Падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ – стратэгічная задача

0
783

У сельгаспрадпрыемствах раёна актыўна ідзе падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной-2023. Карэспандэнт “ПН” пацікавіўся, як ажыццяўляецца гэта работа.

“Зразумела, што ў першую чаргу прыводзяцца ў парадак сельгасмашыны, якія будуць удзельнічаць у пасяўной кампаніі, – пачаў галоўны спецыяліст інтэнсіфікацыі АПК Аляксей Доўгі. – У прыватнасці, гэта энерганасычаныя трактары, гатоўнасць якіх сёння складае 85%, і звычайныя трактары, гатоўнасць якіх складае 88 %”.

Па словах галоўнага спецыяліста, камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты гатовы на 64 %, культыватары – на 83 %, машыны для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў – на 78%. Гатоўнасць збожжавых сеялак складае 100 %.

“Неабходна ўзмацніць працу па падрыхтоўцы камбінаваных пасяўных агрэгатаў, якія гатовы на 64%. Сеялак для сяўбы кукурузы з цяперашняй гатоўнасцю 72 %. За рамонтны перыяд 2022-2023 адрамантавана 117 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Яны поўнасцю гатовы да вясенне-палявых работ. Гэта плугі, культыватары, пасяўныя агрэгаты, сеялкі, машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў, машыны для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў, камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты.

Падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ ідзе ва ўсіх гаспадарках, праўда, не аднолькава эфектыўна. Адны гаспадаркі ўжо завяршылі рамонт тэхнікі, а другім яшчэ трэба прыкласці намаганні. Так, Петрыкаўскім Аграсэрвісам адрамантавана 5 энерганасычаных трактароў, 3 яшчэ знаходзяцца на рамонце.

З раённага бюджэту ў студзені выдзелена 156 тысяч беларускіх рублёў на рамонт і тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў. У сакавіку бягучага года для завяршэння рамонту сельгастэхнікі і выкупу яе з рамонтных арганізацый для ўдзелу ў веснавой палявой кампаніі выдзелена з абласнога бюджэту 482 тысячы беларускіх рублёў”, – сказаў галоўны спецыяліст.

Аляксей Доўгі звярнуў увагу, што сёння галоўнае – правільная арганізацыя работ і іх паслядоўнасць, выключнае выкананне ўсіх тэхналогій.

“Трэба адзначыць, што кіраўніцтвам раёна і інжынернымі службамі пытанне рамонту тэхнікі трымаецца на пастаянным кантролі, а маніторынг стану правядзення рамонтных работ праводзіцца рэгулярна”, – падкрэсліў ён.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о