Разглядаючы манахромныя фотакарткі горада мінулых часоў захацелася пазнаёміць маладое пакаленне і абудзіць успаміны сталых жыхароў горада чарговай выявай.

Нягледзячы на тое, што гарадскі парк – месца ціхае і жыццё тут нібы запавольвае сваю хаду, пэўныя пераўтварэнні кранулі і гэтае месца.
Некалькі соцень гадоў таму тут знаходзіўся драўляны замак і цэнтральны мыс, з пэўнай доляю верагоднасці, служыў бастыёнам для абароны замка.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя, мяркуючы па фотаздымкам, менавіта тут быў першапачаткова ўсталяваны помнік нашаму славутаму земляку Васілю Талашу, работы вядомага скульптара, Народнага мастака СССР Заіра Азгура.

Потым, як вядома, помнік быў перанесены ў заходнюю частку парка, а ў канцы ХХ стагоддзя на цэнтральным мысе з’явіліся тыпавыя атракцыёны “Вясёлыя горкі”. Большасць гараджан, каму больш за 30-ць гадоў, яшчэ памятаюць гэтую забаву: як разам з бацькамі яны ўздымаліся на машынках, а дарослыя маглі крануць нават лісце дрэў, што схілялі свае кроны нам месцам адпачынку. Памятаюць газіроўку ці мінеральную ваду “Палеская”, якімі гандлявалі поруч.

Трэба заўважыць, што ў той час “Вясёлыя горкі” ўсталёўваліся ў многіх гарадах. Так, напрыклад, у абласным цэнтры яны служылі даволі доўга і былі заменены толькі каля 10-ці гадоў таму.

У Петрыкаве атракцыён радаваў гараджан і гасцей горада не так доўга. У сярэдзіне 90-х атракцыён спыніў сваю работу, а праз некалькі гадоў быў дэманціраваны.

Потым тут быў узведзены амфітэатр, а ў час рэканструкцыі горада сюды перанесці помнік воінам-інтэрнацыяналістам.
Здавалася б, адзін здымак, але колькі добрых успамінаў ён выклікае? Часы дзяцінства ці юнацтва, першага кахання ці шчасця бацькоўства. Менавіта гэтым і прывабныя старыя карткі, за гэта мы і любім фатаграфію.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о