18 лістапада на Петрыкаўшчыне адзначалася жалобная дата – 80 гадоў таму нямецкія акупанты расстралялі і спалілі 364 жыхары вёскі Вялікія Сялюцічы.
На мітынг-рэквіем каля помніка ахвярам фашызму, усталяванаму на месцы трагедыі, сабраліся прадстаўнікі ўлады, мясцовыя жыхары, землякі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, культуры. Амаль год як у краіне падпісаны Закон аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, агучаны новыя прыклады зверства фашыстаў над мірным насельніцтвам. Але калі ў чарговы раз слухаеш пра факты забойства землякоў – кроў стыне ў жылах, а розум адказваецца верыць у праўду.
Карнікі ўварваліся ў Вялікія Сялюцічы зранку. Жаночы плач, дзіцячы крык напоўнілі ваколіцу. Многія жыхары, убачыўшы немцаў, пачалі бегчы да лесу. Але шлях быў перакрыты: аўтаматныя чэргі “скасілі” каго на агародзе, каго ля самага лесу. Некаторыя вяскоўцы пачалі хавацца ў склепах, студнях, раней выкапаных зямлянках. Выратавання не было – іх знаходзілі, выцягвалі і заганялі ў крайнія хаты. Тых, хто спрабаваў уцякці – расстрэльвалі. Пасля наступіла самае жахлівае – немцы аблілі керасінам хаты і падпалілі іх.
На наступны дзень у вёску прыйшлі партызаны. Іх успаміны жудасныя. Усюды ляжалі нежывыя, знявечанныя жыхары. Снег на зямлі быў пакрыты чырвонымі пятнамі. У студні, куды схаваліся дзяўчаты, было крывавае месіва – фашысты знайшлі іх і закідалі гранатамі. На плоце вісела мёртвае дзіця, а каля яго ляжала акрываўленая маладая жанчына. Толькі некалькі жыхароў населенага пункта, якіх не было ў час трагедыі ў вёсцы, засталіся ў жывых.
У час мітынгу гучалі вершы, словы памяці загінуўшым землякам, а хвіліна маўчання нагадала, якім коштам заваёвана нашае мірнае неба над галавой. Прысутныя назвалі імёны ўсіх жыхароў Вялікіх Сялюціч, якія бязвінна палі ў той страшны дзень і ўсклалі да помніка кветкі.
– У нашых сэрцах заўсёды будзе жыць памяць пра тых, хто загінуў у той бязлітаснай, суровай вайне. Сённяшні мітынг, гэта яшчэ адна нагода ўсвядоміць, у якой цудоўнай, мірнай, светлай краіне мы жывём, і патрэбна рабіць усё каб не было паўтарэння той страшнай трагедыі, якая напаткала наш народ, – адзначыла ў звароце да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько. – Мы жывём на мірнай зямлі, а наша Петрыкаўшчына адна з прыгажэйшых мясцін у краіне, і ўсё гэта дзякуючы гераізму народа ў гады Айчыннай вайны. Наш абавязак заўсёды памятаць пра гэты вялікі, бессмяротны подзвіг.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о