Першы ўкос траў праходзіць на Петрыкаўшчыне

0
668

У беларускіх аграрыяў час “зялёнага” жніва. Няма больш важнай і неадкладнай работы ў сельскіх працаўнікоў, чым нарыхтоўка кармоў. Першы ўкос шматгадовай травы, як вядома, толькі пачатковы этап нарыхтоўкі кармоў, і будзе працягвацца да глыбокай восені.

Першы ўкос траў праходзіць на ПетрыкаўшчынеКСУП “Запаветы Ільіча” адно з буйных у раёне сельхазпрадпрыемстваў па пагалоўю буйнай рагатай жывёлы: іх налічваецца 2500, таму і кармоў патрэбна шмат. За першы і наступныя ўкосы гаспадарка плануе нарыхтаваць 11000 тон сенажу і 1000 тон сена.
– На гэтыя мэты аддадзена 2000 гектараў зямлі, задзейнічаны дзесяць адзінак тэхнікі, – распявадае дырэктар гаспадаркі Людміла Гарошка. – На сённяшні дзень работы вядуцца на палетках Грабава. Тут жа ў населеным пункце закладваюцца першыя траншэі. Ужо нарыхтавана 1200 тон зялёнай масы: закладзена адна яма, другая – амаль поўная.

Людміла Мікалаеўна не хавае: планы на першы ўкос былі больш смелыя. Складаная выдалася сёлетняя вясна для аграрыяў, нізкія начныя тэмпературы, адсутнасць дажджоў доўгі час – фактары, якія паўплывалі на рост расліннасці. Сёння, галоўнае праводзіць скошванне на якасным узроўні, граматна закладваць сенаж. Дырэктар запэўнівае: у гаспадарцы нямала робіцца для дасягнення выніку. Сельгаснікі працуюць зладжана, разумеюць адказнасць, не лічацца з асабістым часам.

У гэтым журналісты раёнкі пераканаліся пабываўшы на кармавых палетках. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, праца па загатоўцы зялёнай масы не спынялася. Працэс наладжаны дэталёва: пакос, адвозка, трамбоўка – кожны выконваў сваю функцыю ў складзеным працоўным ланцужку. Нягледзячы на бесперапынны працоўны рытм, нам удалося пагутарыць з механізатарам Яўгенам Макоўскім.
– На нарыхтоўцы кармоў за-дзейнічаны з першага чэрвеня, прытым першы сезон на новай для мяне тэхніцы. Працуем увесь светавы дзень: з 8 да 20 гадзін. Сам родам з Вялікіх Сялюціч. Падвоз да месца працы арганізаваны. Наконт умоў працы – пытанняў да кіраўніцтва няма. Шчыруем з настроем і разуменнем важнасці справы. Уражай травы месцамі радуе, але бываюць участкі, дзе зямля не аддала сваю моц”.
Работу на зямлі малады чалавек добра ведае. У свой час пасля заканчэння Грабаўскай школы ад гаспадаркі прайшоў навучанне на вадзіцеля і застаўся на малой радзіме. Аграрый кажа: працы не баюся, душа ляжыць да ўсіх работ у полі. Проста трэба старацца і ўсё атрымаецца.

Механізатары разумеюць, што ад хуткага і якаснага правядзення ўборкі траў залежыць, якімі будуць у гаспадарках малочныя і мясныя прывагі, а значыць дабрабыт землякоў.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о