Днямі ў зале раённага Дома культуры адбылося пасяджэнне Савета Петрыкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Пра дзейнасць петрыкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў у 2022 годзе і пра задачы на бягучы год праінфармавала старшыня раённага аб’яднання Галіна Шчэрбак.

Галіна Валянцінаўна ў сваім дакладзе акцэнтавала ўвагу на тым, што прафсаюзы знаходзяцца на перадавой усіх найважнейшых для людзей пытанняў. Гэта і занятасць, і заработная плата, і сацыяльныя гарантыі, і ў цэлым абарона сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў.

Дарэчы, у прафсаюзных шэрагах Петрыкаўскага раёна знаходзяцца 9020 чалавек. Склад раённага аб’яднання прафсаюзаў – гэта 109 першасных, 4 раённыя прафсаюзныя арганізацыі, 11 прафгруп, якія прадстаўляюць 15 галіновых прафсаюзаў, прафсаюзнае членства засталося стабільным – 99,3%.

“На працягу ўсяго справаздачнага перыяду на прафсаюзным кантролі была своечасовасць выплаты заработнай платы, рэалізацыя сацыяльных гарантый у арганізацыях раёна, працаўладкаванне грама-дзян, – сказала Галіна Шчэрбак. – У 2022 годзе ў раённае аб’яднанне паступіла 2 пісьмовыя звароты, вусна звярнулася 27 чалавек па 31-ым пытанні.

За мінулы год членам прафсаюза вернута больш за 3800 беларускіх рублёў незаконна ўтрыманых або нявыплачаных сродкаў. Па дадзеным паказчыку раён займае 2 месца ў вобласці. На сістэмнай аснове праводзілася работа па ажыццяўленні кантролю за выкананнем наймальнікамі заканадаўства аб працы і выкананні калектыўных дагавораў”.

Што тычыцца задач, то ў прафсаюза іх мноства.

“Адна з галоўных – усе напраўленні прафсаюзнай працы, ад калектыўнай дамовы да аздараўлення, павінны быць рэалізаваны ў кожнай арганізацыі. Неабходна забяспечыць падтрымку працоўных і творчых ініцыятыў, справядлівую ацэнку ўкладу кожнага работніка ў развіццё прадпрыемства, аказваць дапамогу тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, – усе гэтыя напрамкі работы прафсаюзаў у Год міру і стварэння набываюць асаблівае значэнне”, – адзначыла прафсаюзны лідар.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Касінскі канстатаваў, што колькасць прафсаюзаў на Гомельшчыне пастаянна павялічваецца, сёння гэта больш за паўмільёна чалавек. За 2022 год удалося знізіць траўматызм на вытворчасці, але ў гэтым напрамку яшчэ ёсць над чым працаваць.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі Тамара Басюк засяродзіла ўвагу на тым, што ў сістэме адукацыі раёна асаблівая ўвага надаецца арганізацыі аздараўлення работнікаў і турысцка-экскурсійнай дзейнасці. Паводле яе слоў, летась толькі на частковую кампенсацыю кошту санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення ў прафсаюзных здраўніцах са сродкаў прафсаюза было накіравана больш за тры тысячы рублёў.

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Бруцкая расказала, што прафсаюзы ўсё шырэй выкарыстоўваюць рэсурс сацыяльных сетак і мэсэнджараў, дзякуючы якім можна хутка данесці патрэбную інфармацыю. Шырока праца арганізацыі прадстаўлена на інтэрнэт-партале 1prof.by, у пабліках папулярных сацсетак ВКонтакте, Інстаграм і Аднакласнікі, мэсэнджары Telegram.

Намеснік старшыні Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Сянько падкрэсліла, што супрацоўніцтва мясцовай улады і прафсаюза нязменнае ўжо шмат гадоў. Дзякуючы такому фармату, грамадзяне нашага раёна могуць аператыўна вырашыць многія праблемы.

Прыемным момантам пасяджэння стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшую першасную арганізацыю.
Дыпломам І ступені ўзнагароджана прафсаюзная першасная арганізацыя ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці горада Петрыкава”, дыплом ІІ ступені ў першаснай арганізацыі дзяржаўнага прад-прыемства “Петрыкаўскі райжылкамгас”, дыплом ІІІ ступені – у ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Скончылася сустрэча музычнымі і танцавальнымі нумарамі работнікаў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Петрыкава.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о