Лёс на дваіх

0
730

Ужо стала добрай традыцыяй пачынаць новы год з публікацый пра землякоў, жыццёвы шлях якіх, вопыт і мудрасць годныя для прыкладу. Лёсы жыхароў раёна, як і раней, будуць сустракацца на старонках газеты – на Петрыкаўшчыне шмат цікавых людзей. Героі сённяшняй публікацыі – Міхаіл і Ульяна Шэвель, сямейная пара з вёскі Аціркі Конкавіцкага сельскага Савета.

Лёс на дваіхУсе, хто ведае Ульяну Яфімаўну, адзначаюць, што жанчына – шчырая, спагадлівая, здольная працягнуць руку дапамогі навакольным, не ў яе характары стаяць убаку ад праблемы. Аціркі – яе малая радзіма. Дзяцінства і юнацтва гераіні падобнае з жыццём яе аднасяльчан-адагодак вучоба ў пачатковай школе ў Ацірках, сямігодка – у Слінках, старэйшыя класы – у Петрыкаве. Дабіраліся ў райцэнтр пешшу, але, як успамінае зямлячка – з настроем і жаданнем вучыцца. Жанчына дзеліцца думкамі, што сённяшнім дзецям пашанцавала жыць і вучыцца ў сучасных умовах: арганізаваны падвоз і харчаванне – раней пра гэта можна было толькі марыць.

Са слоў суразмоўцы, яшчэ будучы ў школе планавала, як уладкавацца ў жыцці. Працы не баялася: бацькі працавалі на зямлі і прывучылі да гэтага з ранніх гадоў чатырох сваіх дзяцей.

– Пасля заканчэння школы я атрымала ў Калінкавічах спецыяльнасць ветэрынара і вярнулася працаваць у родны калгас імя Леніна, – успамінае гераіня. – Па спецыяльнасці працавала недоўга, бо паставілі мяне на пасаду загадчыцы фермы. У 1978 мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці прадаўца ў мясцовай краме. Так у Петрыкаўскім райспажыўтаварыстве і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак, аддаўшы справе 24 гады.

Міхаіл Іванавіч, як і жонка, родам з Ацірак. Як і яна прайшоў аналагічны шлях у атрыманні сярэдняй адукацыі: Аціркі, Слінкі, Петрыкаў. Пасля школы, у пачатку 60-х, юнак уладкаваўся матросам на Мазырскі ўчастак водных шляхоў, дзе працаваў на земснарадзе: судне тэхнічнага флоту, што прызначана для ачысткі рэк, распрацоўкі перакатаў. І сёння ўспамінае з цяплом свае падарожжы па Прыпяці, Сожы, Дняпры – брыгада даходзіла па водным шляху аж да Украіны. Прызнаецца, што такая праца прыцягвала яго, але пасля шасці гадоў знаёмства з “воднымі дарогамі” былога Савецкага Саюза, вырашыў застацца дома. Асноўнай прычынай паслужыла тое, што ў адзін год пайшлі з жыцця яго бацька і брат і на малой радзіме засталася маці. Падумаў, што працу можна знайсці і на сушы. Пайшоў вучыцца ў Муляраўку на трактарыста. І нават калі прыйшло запрашэнне на атрыманне спецыяльнасці памочніка камандзіра земснарада – адмовіўся. Абавязак сына вышэй амбіцый. Атрымаўшы пасведчанне трактарыста, Міхаіл Іванавіч уладкаваўся ў муляраўскую сельгасхімію, якой і аддаў сваё працоўнае жыццё.

У гэты час у герояў нашага аповеду пачалася гісторыя кахання, якая прывяла да стварэння сям’і. Муж з жонкаю не так даўно адзначылі 55-годдзе сумеснага жыцця і прызнаюцца, што ўсе рашэнні заўсёды прымалі разам, цяжкасці пераадольвалі плячо да пляча. Лёгкіх шляхоў ім не выпадала. Будавалі хату, абжываліся. Заўсёды была вялікая гаспадарка і агароды. Маладыя забралі да сябе жыць маці гаспадара. Не міналі іх цяжкасці і нягоды. У такія часы падтрымлівалі адзін аднаго, настройвалі на аптымістычны лад.

Але галоўная іх заслуга, як самі яны лічаць – пяцёра дзяцей. “Чатыры сыночкі і лапачка-дачка” – як кажа гераіня.
– Дзяцей выхоўвалі ў працы, павазе да старэйшых, да роднай хаты, – запэўнівае Ульяна Яфімаўна. – Канечне, вучыліся яны і на нашым прыкладзе сямейных узаемаадносін. Бачу, што перанялі самае галоўнае: у сваіх сем’ях яны любячыя супругі і клапатлівыя бацькі. І дзякуй Богу: зяць і нявесткі ў нас цудоўныя. Мы спакойныя за сваіх дзяцей.
Бацькі далі многае сваім дзецям, каб тыя трывала сталі на сцежку, якую абралі: выхаванне, адукацыю, прывілі правільныя погляды. Трое сыноў звязалі сваю прафесійную дзейнасць з сілавымі структурамі, адзін працуе на заводзе, дачка – педагог. Муж з жонкай прызнаюцца, што іх дзеці не забываюць: сыны, што засталіся на Петрыкаўшчыне, прыязджаюць, каб дроў, вады прынесці ў хату. Хоць гаспадары яшчэ і самі спраўляюцца.

Ёсць у нашых землякоў ужо 11 унукаў і 4 праўнукі. Сямейная пара ўпэўнена, – яны, як і іх дзеці, вырастуць годнымі людзьмі. У іх ро-дзе – адказныя добрасумленныя людзі, хлебасольныя гаспадары.
– Нічога у жыцці лёгка не бывае, – сцвярджае Міхаіл Іванавіч. – Маладым трэба старацца, каб нечага дасягнуць, умець правільна расставіць прыярытэты, слухаць старэйшых – так мы гаварылі сваім дзецям, а зараз раім унукам.
Напрыканцы мінулага года Ульяна Яфімаўна адзначыла 75-гадовы юбілей, а зусім хутка вялікая і дружная сям’я збярэцца за святочным сталом на 80-годдзе Міхаіла Іванавіча. Мужу з жонкай ёсць што ўспомніць і расказаць родным – разам прайшлі вялікі шлях. Рэдакцыя газеты жадае гэтым шчырым і прыемным людзям: доўгага і шчаслівага жыцця! Збірайце разам ураджай пражытых гадоў.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о