Пераможцам у раённым спаборніцтве сярод арганізацый, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, за актыўную работу па эфектыўным прасоўванні турыстычнага патэнцыялу ў рэгіёне і за межамі, прызнана дзяржаўная прыродаахоўная арганізацыя “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Петрыкаўшчына запрашае

Напярэдадні ўрачыстасці ў гонар лепшых працаўнікоў раёна мы сустрэліся з генеральным дырэктарам Юрыем Апановічам, каб пагаварыць пра поспехі і дасягненні.
– “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” – унікальная прыродаахоўная ўстанова, якая акрамя прыродаахоўнай, ажыццяўляе навуковую, рэкрэацыйную, аздараўленчую, гаспадарчую і турыстычную дзейнасць, – пачаў аповед Юрый Апановіч. – Што да апошняй, то магчымасці экатурызму ў нас самыя разнастайныя, што называецца – на любы густ. Мяркуйце самі: сафары-парк і вальеры, экалагічныя тропы і маршруты, балотныя і водныя рэсурсы, помнікі прыроды рэспубліканскага значэння і экалогіі – усё гэта аснова самых разнастайных турыстычных маршрутаў і тураў, якія мы на сённяшні дзень прапануем сваім наведвальнікам.
Самымі запатрабаванымі сярод турыстаў варыянтамі актыўнага адпачынку, па словах Юрыя Аляксандравіча, з’яўляюцца паляванне і рыбалка.
– Штогод у паляўнічых угоддзях палююць госці з бліжняга і дальняга замежжа. Эпідэмічная сітуацыя за апошнія два гады ўнесла значныя карэктывы, якія істотным чынам адбіліся на ўзроўні прыбытку, аднак прыемна адзначыць, што ў мінулым годзе да нас вярнуліся нашы пастаянныя турысты – паляўнічыя з Галандыі і Італіі. Ёсць свае кліенты і на такі від актыўнага турызму як рыбалка. Аднак самае прыемнае, што актыўна па Беларусі пачалі падарожнічаць самі беларусы. У сённяшніх рэаліях нашыя туры самыя на-дзейныя – ніякія фактары па-за іх не адменяць. Што да самага папулярнага сярод беларускіх турыстаў туру, то гэта наведванне дэманстрацыйнай пляцоўкі “Музей прыроды”. На яго тэрыторыі размешчаны тры пляцоўкі, сярод якіх – маёнтак Дзеда Мароза. Абралі гэты турыстычны маршрут у мінулым годзе больш за 9 тысяч нашых турыстаў. Не менш папулярнымі былі і водныя экскурсіі “Прыпяць жывапісная” – 7,7 тысячы экскурсантаў пазнаёміліся з унікальным водным ландшафтам ракі Прыпяць, яго раслінным светам, птушкамі і іхціёфаунай. Ведаеце, любы з нашых турыстычных маршрутаў – гэта не толькі прыемнае баўленне часу, але і ўнікальная магчымасць пазнаваць, вывучаць і даследаваць гісторыю роднага краю. А турыстычны патэнцыял нашага раёна ў гэтым сэнсе надзвычай разнастайны. З’яўляюцца ў нас і новыя віды турыстычных паслуг. Так, аб’ектамі прамысловага турызму сталі прадпрыемствы дрэваапрацоўкі і пчалярства. Можна весці гаворку і пра гастранамічны турызм – 19,6 тысячы наведвальнікаў за год. Сёлета плануем “запусціць” сплавы на байдарках і экалагічны турызм.
Што да выніковых гадавых паказчыкаў, то агульны экспарт турыстычных паслуг за 2021 год склаў 108,6 тысячы долараў ЗША. За мінулы год нас наведала больш за 70 тысяч турыстаў.
Так, турыстычная галіна імкліва развіваецца і ўвесь час патрабуе новых ідэй. Таму пажадаем калектыву дзяржаўнай прыродаахоўнай арганізацыі “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” новых праектаў, якія будуць запатрабаваны ў турыстаў.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о