“ПН” падвялі вынікі раённага этапа абласнога конкурсу для маладых журналістаў і блогераў.

Маладыя журналісты і блогеры:  хто перамог у конкурсе?

Дарэчы, пунктам па прыёме заявак была менавіта нашая рэдакцыя. А прычына простая – пазнаёміцца з работамі маладых петрыкаўчан і жыхароў раёна, даведацца пра творчы патэнцыял, магчыма, пазнаёміцца з будучымі калегамі.

Мы атрымалі некалькі работ у жанры эсэ ад навучэнцаў Бабуніц-кай, Капаткевіцкай, Брынёўскай сярэдніх школ, настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1, відэарэпартажы ад вучняў з гімназіі, сярэдняй школы № 2, Пціцкай і Мышанскай сярэдніх школ, фотарэпартаж прадставіў хлопец з Ляскавіцкай школы. Усе работы былі прысвечаны тэме “Адкрый свой горад (раён) усёй краіне”.

Хочацца адзначыць, што ўдзельнікі творча падышлі да ўмоў конкурсу – з незвычайнай падачай, нестандартным сюжэтам, цікавай канцэпцыяй. Аднак былі і тыя, хто выканаў не ўсе патрабаванні палажэння. У любым выпадку, як адзначыла рэдактар выдання Галіна Казак, мы гатовы прыняць пад сваё крыло цікавых, амбіцыйных маладых людзей, іх арыгінальныя ідэі абавязкова знойдуць сваё месца на старонках нашага выдання.

Не будзем стамляць чытачоў і агучым імёны пераможцаў.
У жанры “Відэасюжэт” першае месца ў навучэнцаў другой гарадской школы Марыі Блінец і Яраслава Іванова. У жанры “Фотарэпартаж” – вучня Ляскавіцкай сярэдняй школы Ягора Кончыца, у жанры “Друкаваны матэрыял” – Марыі Валенцейчык з Бабунічаў.

Работы канкурсантаў адправяцца на абласны этап, дзе канкурэнцыю ім складуць маладыя журналісты і блогеры з іншых раёнаў Гомельшчыны і абласнога цэнтру. Пажадаем землякам поспеху!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о