У суботу адбыўся апошні, 33 тур першай лігі футбольнага чэмпіяната Беларусі. Пераможца турніру – дзяржынскі “Арсенал”, датэрмінова забяспечыў сабе першае месца ў другім дывізіёне, набраўшы недасягальную для астатніх клубаў колькасць ачкоў. У перадапошнім туры да канца чэмпіяната канчаткова прапісалася на другім радку турнірнай табліцы і бабруйская “Белшына”. Становішча клубаў з трэцяга па восьмае месцы футбольнага “табеля аб рангах” заставалася хісткім: амаль кожная каманда тэарэтычна магла ўзняцца на радок вышэй. Амаль кожная, акрамя петрыкаўскага “Шахцёра”…

Пацярпелі паражэнне,  але засталіся на сёмым месцыРозніца паміж “калійнай” дружынай, што была на сёмым месцы, і гомельскімі “чыгуначнікамі”, што на шостай пазіцыі, складала 5 ачкоў. Але на пяты жоўта-чорным наступалі “нафтавікі”, якія адставалі ад “салевікоў” на два балы. У апошняй гульні “Шахцёр” прымаў моцнага саперніка – мінскіх “Крумкачоў”. А вось “Нафтану”, здавалася, будзе прасцей, бо каманда гуляла на выездзе з апанентам-аўтсайдзерам – футбольным клубам “Ліда”. Акрамя гэтага, перамога для мінскіх гасцей, што накіроўваліся ў Петрыкаў, была неабходная, нібы паветра: тры ачкі пакінуць мінчан на трэцім радку табліцы, што дазволіць паспрачацца за пуцёўку ў вышэйшую лігу. Гэта матывацыя стварала ўражанне, што петрыкаўская дружына не здолее захаваць за сабой сёмае месца. Адзінае, на што спадзяваўся ўласна я: “Шахцёр” дасць “Крумкачам” сапраўдны бой, а як скончыцца матч – справа другая.

Каманды пачалі гульню з высокага тэмпу. Жоўта-чорныя спачатку праверылі абарону, потым брамніка “Крумкачоў” і ў час стандарта на 9-й хвіліне здолелі выйсці наперад! Мяч пасля ўдару Івана Юрына адскочыў ад “сценкі”, але нападаючы першым падаспеў на падбор і адправіў круглага да левага кута варатарскай пляцоўкі, дзе снарад чакаў Ігар Моніч – 1:0.

Зразумела і “Крумкачы” не хацелі саступаць у супрацьстаянні. Праз пэўны час пасля забітага мяча “Шахцёр” прасеў, чым і скарысталіся госці. Некалькі небяспечных штурмаў урэшце скончыліся выдатна разыграным вуглавым на 31-й хвіліне: закід злева знайшоў нападаючага крумкачоў, які пераправіў мяч на галаву таварыша па камандзе. Аляксей Станкевіч ледзь паспеў развярнуцца і правесці снарад позіркам.
“Шахцёр” ачуняў і арганізаваў некалькі атак, але шчыльная абарона “Крумкачоў” не давала прасторы для манёўру гаспадарам.

Другая палова гульні сваім пачаткам нагадвала першую. “Калійшчыкі” зноў усімі сіламі кінуліся ў атаку, стварылі некалькі вострых момантаў, але зноў прапусцілі, калі навес з вуглавога замкнуўся ўдарам галавы саперніка на 60-й хвіліне. Гаспадары не супакойваліся і падчас чарговага штурму, перадача з цэнтра поля легла акурат на нагу Уладзіміру Старасціну – 2:2.

Ціск “Шахцёра” працягваўся, футбалісты намагаліся выкарыстаць кожны момант, але паднялі абароты і “Крумкачы”, што прагнулі запаветнай перамогі. Тэмп гульні не спадаў да фінальнага свістку. І вось, на 87-й хвіліне абаронца гаспадароў перапыніў перадачу атакі з правага флангу, але мяч адскочыў пад нагу футбаліста сапернікаў – 2:3.

Менавіта такой гульні я і чакаў. Ведаеце, праз год-два мала хто ўзгадае, на якім там месцы завяршыў “Шахцёр” сезон 2021 года, а вось сапраўдная футбольная баталія, якасць гульні гэтага матча, спадзяюся, надоўга застануцца ў памяці заўзятараў.
У гэтай футбольнай напрузе большасць і забылася на тое, што “салевікі” яшчэ маюць шанец застацца на сёмым радку, калі “Ліда” абыграе “Нафтан”. У перапынку паміж таймамі калектыў з Гродзеншчыны саступаў з лікам 0:1. Але якое ж было здзіўленне, калі выні-ковыя лічбы матча казалі пра паражэнне футбалістаў з Наваполацку. “Ліда” здолела дагнаць і абагнаць апанента, не аддаўшы “нафтавікам” у тым супрацьстаянні ніводнага ачка, “грукнуўшы дзвярыма” напрыканцы сезона. Брава!

Такім чынам, трэцяе месца засталося за “Крумкачамі” і мінчане забяспечваюць сабе стыкавыя матчы за права выхаду ў вышэйшую лігу з мозырскай “Славіяй”, якая, нагадаем, заняла ў эліт-ным дывізіёне 14-е месца (ці трэцюю пазіцыю з канца).
Чацвёрты і пяты радкі турнірнай табліцы другога дывізіёну занялі пінская “Хваля” і магілёўскі “Дняпро” адпаведна. Шостымі, сёмымі і восьмымі скончылі чэмпіянат “Лакаматыў”, “Шахцёр” і “Нафтан”. Ніжэй па парадку размясціліся “Орша”, “Баранавічы”, “Ліда” і “Слонім-2017”.

Ці годны вынік паказаў “Шахцёр”? Зыходзячы з таго, што сярэдзіна сезона была для клуба, шчыра кажучы, правальнай, то вынік заканамерны. У чым тут справа? На мой погляд, нават не ў памылках, якія я неаднаразова пералічваў, а, хутчэй, у нежаданні ці адсутнасці магчымасці іх выправіць. Калі ўзровень індывідуальнага майстэрства – гэта пытанне часу, то вось грубая гульня ў сваёй штрафной – хутчэй дрэнная звычка, якая прыводзіла да пенальці. Няўменне гуляць на ўтрыманне ліку таксама нічым не кампенсавалася, таму ў шэрагу гульняў прыходзілася спадзявацца на выпадак і тануць ва ўласнай абароне. Нялішнім будзе адзначыць у гэтым “чорным спісе” і тактычную беднасць: ці багата момантаў можна ўзгадаць, калі пакінуць за дужкамі майстэрства хуткага Моніча, эксперта ў гульні галавой Зуевіча і тэхнічнага Малкандуева? Апошні, дарэчы, і да сёння адчувае наступствы траўмы. Са станоўчага боку нельга не адзначыць узмацненне абароны “калійшчыкаў”. Ды і ўвогуле гульня пачала выглядаць больш зладжанай.

У выніку, рэзюмэ маё даволі сціплае: вынік як раз па гульні клуба. “Шахцёр” знайшоў сваё месца ў першай лізе, даказаў, што можа змагацца і перамагаць. Засталося толькі выпраўляць памылкі і ўзмацняцца.

Я, у сваю чаргу, дзякую футбалістам, заўзятарам і арганізатарам за сезон. Буду намагацца не пакідаць вас, шаноўныя прыхільнікі футбола, без навін, тым больш, што клубы з усіх дывізіёнаў у міжсязонцы будуць падкідаць інфармацыйныя падставы.
Усім футбола і да новых сустрэч на старонках “Петрыкаўскіх навін”!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о