У суботу, 28 студзеня, адзінаццацікласнікі па ўсёй краіне ўпершыню будуць здаваць рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен па абраным прадмеце. Пра тое, як будзе арганізаваны ЦЭ на Петрыкаўшчыне, расказала загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марына КУЛЬБА.

Як паведаміла ў час размовы загадчык РВМК, у рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену прымуць удзел 175 выпускнікоў. На сённяшні момант усе вучні прайшлі рэгістрацыю, атрымалі пропускі.
На Петрыкаўшчыне рэпетыцыя будзе праходзіць па 8 вучэбных прадметах, якія навучэнцы абралі ў якасці прадметаў на цэнтралізаваны экзамен.

– Марына Эдуардаўна, акрэсліце, калі ласка, сёлетнія новаўвядзенні, пра якія варта ведаць вучням і іх законным прадстаўнікам.
– Рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен, у тым ліку і рэпетыцыйны, адрозніваецца ад рэгістрацыі на ЦТ. У школах дзеці пішуць заявы, у якіх указваюць прадмет здачы. Пасля інфармацыя перадаецца ў пункт тэсціравання і ўносіцца ў базу ўдзельнікаў ЦЭ. Затым пункты тэсціравання падаюць заяўкі на матэрыялы ў РІКВ. Такім чынам, самастойна зарэгістрыравацца на ЦЭ вучні не могуць.
Рэпетыцыйны ЦЭ будзе праходзіць у строгай адпаведнасці з інструкцыяй па арганізацыі правядзення ЦЭ, падкрэсліла суразмоўца. Дадзеныя навучэнцаў унеслі ў камп’ютарную сістэму, пасля гэтага раздрукавалі пропускі, кожны вучань іх ужо атрымаў. У якасці раённага пункта рэпетыцыйнага ЦЭ вызначана дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія г. Петрыкава”.

Цэнтралізаваная яўка
– Адрозніваецца ЦЭ ад ЦТ не толькі рэгістрацыяй. Вучням і іх бацькам варта ўжо сёння ўсведамляць, што цэнтралізаваны экзамен – абавязковае выпрабаванне для выпускнікоў, без праходжання якога яны не атрымаюць атэстат (за выключэннем пэўных катэгорый рабят). Таму павінна быць забяспечана стопрацэнтная яўка, – акцэнтавала ўвагу ў час размовы Марына Эдуардаўна. – Таму тут важная роля класных кіраўнікоў, якія арганізоўваюць дзяцей і цэнтралізавана дастаўляюць іх у пункт здачы. Для вучняў сельскіх школ раёна будзе арганізаваны падвоз школьнымі аўтобусамі.
Таксама да пачатку іспыту будзе арганізавана падтрымліваючае харчаванне для ўсіх навучэнцаў, дадала суразмоўца.

Рассадка па жараб’ёўцы
Нягледзячы на тое, што прыбываюць у пункт здачы выпускнікі ўсім класам, здаваць іспыт яны могуць у розных аўдыторыях (адпаведныя спісы вывесяць у гімназіі).
Ствараюцца такія ўмовы, каб вынік экзамену залежаў толькі ад ведаў.
Што да рассадкі, тут усё вырашыць жараб’ёўка. Непасрэдна перад аўдыторыяй вучню трэба будзе прад’явіць пропуск і пашпарт. Потым яго адвядуць на яго месца, за якім ужо замацаваны пэўны варыянт тэста.

Пад строгім кантролем
Сфарміравана арганізацыйная камісія, вызначаны педагогі, якія будуць працаваць у аўдыторыях. У дзень правядзення рэпетыцыі будзе арганізаваны строгі прапускны рэжым, дзяжурства медыцынскага работніка.

– Правілы паводзінаў на ЦЭ даволі строгія і іх выкананне абавязковае. За што могуць выдаліць з экзамена?
– Выпускнікі, якія прынеслі з сабой смартфоны, гаджэты, шпаргалкі, падручнікі (гэта значыць тое, што забаронена), павінны быць гатовы да выдалення з аўдыторыі. Акрамя гэтага, нельга мяняцца месцамі і экзаменацыйнымі матэрыяламі, размаўляць з сусе-дзямі і прасіць кагосьці аб дапамозе пры выкананні працы. Таксама забаронена выносіць з аўдыторыі бланкі, лісты з паметкамі і самі заданні. Не дазваляецца ўносіць інфармацыю ў бланк адказаў пасля заканчэння часу, адведзенага на напісанне іспыту.
Задача арганізацыйнай камісіі – сачыць, каб навучэнцы не парушалі патрабаванні, пазначаныя вышэй. У выпадку парушэння адбываецца выдаленне з аўдыторыі. І калі на рэпетыцыі гэта не настолькі сур’ёзна адчуваецца, то калі будзе выдалены ўдзельнік ЦЭ, фактычна ён зможа прайсці атэстацыю толькі ў жніўні. І, такім чынам, сёлета паўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі ўжо не зможа.

– Дзе і калі можна будзе даведацца пра вынікі?
– Пра вынікі рэпетыцыйнага экзамена школьнікі змогуць даведацца на сайце РІКВ праз тры тыдні пасля рэпетыцыйнага іспыту. Там ёсць раздзел “Вынікі ЦЭ”. Але ў адрозненне ад сапраўднага цэнтралізаванага экзамена ад абітурыентаў не будзе патрабавацца ўвесці нумар бланка адказу. Неабходна пазначыць серыю і нумар пашпарта. І па гэтых звестках тыя, хто здае, атрымаюць вынік рэпетыцыйнага ЦЭ.

– Чаму варта не проста паўдзельнічаць у рэпетыцыйным ЦЭ, а падыйсці да справы вельмі сур’ёзна?
– Такая рэпетыцыя дазволіць уладзіць да мая ўсе неабходныя пытанні. Акрамя таго, рабяты змогуць паспрабаваць сябе і зразумець, што такое цэнтралізаваны экзамен. Яны на практыцы ўбачаць тэсты, якія ім давядзецца рашаць.
Да 1 красавіка ўсе вучні павінны вызначыцца з выбарам прадмета, які будуць здаваць. А пакуль у іх ёсць магчымасць паспрабаваць свае сілы і потым ужо спакойна на працягу астатніх месяцаў працаваць на сваю падрыхтоўку.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о