Разам мы зможам многае

0
1093

Напярэдадні Новага года інтэрв’ю “Петрыкаўскім навінам” даў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан. Аляксандр Васільевіч расказаў пра свае першыя ўражанні ад Петрыкаўшчыны, падвёў вынікі года адыходзячага, падзяліўся планамі на будучы год, акрэсліў перспектывы, якія ў раёна маюцца, і адказаў на пытанні пра асабістае жыццё.

Разам мы зможам многае– Аляксандр Васільевіч, Ваша назначэнне старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама адбылося крыху больш за пяць месяцаў таму. Успомніце, калі ласка, якія эмоцыі перажылі, калі даведаліся, што наступным месцам працы будзе Петрыкаўшчына?
– Эмоцыі былі моцныя і розныя. Зразумела, было месца як радасна-ўзнёслым, так і трывожна-насцярожаным эмоцыям: з аднаго боку, Петрыкаў-шчына – рэгіён перспектыўны, з другога – мае шэраг праблем у сельскай гаспадарцы. Пагадзіцеся, толькі залішне самаўпэўнены чалавек не баіцца чагосьці новага, нязведанага, незразумелага. Таму, згадваючы сваё назначэнне, магу з упэўненасцю сказаць, што ў той час я адчуваў і страх перад новым, і адначасова моцнае жаданне нешта палепшыць, стварыць.

– Што вы ў той час ведалі пра Петрыкаў і ці бывалі тут раней?
– Вельмі мала для будучага старшыні райвыканкама (усміхаецца). Даводзілася бываць на фестывалі “Кліч Палесся”, які, канешне ж, уразіў і маштабам, і ўзроўнем арганізацыі.
Аднак па прашэсці пяці месяцаў з упэўненасцю магу сказаць, што ўжо зрадніўся з Петрыкаў-шчынай. Падабаецца прырода, увосень нават паспрабаваў “намацаць” грыбныя мясціны. Сам Петрыкаў – горад крокавай даступнасці, па ім можна перасоў-вацца без грамадскага транспарту і мне гэта вельмі падабаецца.
З’явілася любоў да горада. Можа, хтосьці палічыць гэту думку пафаснай, але я ўпэўнены, што без любові працаваць складана. Як можна не любіць сваю працу і хадзіць туды кожны дзень, разумеючы, што ты проста адбываеш час…
Петрыкаў – прыгожы, зялёны горад. Спадзяюся, што з маім удзелам ён стане яшчэ прыгажэйшым. Ва ўсякім выпадку я прыкладу дзеля гэтага ўсе намаганні.

– Вы ўзначалілі калектыў, які, па вялікім рахунку, атрымалі ў спадчыну ад папярэдняга кіраўніка раёна. Як вы ацэньваеце сваю каманду?
– Меркаванне пра каманду з часам памянялася. Мусіць, кожны новы кіраўнік упэўнены, што трэба быць рэфарматарам, нешта выбудоўваць па-свойму. Таму, прыйшоўшы, я ацэньваў каманду крытычна: прымуць мой стыль і тэмп працы ці не?
Але на сённяшні дзень каманда практычна не змянілася: за гэты час я зрабіў толькі некалькі кадравых назначэнняў на пасады, дзе ў большасці выпадкаў меліся вакансіі.
Ёсць, канешне, рабочыя моманты, аднак у цэлым каманда працаздольная і гатова да рашэння сур’ёзных задач.

– Аляксандр Васільевіч, што з задуманага рэалізаваць атрымалася, а што – не? І чаму не ўдалося?
– Прытрымліваюся думкі, што трэба крытычна ставіцца да вы-нікаў сваёй працы. Недарэмна народная мудрасць вучыць: не хвалі сябе, няхай іншыя гэта зробяць. Але, калі спыталі, адкажу. Напрыклад, святкаванне дзяржаўных і гарадскіх падзей, рэспубліканскіх, абласных і раённых акцый. Мы памянялі стаўленне да пазначаных мерапрыемстваў: нешта змянілі, нешта прыўнеслі, нямала папрацавалі, каб яны набылі масавы, народны характар. Спадзяюся, жыхары і госці гэта ацанілі.
На годным узроўні, па ацэнцы гасцей і ўдзельнікаў, адсвяткавалі чарговы міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.
Шмат працуем па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні горада і раёна. І хоць фінансаванне ў гэтай частцы пакуль пакідае жадаць лепшага, мы працягнем дадаваць і ў плане з’яўлення новых аб’ектаў, і ў капітальным рамонце існуючых.
Хацелася б больш увагі надаваць гарадскім дарогам, але пакуль толькі адну вуліцу адрамантавалі і на некалькіх зрабілі ямачны рамонт. Здавалася б, і завод свой маем, а дарогі не адпавядаюць узроўню раённага цэнтра. Яшчэ горш, на жаль, сітуацыя з дарожным пакрыццём на сяле.
Не ўсё з запланаванага ўдалося рэалізаваць у сельскай гаспадарцы. У гэтай галіне, адчуваю, працаваць давядзецца сур’ёзна і шмат.

– Якая, па Вашым меркаванні, асноўная праблема Петрыкава?
– Для кожнага чалавека яго праблема – самая асноўная, балючая і хвалюючая. Я гэта адчуў падчас правядзення прыёмаў грамадзян. Калі казаць пра тыя, што цікавяць усіх жыхароў, то ў наступным годзе больш актыўна зоймемся дарогамі, а таксама будзем перамяшчаць акцэнт на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый – нямала сёлета было скарг, заўваг і прапаноў ад насельніцтва.
Аднак вельмі разлічваю, што да агульнай справы навядзення парадку далучацца і жыхары шматпавярховак. Я ўпэўнены, грамадская ініцыятыва павінна падмацоўвацца асабістым укладам кожнага ў агульную справу. Усё вельмі проста: тады і берагчы будзем створанае разам, і падтрымліваць у належным стане.

– З якімі паказчыкамі раён падыходзіць да завяршэння 2022 года?
– Няпросты год. У галіне сельскай гаспадаркі ў першую чаргу. Сярэднеабласны тэмп росту паказчыка вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 94,5% (па выніках 11 месяцаў), раён мае 94,7%. За студзень-лістапад 2022 года атрымана прыплоду маладняка буйной рагатай жывёлы 7878 галоў, што меней адпаведнага перыяду мінулага года.
А вось прадукцыі свінагадоўлі атрымана 1756 тон – на 58 тон больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Расце і выручка на аднаго сярэдняспісачнага работніка сельскагаспадарчай галіны раёна. Па выніках 11-ці месяцаў яна склала 47,1 тысячы рублёў, а гэта на 28% вышэй узроўню 2021 года. На 19% вырасла заработная плата. Яе сярэдні памер у галіне – 972 рублі. У цэлым па раёне гэты паказчык складае 1282 рублі, пры росце за справаздачны перыяд 14,4%.
Нядрэнныя вынікі маем па асобных паказчыках у будаўнічай галіне. Так, з дзяржаўнай падтрымкай уведзена ў эксплуатацыю 4540 квадратных метраў жылля. Не можа не радаваць той факт, што за 11 месяцаў бягучага года 44 шматдзетныя сям’і палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Пры тым, што раёну было даведзена заданне палепшыць жыллёвыя ўмовы для 33 шматдзетных сем’яў.
Што да прамысловых прад-прыемстваў раёна, то райжылкамгасам і горна-абагачальным камбінатам за 11 месяцаў выраблена прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах на суму 192,4 мільёна рублёў, што ў 1,9 разы перавышае адпаведны перыяд мінулага года.
Не магу не сказаць некалькі слоў пра наша перспектыўнае, у недалёкім будучым градаўтвараючае прадпрыемства. Я ўпэўнены, што ў хуткім часе ГАК пачне працаваць на поўную магутнасць, яго прадукцыя будзе запатрабавана на сусветным рынку, што забяспечыць рост заработнай платы, а значыць, і дабрабыту грамадзян. Адпаведна, і на горадзе гэта адаб’ецца. Мы і сёння ўжо маем цудоўныя прыклады фінансавага ўдзелу прадпрыемства ў развіцці горада.
Хочацца сказаць пра тое, што трэба зрабіць, каб 2023 год стаў больш паспяховым для Петрыкаўшчыны ў цэлым.

– У такім выпадку, падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучы год.
– Планаў, шчыра кажучы, вельмі шмат. Па-першае, на належным узроўні адзначыць 500-годдзе Петрыкава. Ужо пачаў працаваць аргкамітэт, каб забяспечыць годнае святкаванне гэтай прыгожай даты.
Хацелася б, каб нашыя камунальнікі, у зоне адказнасці якіх жыллёва-камунальны дабрабыт насельніцтва Петрыкаўшчыны, не абмяжоўваліся навя-дзеннем і падтрыманнем парадку на цэнтральных вуліцах горада і ў грамадскіх месцах – трэба ісці далей: наводзіць парадак на дваровых тэрыторыях, ствараць новыя архітэктурныя формы, зоны адпачынку, разбіваць кветнікі.
Хвалюе мяне кар’ер у зоне былога цагельнага завода. Гэты аб’ект заслугоўвае ўвагі і, па маім меркаванні, павінен стаць добраўпарадкаванай сучаснай зонай адпачынку – вадаём маем, дадаць дарожак, альтанак, прадумаць асвятленне, азеляненне, некалькі лакацый спартыўнай актыўнасці… Аднак, зноў-такі, хацелася б убачыць у ролі рэалізатараў падобных праектаў моладзь, грамадскія арганізацыі і жыхароў раёна. Тады толькі аб’ект будзе запатрабаваны, калі кожны будзе да яго датычны.
Працягнем працу над асвятленнем населеных пунктаў раёна. Усяго раскрываць не хочацца, няхай для жыхароў нашага горада і раёна будзе паболей прыемных сюрпрызаў у новым годзе.
Вядома, мне вельмі хочацца, каб усе жыхары раёна атрымалі да Новага года хоць невялікую, але сваю ўпрыгожаную ёлку – не ва ўсіх ёсць магчымасць у навагоднюю ноч дабрацца ў райцэнтр. Гэта ўжо зона адказнасці старшынь сельвыканкамаў.

– Раскажыце пра сваю сям’ю, дзяцей. Як бавіце вольны час?
– Не сакрэт, што часу на сям’ю, канешне ж, не хапае, таму што ў маім працоўным графіку практычна не бывае выхадных. Але, у прынцыпе, я ўжо доўга працую ў такім рэжыме, на сур’ёзных пасадах, і сям’я звыклася з такім станам рэчаў. Мы з жонкай маем двух дарослых дзяцей: дачка працуе ўрачом, сын – спецыяліст ІТ-сферы. На радасць нам падрастае ўнук. На навагоднія святы чакаем іх у госці.
У вольны час адкрываем для сябе раён, раку Прыпяць, наваколлі горада, лясныя масівы. На Петрыкаўшчыне цудоўная прырода!

– Які распарадак дня ў старшыні райвыканкама?
– Устаю ў пяць гадзін раніцы і кладуся спаць амаль апоўначы. Штодзень. Нават у выхадны дзень паспаць болей не атрымліваецца. Абавязкова раблю зарадку. Што б там ні казалі, без зарадкі ніяк. Сняданак – і на службу. А там, нягледзячы на запланаваны спіс спраў у нататніку, усякі форсмажор магчымы.

– Аляксандр Васільевіч, дзякуй, што знайшлі час на размову. Якімі будуць Вашыя пажаданні землякам?
– Паважаныя жыхары раёна, карыстаючыся выпадкам, хачу кожнага з вас павіншаваць з надыходзячым Новым годам і Калядамі! Праз некалькі дзён 2022 год стане гісторыяй. Я ўпэўнены, што ў кожнага з вас з годам адыходзячым звязаны прыемныя, радасныя ўспаміны. Няхай жа год надыходзячы будзе не менш удалым і паспяховым і абавязкова прынясе спакой, паразуменне і дабрабыт у вашыя сем’і. Жадаю ўсім моцнага здароўя і поспехаў у справах! Каб усе вашыя пачынанні здзяйсняліся, каб пабольш было ўсмешак і радасці! З Новым годам, шаноўныя!

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о