Пэўна не будзе перабольшваннем, калі скажу, што будаўнічая галіна – адна з галін, па якой пазнаюць беларусаў. В даўніх часоў дойлідаў з беларускіх земляў запрашалі да будаўніцтва замкаў, палацаў, храмаў. Пэўна, нацыянальныя рысы характару нашых людзей выдатна стасуюцца з патрэбнымі прафесійнымі якасцямі спецыялістаў стваральнай працы.

Мы тэрмінова прыязджаем да дырэктара філіяла БМУ № 84 “Сельэнергамантаж” Валянціна Казелькі, калі ў яго выпадае некалькі вольных хвілін паміж справамі. Яно і не дзіва, калі спецыялісты будаўнічай арганізацыі працуюць на аб’ектах горада і Петрыкаўшчыны, Жыткавіччыны і Салігоршчыны, а кіраўніцтва заключае новыя дамовы, у тым ліку з арганізацыямі нашага раёна.
У БМУ № 84 працуюць мясцовыя: “Зараз мы, разам з камунальнікамі, выконваем падрадныя работы па капітальным рамонце дома № 7 па вуліцы Акадэміка Каралёва. Работы разнастайныя, усё ж у будынку будзе поўнасцю абноўлены камунікацыі водазабеспячэння, водаадвядзення, ацяплення, а таксама поўнасцю заменена кроўля даху”, – адзначыў Валянцін Уладзіміравіч.

На замене стаяку водаправоду працуе Арцём Хамец. Я абяцаю маладому чалавеку, што не займу ў яго багата часу, завязваецца гутарка: “Я родам з суседняй вёскі Макарычы. З дзяцінства мне было даспадобы будаўніцтва – паспрыяла гэтаму выхаванне бацькоў у павазе да працы ды і жыццё ў сельскай мясцовасці.

Калі я навучаўся ў старэйшых класах, наша сям’я перабралася ў Петрыкаў. Пасля заканчэння першай гарадской школы пытання “кім быць?” не ўзнікла – я паступіў у Гомельскае ПТВ № 133 і атрымаў будаўнічую спецыяльнасць. Спачатку працаваў у сельскагаспадарчай галіне, потым адслужыў тэрміновую службу ва Узброеных Сілах, а пасля, у 2016 годзе, уладкаваўся БМУ № 84”.
У шматкватэрніку па вуліцы Акадэміка Каралёва Арцём Артуравіч разам з калегамі займаецца заменай камунікацый водаадвядзення: на момант нашага наведвання ён займаўся ўсталяваннем апалубкі паміж паверхамі.

Добра ідуць справы не толькі на аб’екце. Арцём – чалавек сямейны, пяць месяцаў таму ў яго сям’ю прыйшло вялікае шчасце – нарадзілася дачушка. На пытанне, чым займаецеся ў вольныя гадзіны, у майго суразмоўцы на вуснах з’яўляецца ўсмешка: “Я ж казаў, што захоплены будаўніцтвам, таму яно не прыпыняецца ў мяне і па-за працоўным месцам. У якасці загараднай сядзібы ў нас засталася бацькоўская хата – так бы мовіць, другі мой будаўнічы аб’ект. Ведаеце, мне падабаецца набірацца вопыту, спрабаваць сябе ў розных будаўнічых напрамках. Прыемна займацца стваральнай справай.
Ну а калі вас цікавіць: “што ў будаўніцтве здаецца мне самым складаным?”, то лічу, што гэта навучанне новаму.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о