароўя, дабрабыту і новых спартыўных поспехаў, дадаўшы, што турнір і надалей будзе збіраць сяброў і аматараў спорту.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о