Родны мой горад, любоў мая…Гэты горад любімы,
Я жыву тут і ты.
Улетку ён у зеляніне,
Увосень ён – залаты.
Невялічкі мой горад,
Ён прыгожы вясной,
І чароўна-бялюткі
Зімняй, снежнай парой.
Гэты горад старадаўні,
Малады ён зусім,
Славай продкаў авеяны,
Тут тварыць маладым.
Тут – бацькі і знаёмыя,
Тут – мой дом, тут – сябры.
Гэты горад любімы,
Я жыву тут і ты.

Любоў да Радзімы заўсёды канкрэтная. Гэта любоў да свайго роднага дома, горада і, калі хочаце, вуліцы. Часцей за ўсё любімым мы лічым той горад, дзе нарадзіліся, дзе прайшло наша дзяцінства, бо менавіта з ім звязаны цёплыя і дарагія сэрцу ўспаміны.
Мой любімы горад – Петрыкаў. І сёння ён з размахам святкуе 500-годдзе! Так, ён зусім невялікі, для некага нават правінцыяльны, але для мяне ён такі родны! Зрэшты, як і ў людзей, у яго свой лёс, свой твар, свой характар.

За што я люблю родны горад? Адназначна за тое, што ён адметны, непадобны ні на які іншы. Ёсць проста неверагодна моцнае пачуццё, якое цяжка растлумачыць словамі, яго можна толькі параўнаць з любоўю да родных людзей. Бо і іх мы любім не за нешта, а проста за тое, што яны ў нас ёсць.

З кожным годам я з большай цікавасцю паглыбляюся ў яго гісторыю, знаёмлюся з лёсам знакамітых землякоў і кожны раз адкрываю для сябе яго па-новаму. Горад расце і змяняецца на вачах, становіцца сучасным і прыгожым, аднак я па-ранейшаму атрымліваю асалоду ад вандровак па ціхіх вулачках і завулках.

Мой горад рознааблічны, рознакаляровы, гаманкі. Мне тут добра і ўтульна. Гэта мой дом, мая радзіма, мой родны куток. Гэта – мой горад! Як шмат для мяне значаць гэтыя два словы. Пагадзіцеся, да горада, у якім нарадзіўся і жывеш, прывыкаеш, як да бацькоўскага дома. Усё ў ім знаёмае: дрэвы ў двары, каля якіх прабягаеш па дарозе ў школу, адміністрацыйныя будынкі і прыватныя забудовы, плошча і парк… Часам у спешцы некалі спыніцца, азірнуцца. Але бываюць моманты, калі свой горад бачыш нібы з боку, і тады заўважаеш, які ён прыгожы, утульны, родны…

Калі я прагаворваю назву роднага горада, мяне перапаўняе гонар за яго старажытную гісторыю, карані якой сыходзяць у глыб стагоддзяў, і скрозь якія помнікі сівой даўніны нясуць скупыя звесткі пра тагачаснае жыццё нашых продкаў. Гэтая гісторыя паўсюль: на старонках кніг пра гераічныя бітвы і подзвігі людзей розных пакаленняў, у плёскаце хваляў Прыпяці, у спевах птушак, шолаху дрэў, у ззянні пазалочаных купалаў храмаў. Некаторыя падзеі і аб’екты сыходзяць у нябыт, як брукаваныя маставыя Петрыкава, што памяталі цоканне конскіх падкоў – доўгі час адзінага транспартнага сродку ў родным горадзе. Гэтак жа як і прыстань з гудкамі параходаў, баржаў жыве толькі ва ўспамінах старажылаў.

Мне падабаецца ціхая і спакойная атмасфера Петрыкава. Ён унікальны і мае свой асаблівы шарм. І ўсё ж галоўная каштоўнасць нашага горада – яго людзі, яны таксама ўнікальныя: у меру адкрытыя, гасцінныя, працавітыя, адным словам, “палешукі”.
Я не ведаю, якім будзе маё далейшае жыццё, але нават калі давядзецца пакінуць бацькоўскі дом і родны горад, я захаваю ў сваім сэрцы цёплы ўспамін пра месца, дзе быў шчаслівы, і з радасцю буду вяртацца сюды.

Са святам, любы горад!

Мікіта ЧЫРЫЧ,
вучань 11 “Б” класа
ДУА “Сярэдняй школы № 2 г. Петрыкава”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о