На пачатак гэтага тыдня ў ААТ “Камаровічы” прыбралі каля 70% з 1250 гектараў плошчаў кукурузы. Нарыхтавана 12,2 тысячы тон сіласу. Мяркуецца, што да 20 кастрычніка ўборка гэтай культуры будзе завершана. Такую інфармацыю паведаміла дырэктар прадпрыемства Ларыса Талецкая.

Сёлета ў гаспадарцы таксама нарыхтавана 952 тоны сена і 7490 тон сенажу. На 2088 адзінак умоўнага пагалоўя нарыхтавана 6350 тон умоўных кармавых адзінак прадукцыі. А гэта значыць, што на кожную рэальную адзінку худобы нарыхтавана больш за 30 цэнтнераў корму.

Дасканалы разлік робіць працу выніковай
Яўген Байкоў (злева) змяняе пасяўны агрэгат на зернеўборачны камбайн толькі ў час жніва зерневых культур. Вячаслаў Майсюк (справа) – трэці ў сямейнай дынастыі механізатараў
Дасканалы разлік робіць працу выніковай
Кукуруза – культура Андрэя Майсюка. Вясною заняты на яе сяўбе, увосень – на ўборцы

– З 23 жніўня мы прыступілі да ўборкі кукурузы, – расказала Ларыса Талецкая. – Яшчэ 50 гектараў гэтай культуры плануем убраць на зерне – пойдзе на корм цялятам і ў разлік за камбікорм на камбінат хлебапрадуктаў. Па выніках мінулых зімовак цяпер зрабілі пэўныя высновы: неабходна болей нарыхтоўваць сіласу. Як мінімум, патрэбен гадавы яго запас. Кукуруза, якая ідзе з поля адразу на корм, не мае патрэбнай пажыўнай каштоўнасці для жывёлы. Гэтаму зялёнаму корму патрэбна адляжацца як мінімум месяц. Так і зрабілі цяпер. Некалькі тыдняў таму пачалі карміць тым першым сіласам, які мае ўжо патрэбную пажыўнасць. Мяркуем, што на сёлетнім запасе кукурузнага сіласу пратрымаемся да наступнага верасня.
Следам за кормаўборачным камбайнам на палетках гаспадаркі ідзе пасяўны агрэгат. На зерне ўраджаю наступнага года пасеяна 535 гектараў трыцікале і 490 гектараў жыта. Тое, што пасеюць пазней, плануецца пусціць на зялёны корм. Усяго ж даведзена заданне ў 1500 гектараў зерневых.
Кіраўнік гаспадаркі расказала, што сёлета ў час позніх чэрвеньскіх прымаразкаў загінула тры чвэрці яравога аўсу з тысячы гектараў пасеянага. Таму сёлета вырашана большы ўпор зрабіць на азімыя культуры. Ларыса Адамаўна запэўніла, што яны лепш захоўваюцца і па выхадзе маюць меншы сабекошт.
– Асенняя сяўба – эканамічна эфектыўная, – тлумачыць дырэктар. – Мы не ведаем, якая будзе вясна і не хочам зноў рызыкаваць. 80% нашых земляў – тарфянікі, таму, зразумела, і пакутуюць ад марозаў яны першымі. Да таго ж мокрая вясна не пускае тэхніку ў поле – гразка. Частка земляў знаходзіцца ў пойме Арэсы і калі разліваецца рака, сяўба запавольваецца. А азімым культурам мокрая вясна толькі на карысць. Сёлетняя ж восень дазваляе сеялкам выйсці ў любое поле. Праўда, сухмень, якая здарылася ў верасні, не дае збожжавым раўнамерна ўсходзіць. Спадзяёмся, што дажджы апошніх тыдняў і тэмпература паветра вышэй звычайнай кліматычнай нормы выправяць сітуацыю.

Навучаныя ў гаспадарцы і з кармамі, на якія звычайна даводзіцца разлічваць у маі. Адмовіліся ад рапсу на карысць свірэпіцы – яна лепш захоўваецца ў вясеннія маразы. Сёлета гэтай культуры тут пасеялі 193 гектары.

Па апошняй справаздачы, якая адбылася напачатку кастрычніка, ААТ “Камаровічы” на 96,5% выканала прагнозныя паказчыкі па выпуску валавай прадукцыі за 9 месяцаў: раслінагадоўля – 100,4%, вырошчванне жывёлы – 97,6%, па надоях малака – 96%. Прычынай таго, што не выйшлі на планавыя паказчыкі, Ларыса Талецкая лічыць недахопы кармавой базы. Памылкі цяпер улічаны, зроблены патрэбныя эканамічныя разлікі. У тым ліку прыняты пэўныя гаспадарчыя меры. На ферме ў Заполлі худоба была адпраўлена на адгонныя пашы, а ў хлявах зроблены вялікі рамонт. Памяшканні пераабсталяваны на мяккую падсцілку – гэта дазволіць значна знізіць энергетычныя і фінансавыя затраты на чыстку хлявоў. Старая сістэма гноевыдалення патрабавала частых рамонтаў і спажывала многа электраэнергіі. Пераабсталявана і сістэма водапаення, што дасць значную эканомію не толькі вады, але і энергетычных выдаткаў на яе.

– Трэба пралічваць кожную капейку, – упэўнена гаворыць Ларыса Адамаўна. – Тады і аддача ад намаганняў кожнага працаўніка будзе максімальная.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о