Неяк днямі ў наваколлі аграгарадка Ляскавічы пашчаслівілася сфатаграфаваць шэрую чаплю.

Пабачыць шэрую чаплю: не дзіва. Гэтая птушка шырока распаўсюджана па вялікай тэрыторыі кантынента і ўсёй Беларусі, асабліва ў басейне Прыпяці ды на азёрах Віцебшчыны.

Птушкі ўдала суіснуюць поруч з чалавекам, ёсць прыклады, дзе гнёзды чапель былі заўважаны нават у цэнтрах вялікіх гарадоў: Стакгольме, Амстэрдаме і Найробі. Але ў большасці выпадкаў птушка аддае перавагу ціхім месцам, за выключэннем вадаёмаў рыбнай гаспадаркі ці іншых азёр і рэк, дзе можна добра харчавацца.

Разам з тым, шэрыя чаплі больш за іншых птушак пакутуюць ад забруджвання навакольнага асяроддзя, асабліва ад пестыцыдаў, якія адкладаюцца ў тканках птушкі. Апрача таго, навукоўцы заўважаюць заканамернасць: у месцах з высокім уплывам чалавека на прыроду, у шэрых чапель заўважаецца змяншэнне колькасці адкладзеных яек, таўшчыня шкарлупіны якіх становіцца анамальна тонкай.

Гісторыя ведае рознае стаўленне чалавека да гэтай птушкі. У сярэднявеччы шэрая чапля была аб’ектам сакалінага палявання, якое было даступна толькі высакародным асобам. Асаблівай забавай лічылася пабачыць паветраны паядынак паміж гэтымі крылатымі. Адпаведна і чорнае пер’е з галавы птушкі было не толькі ўпрыгожваннем, трафей падкрэсліваў заможнасць яго ўладальніка. Ёсць звесткі, што ў феадальную эпоху ў Еўропе нават успыхвалі ваенныя канфлікты за тэрыторыюгнездавання шэрай чаплі.

У канцы ХІХ – ХХ стагоддзях птушка лічылася шкоднай і зніштажалася паляўнічымі ў асноўным бліз рыбагадоўчых угоддзяў. Зараз асаблівай цікавасці для паляўнічага промыслу шэрая чапля не ўяўляе.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о