Пазнаёміцца з сённяшнім героем мне хацелася даўно, і калі даведалася пра яго планы наведаць Петрыкаў у 500-гадовы юбілей горада – прыклала ўсе намаганні, каб наша сустрэча адбылася. Імя ўраджэнца нашага раёна добра вядомае сярод навуковай супольнасці не толькі нашай краіны, але і далёка за яе межамі. Яго даследчыцкая дзейнасць, кіраўніцтва калектывам дазваляюць айчыннай навуцы ісці ў нагу з перадавымі сусветнымі адкрыццямі ў вобласці хімічных распрацовак, а часам – і наперадзе. Знаёмцеся – кандыдат хімічных навук, дацэнт, дырэктар вучэбна-навуковага прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ” Павел Бычкоўскі.

– Ваша станаўленне як асобы, вызначэнне прафесійнага накірунку адбывалася на Петрыкаўшчыне. Хто паўплываў на Ваш светапогляд, выбар жыццёвага шляху?
– Характар фарміраваўся на годным прыкладзе маіх бацькоў, людзей, якія мяне акружалі: іх увазе да блізкіх, любові да роднай зямлі, павазе да працы. Мая малая радзіма – вёска Шастовічы, да нядаўняга часу Петрыкаўскага раёна. У сталіцы я жыву ўжо больш за трыццаць гадоў. Па родзе дзейнасці бываю ў краінах блізкага і далёкага замежжа, і з упэўненасцю магу сказаць, што Беларусь – найпрыгажэйшая краіна з вялікім патэнцыялам і магчымасцямі.
Не забываю родную вёску і прыязджаю пры першай магчымасці. Гэтая зямля мне блізкая, яна падсілкоўвае асаблівай энергіяй, дорыць цёплыя ўспаміны, нагадвае пра мудрыя навучанні продкаў. Захапленне дакладнымі навукамі прывілі мне настаўнікі – спачатку мясцовай школы, потым – Глініцкай, Мазырскага раёна, у якой я атрымліваў атэстат сталасці. Будучы навучэнцам, я першапачаткова больш праяўляў цікавасць да царыцы навук – матэматыкі. У класе восьмым паспрабаваў сілы ў алімпіядным руху па хіміі. Уласныя вынікі натхнілі, захацелася вывучаць прадмет паглыблена. Пачаў набываць больш сур’ёзную літаратуру. Унікаў усё глыбей і глыбей у хімічныя працэсы, адкрываючы для сябе свет эксперыментаў, нязведаных магчымасцяў. Зразумела, пасля школы я абраў хімічны факультэт БДУ.

– Універсітэт стаў для Вас не толькі месцам атрымання ведаў, а і рэалізацыі творчых планаў?
– Так. З БДУ звязана маё прафесійнае, навуковае жыццё. Пачынаў тут інжынерам, прайшоў шлях малодшага, потым старшага навуковага супрацоўніка, абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата хімічных навук, займаў кіруючыя пасады аддзелаў. Але заўсёды на асаблівым месцы – лабараторныя даследаванні, адкрыццё новых, а галоўнае неабходных грамадству рэчываў. Ужо дзесяць гадоў я ўзначальваю “Унітэхпрам БДУ” – прадпрыемства са статусам навукова-тэхналагічнага парка. Наш калектыў займаецца распрацоўкай і ўкараненнем у вытворчасць лекавых прэпаратаў і фармацэўтычных субстанцый, інгрэдыентаў для харчовай прамысловасці, сучасных хіміка-аналітычных і сацыяльных тэхналогій, вытворчасцей вымяральнага абсталявання, прыбораў медыцынскага прызначэння. Мы выязджаем у медыцынскія ўстановы, наведваем айчынныя фармацэўтычныя заводы, праводзім даследаванні, каб ведаць сітуацыю знутры і працаваць у звязцы і па прызначэнні. У апошні час мы актыўна працуем над укараненнем арыгінальных супрацьпухлінных лекавых прэпаратаў, медыцынскага абсталявання. Намі распрацаваны комплексы для харчавання цяжарных і кормячых жанчын, харчовыя дабаўкі для пякарнай, мясной, кандытарскай галіны, вытворчасці напояў.

– Не так даўно Прэзідэнт краіны наведваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Вы прэзентавалі працу “Унітэхпрама”. Якія задачы перад калектывам ставіць кіраўнік дзяржавы?
– Галоўная задача – навука не павінна стаяць на месцы, а прапаноўваць грамадству новую, неабходную, якасную прадукцыю, шукаць інавацыйныя вырашэнні пытанняў. Сёння важна яшчэ больш удасканальваць айчынную фармацэўтычную вытворчасць, каб забяспечыць жыхарам лекавую бяспеку. Патрэбна быць запатрабаванымі і канкурэнтаздольнымі. Усе гэтыя задачы мы імкнемся выконваць. Прадукцыя нашага парка абаронена патэнтамі, многія арыгінальныя прэпараты прадстаўлены на міжнароднай арэне, дзе запатрабаваны. Распрацоўкі нашых вучоных высока ацэньваюцца ў рамках Міжнароднай выставы “Высокія тэхналогіі. Інавацыі. Інвестыцыі”. Мы – актыўныя выканаўцы дзяржаўных праграм па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі.

– Павел Міхайлавіч, Вы аўтар больш за 250 навуковых работ маеце 28 ? патэнтаў на вынаходніцтвы, суаўтар больш за 20 вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Маеце мноства ўзнагарод, з якіх – “Заслужаны работнік БДУ” “Выдатнік аховы здароўя”, “Выдатнік адукацыі”, “Мінчанін года”, Якімі працамі ці ўзнагародамі Вы ганарыцеся больш за ўсё?
– Вядома, прыемна, што я атрымліваю прызнанне сваёй дзейнасці ад дзяржавы, грамадства, што мае метадычныя распрацоўкі служаць дапамогай для пачынаючых вучоных. Але ў першую чаргу я ганаруся, што стаў карысным грамадству, што разам з калегамі роблю жыццё насельніцтва больш камфортным, абароненым і ўпэўненым. У гэтым, калі хочаце, праяўляецца мой патрыятызм да роднай Беларусі, карані якога, безумоўна, закладзены на малой радзіме, на любімай мне Петрыкаўскай зямлі.

– Што Вы пажадаеце райцэнтру з нагоды юбілею і землякам у гэты святочны дзень?
– Я нарадзіўся і вырас на Петрыкаўшчыне і лічу яе сваёй роднай зямлёй. Першы горад які я ўбачыў у сваім жыцці – быў Петрыкаў. Як зараз памятаю тыя вуліцы, кірмаш, пабудовы. Горад за апошні час змяніўся і прыгажэе з году на год. Тут ёсць усё неабходнае для годнага жыцця. Няхай так будзе і далей. Жыхарам раёна жадаю здароўя, міру, радасці і разумення таго, што сваю малую радзіму патрэбна развіваць працай. Людзі – творцы свайго дабрабыту, упэўненай будучыні.

– Дзякуй за сустрэчу, Павел Міхайлавіч! Ведайце, Петрыкаўшчына ганарыцца такім таленавітым сынам. Жыхары сочаць за Вашымі дасягненнямі і інавацыйнымі распрацоўкамі ў галіне медыцыны. Я думаю, мяне падтрымаюць усе петрыкаўчане – Вы жаданы госць на нашай зямлі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о