Суботнім надвячоркам у амфітэатры ў гарадскім парку было людна: са справаздачным канцэртам перад гараджанамі і гасцямі Петрыкава выступалі выхаванцы, выпускнікі і педагогі студыі танца “Angelina”. Станоўча, што падобнае жнівеньскае мерапрыемства стала ўжо традыцыйным, аматары харэаграфіі радуюць землякоў 4-ты год.

Яшчэ адной характэрнай рысай імпрэзы быў традыцыйны конкурс прыгажосці, які на гэты раз праходзіў сярод маладых людзей.
Мерапрыемства пачалося з прадстаўлення журы, пасля чаго прысутным прапанавалі акунуцца ў свет танца. На сцэне знайшлося месца і сучаснай харэаграфіі, і шчырым дзіцячым танцавальным пастаноўкам у выкананні самых маленькіх удзельніц канцэрта. Пабачыць можна было і фантазіі на этнічныя матывы розных народаў.
Пастаноўкі чаргаваліся з вакальнымі кампазіцыямі ў выкананні маладых артыстаў Петрыкаўшчыны вакальнай студыі “Свае Дзеці” – новага творчага напрамку ў рабоце арганізатараў. І тут праграма была разнастайнай: пачуць можна было і не старэючыя савецкія шлягеры, і сучасныя эстрадныя песні.
У той жа час, дэманстравалі свае здольнасці і маладыя людзі: яны выходзілі на сцэну ў сучасных летніх вобразах, што паслужыла адмысловай візіткай кожнага ўдзельніка. Праяўлялі свае здольнасці хлопцы і ў кулінарнай галіне – на суд журы былі прадстаўленыя папулярныя бургеры, прыгатаваныя загадзя. Магчыма, без дапамогі прыгожай паловы і не абышлося, але выглядалі стравы не горш, чым на рэкламных білбордах рэстаранаў хуткага харчавання.
Усё гэта спалучалася ў сапраўдны карагод таленту. Трэба заўважыць, што і публіка актыўна падтрымлівала канкурсантаў і артыстаў. Стварылася нават уражанне, што людзі паважанага ўзросту, якіх было ў гэты вечар сярод гледачоў не мала, не менш гучна і шчыра рэагуюць на імпрэзу, чым моладзь. Ва ўсялякім разе, удзячных апладысментаў хапіла ўсім, хто выходзіў у гэты суботні вечар на сцэну. Задача максімальнай камунікацыі аўдыторыі і выступаючых была, на мой сціплы погляд, выканана ў поўнай меры.
Пасля чарговых харэаграфічных пастановак і вакальных кампазіцый канцэрт наблізіўся за сваёй кульмінацыі – удзельнікі конкурсу пад папуры сучасных мелодый дэманстравалі артыстызм, пачуццё рытму, харэаграфічныя якасці і сваю здольнасць трымацца на сцэне. Мне падалося, што маладыя людзі з лёгкасцю справіліся з заданнем, чаго нельга сказаць пра журы: здаецца людзям, што судзілі гэты конкурс прыгажосці, прыйшлося складана. Прынамсі, на мой погляд, яўнага фаварыта сярод хлопцаў не было: усе справіліся з творчым заданнем на выдатна. Уласна на мой густ, складана нават было вылучыць лепшых – так арганічна ўдзельнікі рухаліся на сцэне разам.
Надышоў час падвядзення вынікаў. Перад цырымоніяй узнагароджання кіраўнік студыі танцаў Наталля Бурмістрава звярнулася са словамі падзякі да харэографа Анастасіі Прысады, спонсараў мерапрыемства і ўсіх, хто дапамагаў танцорам арганізаваць гэты цудоўны канцэрт: “З упэўненасцю магу адзначыць: я шчаслівы чалавек, бо лёс звёў мяне з камандай сапраўдных прафесіяналаў, улюблёных у сваю справу. Штогод нашу ініцыятыву справаздачнага мерапрыемства падтрымліваюць на ўсіх ўзроўнях. Ніхто з тых, да каго мы звярталіся, не адмаўляў у дапамозе. Спадзяюся, што на перадзе нас чакае скарэнне новых вяршыняў і гэта цалкам па сілах нашай таленавітай моладзі”.
Пачалося ўзнагароджанне, удзельнікі атрымалі шэраг падарункаў. Прыз сімпатый гледачоў атрымаў Максім Жукавец, а званне «Summer King» і сімвалічная карона “Уладара лета” дасталася Уладзіславу Саламаю. Адпачынак моладзі працягнуўся дыскатэкай.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа Культурная кульмінацыя лета:  сучасна і прыгожа

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о