20 лістапада на базе ФАК у Петрыкаве прайшлі раённыя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту, прысвечаныя Году гістарычнай памяці.

Прыемна адзначыць, што ў спаборніцтвах прынялі ўдзел многія спартсмены сярэбранага ўзросту. Самаму старэйшаму ўдзельніку было 77 гадоў. Радуе, што цяга да здаровага ладу жыцця не згасае ў жыхароў нашага раёна і па сённяшні дзень.
На конкурс падалі заяўкі 20 чалавек, з іх 7 жанчын. Згодна з рэгламентам, залік праводзіўся асобна для мужчын і жанчын. А змагацца было за што: дыпломы, медалі і каштоўныя прызы ад аргкамітэта. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме.

У выніку напружанай барацьбы ў фінал выйшлі Галіна Вабішчэвіч і Аксана Кавальчук. Апошняя была мацней у дзвюх партыях. За трэцяе месца змагаліся Марына Корж і Кацярына Хамец, апошняя выйшла наперад з лікам 2:0.

У мужчын барацьбу за прызавое месца таксама можна назваць напружанай. Гульня Уладзіміра Літоша і Васіля Пінчука вывела першага ў галоўны фінал.

У фінальнай частцы самы вопытны тэнісіст Сяргей Карасевіч пацвердзіў свой клас, перамогшы па чарзе Уладзіміра Літоша і Мікалая Антанішына з лікам 2:0. У сваю чаргу Мікалай Антанішын у паядынку за серабро перамог Уладзіміра Літаша з такім жа лікам.

Узнагароджанне пераможцаў адбылося пад бурныя апладысменты. Так, “золата” дасталася Аксане Кавальчук і Сяргею Карасевічу, “срэбра” — Галіне Вабішчэвіч і Мікалаю Антанішыну, “бронза” — Кацярыне Хамец і Уладзіміру Літашу.

Усе прызёры былі ўзнагароджаны медалямі, каштоўнымі прызамі і дыпломамі.
Удзельнікі хоць і стаміліся ад 4-гадзіннага спаборніцтва, пазітывам зарадзіліся надоўга.
Падводзячы вынік, хачу выказаць удзячнасць сектару фізічнай культуры і спорту, ФСК “Ураджай” за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства, за прадастаўлены інвентар і ўзнагароды.
Сімвалічнай у гэты дзень стала песня, што гучала ў час спаборніцтваў: “Каманда маладосці нашай”. Да новых сустрэч!

Аляксей КАЮКАЛА,
кіраўнік ГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”.
Фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о