Маладыя спецыялісты, якія прыехалі з новымі ідэямі і планамі

0
741

Калі мы пішам пра маладых спецыялістаў, якія вярнуліся на малую радзіму атрымліваць прафесійны вопыт, – гэта, безумоўна, станоўчая навіна. Але калі спецыялісты, якія нарадзіліся ў вялікім горадзе і пасля атрымання вышэйшай адукацыі прыехалі ў малы населены пункт і, больш за тое, з новымі ідэямі і планамі немалога маштабу – гэта адназначна інфармацыйная нагода, пра якую марыць практычна любы карэспандэнт. Наш сённяшні герой – асоба цікавая, пагутарыўшы з якой, разумееш, што фраза “за моладдзю – будучыня” не галаслоўная.

Маладыя спецыялісты, якія прыехалі з новымі ідэямі і планаміМіхаіл Пасмурцаў родам з Гомеля. Там жа скончыў фізіка-матэматычны ліцэй. У БДУ атрымаў спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Цяпер Міхаіл – навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, прыехаў па размеркаванні. Малады чалавек актыўна займаецца ўкараненнем інфармацыйных тэхналогій у працу нацпарку.

“У нашай краіне ўжо існуе вялікі геапартал Зямельна-інфармацыйнай сістэмы – інтэрнэт-рэсурс, які з’яўляецца аб’яднаным пунктам доступу да мноства інфармацыйных рэсурсаў з інструментамі прагляду, пошуку геапрасторавай інфармацыі. Падобны партал, але ўжо больш лакальны, мы хочам стварыць на базе “Прыпяцкага”, каб супрацоўнікам навуковага аддзела было лёгка і камфортна ўносіць у яго тую ці іншую інфармацыю для службовага карыстання. Гэта можа быць інфармацыя пра рэдкія чырвонакніжныя расліны або жывёлы, туды могуць уносіцца файлы розных фарматаў: пдф-дакументы, фота, відэа, дыяграмы і графікі.
У дадзены момант я займаюся стварэннем праграмнага забеспячэння. Канешне, праграма пакуль знаходзіцца ў распрацоўцы і патрабуе дадатковага часу. Але ўжо ў пробнай версіі калегі адзначаюць, што яна будзе карыстацца попытам і шмат у чым аблегчыць працу ў будучыні. Калі казаць зусім простай мовай, то мы па факце пераўтворым усю інфармацыю, што маем на паперы пра тэрыторыю нацпарку, у электронную версію. Важна таксама забяспечыць камп’ютарную бяспеку”, – увёў у курс справы малады чалавек.

На пытанне, што паслужыла стартам для распрацоўкі такога партала, Міхаіл адказаў так:
“Па-першае, мая адукацыя прадугледжвае падобны від дзейнасці. Па-другое, маю ідэю падтрымала кіраўніцтва, і, па-трэцяе, пра інфарматызацыю ў краіне гавораць на самым высокім ўзроўні.

Суразмоўца ўдакладняе, што новы партал не мае пад сабой мэты, што Нацыянальны парк зможа за кошт гэтага неяк зарабіць фінансавыя сродкі – гэта не яго сутнасць, але дапамагчы сістэматызаваць усе веды ў адно цэлае – відавочна, што так.
“Як казаў Генры Форд “Зэканомленыя грошы – гэта заробленыя грошы! ” – цытуе малады чалавек.

Міхаіл таксама перасцерагаецца: “Мне не хацелася б забягаць наперад і рабіць са сваёй распрацоўкі нешта незвычайнае. Яшчэ трэба шмат чаго напрацаваць. Партал спачатку павінны засвоіць усе яго карыстальнікі, а затым ён павінен даказаць сваю эфектыўнасць”.
Таксама падчас размовы Міхаіл расказаў, што Палессе яму запала ў самае сэрца.

“Тут жывуць працавітыя людзі, навокал прыгожыя краявіды, ціха і спакойна. Напэўна, гэта менавіта тое, што трэба такому чалавеку як я, што большую частку свайго жыцця правёў у гарадской мітусні. Загадваць наперад не буду, як складзецца маё жыццё, адно ведаю напэўна: я імкнуся быць карысным у моманце. Мне таксама хочацца стварыць нейкі моладзёжны канал у сацыяльных сетках, каб была магчымасць знаёміцца з рабятамі майго ўзросту і разам цікава бавіць час у Ляскавічах”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о