“Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць”

0
1491

На мінулым тыдні ў абласным цэнтры прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і пераможцаў рэгіянальнага этапа маладзёжнага конкурса “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць”, агранізаванага Генеральнай пракуратурай. У ліку пераможцаў – вучань Бабуніцкай сярэдняй школы Андрэй Раўкоўскі.

“Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць”

На цырымоніі ўзнагароджання, якая прайшла ў Гомельскім абласным музеі ваеннай славы, пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў падзякаваў пераможцам, іх педагогам за праведзеную працу: “Вы не проста па кнігах, па музеях бралі інфармацыю, а пайшлі да жывых людзей, да відавочцаў”, – падкрэсліў пракурор вобласці.

Наш юны зямляк,11-класнік ДУА “Бабуніцкая сярэдняя школа” Андрэй Раўкоўскі пераможца ў намінацыі “Лепшае даследаванне”, падрыхтаваў работу “Нясцерпны боль і крык душы вязняў Бабуніцкага сельскага Савета Петрыкаўскага раёна”. У сваім даследаванні Андрэй перадаў успаміны вывезеных у гады вайны ў Германію вяскоўцаў. Так, Ганне Палтаран было 11 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вясною 1944 года Ганну Фамінічную вывезлі ў Германію для рабскай працы. “Хлеба выдавалі мала, ды і не кожны раз. Выдадуць раніцай кавалак, а ён на ўвесь дзень. Ты трымаеш яго на далоні – сліна цячэ, і думаеш: з’есці яго зараз ці пакінуць на вечар? Часта плакалі не толькі ад пачуцця моцнага голаду, але і пекла фізічнага і маральнага здзеку. Нас трымалі ў страху. І каб спыніць плач, немцы прымушалі нас скакаць жабкай”, – падзялілася з юным даследчыкам страшнымі ўспамінамі са свайго, без перабольшання, рабскага мінулага жанчына.

“Што да конкурсу, то ён быў прымеркаваны да Году міра і стварэння, а таксама 80-годдзю пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праводзіўся па трох намінацыях: “Лепшае даследаванне”, “Лепшае эсэ”, “Лепшы відэаролік”. Мы змагаліся за перамогу ў намінацыі “Лепшае даследаванне” ў ліку 26-ці прэтэндэнтаў, а гэта не толькі вучні, але і студэнты, а таксама аўтарскія калектывы з усёй Гомельшчыны. Сур’ёзны ўзровень мелі ўсе заяўленыя работы, тым каштоўней наша перамога, – пазначыў у час размовы Андрэй. – Я шчыра дзякую за дапамогу і падтрымку свайму навуковаму кіраўніку Валянціне Іванаўне Некрашэвіч. Гераіням – за балючыя ўспаміны і бязлітасную праўду пра гады фашысцкай акупацыі. Гэта, бясспрэчна, наша агульная перамога”.

Пракурор раёна Сяргей Таболіч у размове з нашым карэспандэнтам пазначыў, што вельмі важна, каб сучасныя пакаленні ведалі пра тое, што перажылі іх продкі ў гады ваеннага ліхалецця, як гінулі людзі, як карнікі бязлітасна спальвалі цэлыя вёскі”. Ва ўстановах адукацыі раёна такая работа праводзіцца на належным узроўні, а перамога вучня Бабуніцкай школы – яркае сведчанне таго, што інтарэс і паглыбленасць навучэнцаў у дадзеную тэму сур’ёзныя і грунтоўныя”, – дадаў Сяргей Таболіч.

Галіна КАЗАК.
Фота “ГП”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о