Жыццё працягласцю ў 95 гадоў – гэта мала ці многа? Гледзячы для чаго. Каб адчуць яго складанасць – больш чым дастаткова. Неяк так атрымліваецца, што пакуты і выпрабаванні застаюцца ў памяці. Магчыма, гэта добра і правільна: боль засцеражэ ад памылак у будучыні. А вось для адчування шчасця нам заўсёды, на жаль, чагосьці не стае. Аднак, калі азіраешся назад, усведамляеш: было яно, шчасце.

Мая гераіня, Вольга Радзіновіч з вёскі Снядзін, не так даўно адзначыла свой 95 дзень нараджэння і, канешне ж, марыць пра 100.
“А што, – з прыхаванаю ўсмешкай гаворыць Вольга Міхайлаўна, – матуля мая пайшла з жыцця на 105 годзе”. Давайце разам, паважаныя чытачы, паспрабуем спазнаць сакрэты даўгалецця ад сня-дзінскай доўгажыхаркі.
Жыццё, па словах жанчыны, рабіла ёй розныя падарункі – хапіла на доўгім вяку і шчасця, і гора.
– Галоўны мой боль – заўчасная смерць двух сыноў. Калі бацькі хаваюць сваіх дзяцей – страшней за гэта няма нічога ў жыцці. – пачынае свой аповед Вольга Міхайлаўна. Пасля паўзы працягвае.
– Нарадзілася я ў вёсцы Снядзін. Мой бацька – Міхаіл Яфімавіч Ястрэмскі працаваў заатэхнікам, маці – Ганна Іванаўна – калгасніца, удзельніца злётаў, стаханаўка.
Дзяцей у сям’і было чацвёра: тры браты (Мікалай, Лёня і Валодзя) і я. Дзядуля з бацькавага боку быў рэпрэсіраваны. Так, ён быў чалавекам нябедным, але ўсё меў з уласнага працоўнага мазаля. А млын, з якога ўсё пачалося, быў у вольным карыстанні не толькі ў суседзяў, але і ўсёй вёскі. Пасля была рэабілітацыя: дзядулі вярнулі сумленнае імя, а нам, нашчадкам, – грашовую кампенсацыю за канфіскаваную маёмасць.

Жыццё як узнагарода
Час майго маленства быў галодны і неспакойны. І таму, у пошуках лепшай долі, мы двойчы шукалі шчасця на чужыне: некаторы час жылі на Далёкім Усхо-дзе і амаль сем гадоў – у Крыме.
На паўвостраве сустрэлі і перажылі вайну. Бацька з братамі пайшоў на фронт. Прайшоў усю вайну, быў паранены, трапіў у палон, але самае галоўнае – выжыў. Мой старэйшы брат Мікалай з вайны не вярнуўся. Яго, цяжка параненага ў першыя дні пад Брэстам, адправілі на лячэнне ў Харкаў, там ён і памёр. Мы даведаліся пасля вайны, дзе ён пахаваны, ездзілі на магілу.
Жыццё ў акупацыі было няпростым. Немцы да нас, мірных жыхароў, ставіліся стрымана: не катавалі, не знішчалі. Затое румыны былі жорсткія і бязлітасныя. Калі прыйшоў з вайны бацька, вырашылі вяртацца на радзіму. Не змог ён прывыкнуць да мясцовых краявідаў, сумаваў па лесе і рацэ. Я на той час працавала ў сельскім Савеце сакратаром. Да мяне нават прыязджалі вучыцца, бо справы вяла добра, заўсёды ва ўсім у мяне быў парадак. Навіну пра вяртанне сустрэла радасна.
Вярнуліся, а ісці няма куды – ад хаты засталося толькі папялішча. Дзякуй цётцы Ксеніі – прытуліла. Ды не адных нас, а і сям’ю майго будучага мужа. Мы зналіся яшчэ да вайны: ён сябраваў з маім братам Мікалаем. Калі мы ўжо сустракаліся, прызнаўся, што, прыкмеціўшы меня зусім яшчэ дзяўчом, вырашыў: будзе маёй жонкай. Так, між іншым, і здарылся.
Пажаніліся,нарадзілі і выхавалі чатырох дзяцей. Дарэчы, як і ў маіх бацькоў, у мяне таксама нарадзіліся тры сыны і дачушка. І нават імёны сынам дала братоў: Мікола, Лёня, Валодзя.
Мікола з Лёнем былі маракамі, абодва закончылі Макараўку, іх фотакарткі “віселі” на дошцы гонару, жылі ў Ленінградзе, “хадзілі ў загранку”, аднак жыцця ім адмераў Бог нямнога. Валянціна мая працуе метадыстам у аддзеле адукацыі. Валодзя жыве ў Гомелі. Працаваў на чыгунцы.
Муж мой 47 гадоў адпрацаваў у школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, добры быў настаўнік, паважалі яго і любілі. А я маю 38 гадоў гандлёвага стажу. Некалькі гадоў папрацавала ў школьным буфеце, але пасля вярнулася ў гандаль. Загадвала ў роднай вёсцы нарыхтоўчым магазінам, які па тым часе быў лепшым у раёне. Працаваць было няпроста, але цікава. У веснавы разліў да сваіх пакупнікоў ездзіла на лодцы, развозячы заказаныя тавары. За аб’ёмы нарыхтовак я нават была ганаравана паездкай у санаторый у Сочы.
Бывае, набягуць успаміны: вёска, поўная жыхароў, муж жывы, дзеці малыя… Аднак, на жаль, усё гэта ў мінулым, час імкліва бяжыць наперад.
Зімаваць апошнія гады Вольга Міхайлаўна прыязджае да дачкі ў Петрыкаў, а на вясну і лета нязменна вяртаецца ў дарагі сэрцу Снядзін. У сезон трымае нават невялікі гародчык.
– Рахунак майго жыцця на сённяшні дзень наступны: маю восем унукаў і столькі ж праўнукаў. Багатырка! Дзеці, унукі, праўнукі – гэта сапраўдны мой скарб, мой жыццёвы здабытак.
Жыццярадасная, гаваркая і вельмі мудрая жанчына. Яна і ў 95 не губляе аптымізму, па-жыццёваму разважліва гаворыць пра перажытае, разгадвае амаль заўсёды да апошняга слова купленыя дачкой сканворды і крыжаванкі, чытае на памяць вершы – ці не ў гэтым сакрэт яе даўгалецця?
Ёсць яшчэ планы на жыццё ў Вольгі Міхайлаўны і гэтым нельга не захапляцца! Цікава даведацца якія? Ну што ж, слухайце.
– Я мару, каб часцей наведвалі-ся да мяне ўнукі і праўнукі: кожная сустрэча з імі – вялікая радасць для мяне, каб не памерла вёска, бо ўсе мы адтуль выйшлі, там наша гісторыя і нашы традыцыі, але самае галоўнае – мір ва ўсім свеце.
Моцнага здароўя Вам, паважаная Вольга Міхайлаўна, і доўгага веку, добрых навін і прыемных сустрэч.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о