У свята Пераўвасаблення Гасподняга свой 100-гадовы юбілей адзначыла Сямко Вольга Мацвееўна, ураджэнка вёскі Івашкавічы, жыхарка Капаткевічаў.

Жыццё даўжынёю ў век

Так, 100 гадоў… Аднак, гледзячы на гэтую жанчыну, лаўлю сябе на думцы: няўжо і праўда 100?

У дзень нараджэння павіншаваць сваю падапечную прыехаў калектыў Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кветкі, падарунак, пажаданні моцнага здароўя і актыўнага даўгалецця былі ў гэты дзень адрасаваны доўгажыхарцы з Капаткевічаў.

Вольга Мацвееўна пражыла доўгае і няпростае жыццё даўжынёю ў век, аднак захавала пазітыўнае стаўленне да сябе і навакольных. Нарадзілася ў Івашкавічах, у сялянскай сям’і, з дзяцінства была прывучана да працы на зямлі, з якой пасля звязала сваю прафесію. На заслужаны адпачынак пайшла з калгаса, усё працоўнае жыццё адпрацаваўшы ў паляводчай брыгадзе. І ўсё ж з маленства жанчына памятае не толькі цяжкую сялянскую працу, але і сваю вучобу ў школе. На жаль, павучыцца давялося нядоўга – скончыла толькі тры класы, бо сям’і былі неабходны працоўныя рукі. Аднак набытых школьных ведаў хапіла на ўсё жыццё: магла рабіць няхітрыя матэматычныя разлікі, а любоў да чытання захавалася і па сённяшні дзень. Між іншым, чытае жанчына без акуляраў, яны ёй увогуле непатрэбныя – зрок мае цудоўны. Адзінае, што хвалюе – пагаршаецца слых.

Незадоўга да пачатку вайны выйшла замуж. Абраннік Вольгі Мацвееўны – мясцовы хлопец Андрэй.

Але шчасце маладых было нядоўгім, нават сваёй гаспадаркай не паспелі абзавесціся – пачалася вайна. Малады муж пайшоў на фронт, а Вользе заставалася яго чакаць і маліцца. Аднак праз некаторы час яе разам з матуляй і старэйшай  сястрой немцы пагналі на працу ў Германію. Паўтара гады працы на нямецкага гаспадара-баўэра запомніла на ўсё жыццё: жылі ў бараках, працавалі многа і цяжка, а кармілі абы як. Але добра, што ўсе жывыя засталіся. Тым, хто трапіў у канцлагеры, пашчасціла меней – выжылі далёка не ўсе… Пасля вызвалення амерыканцамі, нарэшце вярнуліся на радзіму – знявечаную ваенным ліхалеццем Беларусь. Вярнуўся з вайны і муж. Двойчы быў цяжка паранены, зразумела – пяхота, але галоўнае, што жывы. Пачаліся гады цяжкай працы. Хату, у якой да вайны жылі з бацькамі, спалілі фашысцкія акупанты, палеткі прыйшлі ў заняпад – на сабе і пахалі, і лес на хату новую цягалі. Усяго хапіла. Але пераадолелі, бо жыць і працаваць стараліся і за сябе, і за загінуўшых родных і сваякоў. Баявыя раненні мужа не прайшлі бясследна: пачалася гангрэна і яму адрэзалі нагу. Аднак, нават не зважаючы на інваліднасць, гаспадарку заўсёды трымаў ва ўзорным парадку. Да таго ж, быў адным з лепшых у акрузе плотнікам. Ад дзяржавы бясплатна атрымаў машыну, што таксама дазваляла рабіць яго жыццё паўнавартасным. А тут яшчэ адно выпрабаванне: Вольга Мацвееўна сур’ёзна захварэла на туберкулёз. Лячылася доўга, ездзіла ў санаторыі, многія вяскоўцы не верылі, што выжыве. А вось як сталася: жанчына не проста вылечылася, а стала адзінай у гісторыі Івашкавічаў доўгажыхаркай, пераадолеўшай векавую мяжу. Работу давялося пакінуць, бо прастуджацца ні ў якім выпадку нельга было. Цалкам аддала сябе адзінай дачушцы Надзеі, гаспадарцы, а яна заўсёды ў сям’і была не маленькая, і любімаму занятку. Вязаныя і вышываныя Вольгай Мацвееўнай рэчы, як найвялікшая сямейная каштоўнасць, да гэтага дня захоўваюцца ў доме дачкі Надзеі Андрэеўны, дзе апошнія 9 гадоў жыве наша гераіня.

Ужо трыццаць гадоў, як пайшоў з жыцця любімы муж. На жаль, не ўсіх сваіх унукаў паспеў пабачыць мужчына, а іх у нашай 100-гадовай юбіляршы трое, а яшчэ пяцёра праўнукаў і двое прапраўнукаў. Вольга Мацвееўна агорнута клопатам і ўвагай родных і блізкіх.

Сёння за вялікім святочным сталом збярэцца ўся дружная сям’я, каб павіншаваць старэйшую жанчыну роду з такой прыгожай датай – 100 гадоў. Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў і жадае юбіляршы моцнага здароўя, любові і клопату родных.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о