Напярэдадні святкавання 75 гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, дзякуючы лісту жыхара горада Кіева Анатоля Кравецкага, нам удалося знайсці звесткі пра аднаго з герояў-вызваліцеляў нашага горада. Бацька чалавека, што звярнуўуся да нас, – Андрэй Ігнатавіч Кравецкі, быў, відаць, сціплым мужчынам. Не любіў ён узгадваць тыя жудасныя часы, але моўчкі захаваў на ўсё жыццё дакумент, што тычыўся вызвалення нашага Петрыкава.

Імя вызваліцеля Петрыкава не забытаеВось што паведаміў нам адрасат: “Мой бацька, Андрэй Ігнатавіч Кравецкі, нарадзіўся ў вёсцы Купчанцы, Вінніцкай вобласці, Ільінецкага раёна. На жаль, дзе ён прызываўся і ў якой частцы служыў, я не ведаю. Здаецца, у 1941 годзе ён па паскоранай праграме скончыў малодшыя лейтэнанцкія курсы ў Харкаўскім артылерыйскім вучылішчы і быў адразу адпраўлены на фронт. Бацька не любіў распавядаць пра вайну, а мы чамусьці і не пыталі.

Нядаўна мною быў выпадкова знойдзены ліст-лятучка ад 28 чэрвеня 1944 года, які, верагодна, майму бацьку быў вельмі дарагі, і ён беражліва захоўваў дакумент дзясяткі гадоў”. Тэкст ліста перадаем без правак: “Пра мужнага і бясстрашнага героя Айчыннай вайны лейтэнанта Кравецкага – бясстрашнага камандзіра нашай часці. У баях за г. Петрыкаў ён праявіў мужнасць і адвагу. Яшчэ да фарсіравання р. Прыпяць, ён адзін пераплыў р. Прыпяць, узяўшы з сабой тэлефон і кабель. Замаскіраваўшыся на варожым беразе, на дрэве, ён без прамашкі знішчаў варожыя агнявыя кропкі агнём сваёй батарэі. Гэтым самым ён забяспечыў магчымасць фарсіраваць пяхоце р. Прыпяць і заняць горад. За праяўленую мужнасць, адвагу і геройства лейтэнант Кравецкі прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам “Чырвонай Зоркі”. Камандаванне часці”.

Супрацоўнікі музея паспрабавалі сабраць больш поўную інфармацыю пра героя, лейтэнанта Андрэя Кравецкага і яго баявы шлях.
Паводле звестак банка дадзеных Міністэрства абароны Расіі “Подзвіг Народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” у спісах ваеннаслужачых лічыўся лейтэнант Кравецкі Андрэй Ігнатавіч, што быў прызваны на службу Дашэўскім РВК 7 кастрычніка 1940 года. Служыў у вайсковай часці 107 стралковага палка, 55 стралковай дывізіі, 61 арміі. Быў камандзірам узводу мінамётаў 1-га стралковага батальёну 107 стралковага палка. За подзвіг 21 кастрычніка 1943 года быў узнагароджаны медалём “За адвагу” пры вызваленні горада Кіева. За подзвігі 12 і 15 ліпеня 1944, камандзір агнявога ўзводу батарэі мінамётаў 107 стралковага Лунінецкага Чырванасцяжнага палка Андрэй Ігнатавіч Кравецкі быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі пры вызваленні горада Пскова. 20 студзеня 1946 года старшы лейтэнант Кравецкі Андрэй Ігнатавіч быў узнагароджаны медалём “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”.
Горад Петрыкаў быў вызвалены 29 чэрвеня 1944 года. Згодна з прадстаўленым лістом-лятучкай вынікае, што лейтэнант, рызыкуючы коштам уласнага жыцця, вызваляў наш горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944 года.

Памяць пра ратны подзвіг героя, пра гады яго гераічнага і самаахвярнага служэння радзіме будзе жыць. Ліст-лятучка з фотаздымкам Андрэя Кравецкага атрымае ганаровае месца ў экспазіцыі Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея ў раздзеле “Яны вызвалялі наш горад”.

Людзі проста абавязаны праносіць памяць пра вайну скрозь пакаленні. Кожнае слова, кожнае дзеянне нясе асаблівую важнасць. Іх смеласць вартая нашай павагі.
Выказваем вялікую ўдзячнасць сыну героя – Анатолю Кравецкаму.

Галіна Занкевіч,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о