Днямі адзначыла 90-годдзе наша зямлячка, заслужаны настаўнік БССР Ядвіга Пятроўна Грыб. Колькі маленькіх петрыкаўчан навучыла пісаць і чытаць за гады працы ў школе юбілярша – злічыць немагчыма. Яна заўсёды адрознівалася душэўнасцю і вельмі любіла сваіх вучняў. Былога педагога да сённяшняга дня ставяць як прыклад адданасці абранай справе. У святочны дзень было шмат кветак, тэлефонных званкоў з віншаваннямі, але, мабыць, галоўнай узнагародай жыцця стала прысутнасць блізкіх. У знамянальны дзень з Ядвігай Пятроўнай побач былі дзеці, унукі і праўнукі. Родныя сабраліся ў бацькоўскай хаце, каб выказаць словы любові і падзякі.
– Я – шчаслівы чалавек, бо ўсё жыццё займалася справай, да якой ляжала душа, – кажа гераіня. – Побач са мною любімыя людзі. Я не дарэмна пражыла свой век.

Чалавек вялікай душы

Ваеннае дзяцінства
Перад нашым знаёмствам з Ядвігай Пятроўнай, старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі перадала ў рэдакцыю відэазапісы ўспамінаў былога педагога пра часы свайго дзяцінства. У іх – трагічная праўда выжывання беларускіх дзяцей у часы ваеннага ліхалецця. Трэба адзначыць, што лёс не шкадаваў дзяўчынку яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Калі ёй было пяць гадоў, бацьку саслалі ў Сібір – абвінавацілі ў незаконнай выдачы драўніны. Праўда, пасля прыйшоў дакумент, у якім гаварылася, што бацька яе не павінны і прыкладзеныя восемдесят пахавальных рублёў. У сям’і, акрамя Ядвігі, падрасталі дзве сястры і брат. Гадаваць пяцёра дзяцей маці было няпроста, але асабліва цяжка стала падчас вайны. Вялікая Айчынная вайна застала маю гераіню дзевяцігадовай дзяўчынкай на радзіме, у вёсцы Найда Жыткавіцкага раёна.
– Калі немцы прыйшлі ў вёску, было вельмі страшна. Акупанты распраўляліся з тымі, хто меў сувязь з партызанамі, забівалі дзяцей, здзекваліся над жанчынамі, – успамінае суразмоўца. – Колькі дзесяцігоддзяў прайшло, а я памятаю карціну, што бачыла з акна: маладую жанчыну за валасы прывязалі да хваста каня і пусцілі жывёлу галопам па вёсцы.
Ядвіга Пятроўна ўспамінае, што ў іх хаце пасяліліся тры немцы, і ў адным з пакояў складвалі забітых людзей. Яна вельмі баялася, каб і яе не забілі, як многіх аднавяскоўцаў. Дзеці жылі ў хляве, бегалі ў хату пагрэцца, бывала, начавалі пад печчу з курамі. Не сцерлася з памяці і тое, як яны з братам, каб выжыць, будучы дзецьмі, браліся за любую дарослую работу. І вядома, яна ніколі не забудзе той дзень, калі аб’явілі пра капітуляцыю Германіі. Гаворыць, што здавалася, нават паветра было літаральна прасякнута шчасцем.
Справа ўсяго жыцця
Да вайны Ядвіга Пятроўна скончыла тры класы. Першая настаўніца Марыя Туравец пакінула яркі след у яе жыцці, стала прыкладам сапраўднага настаўніка і чалавека для дзяўчынкі.
– Я сабе дала слова, што як Марыя Мікіцічна стану настаўніцай і абавязкова пачатковых класаў, – дзеліцца суразмоўца. – Як толькі закончылася вайна, я працягнула вучобу ў суседняй вёсцы Грэбень. Хадзіла пешшу, у лапцях, а бывала і басанож. Была адной з лепшых вучаніц у школе.
Вучыцца ёй заўсёды падабалася. Скончыла школу і паступіла ў Капцэвіцкае педагагічнае вучылішча, у якім правучылася два гады. Два гады – у педвучылішчы Петрыкава. Займалася на выдатна, атрымлівала стыпендыю. Як выдатніцу педагагічнай практыкі, яе запрасілі на працу ў гарадскую школу № 1 імя У.І.Леніна, якой яна аддала ўсё прафесійнае жыццё. Педагагічная і грамадская дзейнасць была насычаная. Адкрытыя ўрокі, школа перадавога вопыту, ролі ў драмгуртку Дома культуры – заўсёды педагог была ў ліку першых. Творчая праца педагога была высока ацэнена. У яе скарбонцы шмат падзяк і ўзнагарод. Знакавыя для яе – медалі “За доблесную працу”, “Пераможца сацыя-лістычных спаборніцтваў 1975-1976”, грамата Міністэрства асветы БССР. А ў 1976 годе педагог атрымала вышэйшае званне настаўніцкай місіі – “Заслужаны настаўнік БССР”.
– За час працы ў школе я ніводнае дзіця не прынізіла: ні словам, ні ўчынкам, – дзеліцца юбілярша. – Для мяне заўсёды было важным – кім ты застанешся ў памяці вучня? Я лічыла сваім абавязкам дапамагчы дзіцяці ў любой сітуацыі.
Яна часта разглядвае фота-здымкі сваіх падапечных. За доўгае працоўнае жыццё, колькі іх, хлопчыкаў і дзяўчынак, прайшло праз яе сэрца і душу!
Дарэчы, творчае жыццё ветэран працы вяла і пасля выхаду на заслужаны адпачынак – была актыўнай удзельніцай хора ветэранаў да васьмідзесяці чатырох гадоў.
Сапраўднае шчасце
На стале ляжаць фотаздымкі Ядвігі Пятроўны розных гадоў. Ёй дваццаць. Перада мною прыгожая, стройная маладая настаў-ніца, ды яшчэ разумная і лагодная. У жыцці маёй суразмоўцы было шмат цікавых падзей, яркіх дат, светлых і радасных імгненняў. Адзін з самых памятных, дарагіх і шчаслівых дзён – сустрэча з будучым мужам Пятром Іосіфавічам, які, будучы кінамеханікам, прыехаў у школу “круціць” кіно. Расказвае, што сямейнае жыццё было, як і ў многіх: часам роўнае і простае, нярэдка складанае, але заўсёды шчаслівае. Калі муж пайшоў з жыцця, здолела знайсці сілы, каб жыць далей. Шмат у чым дапамаглі дзеці – сын і дачка. Яны ў яе абодва творчыя людзі з музычнай адукацыяй. Аляксандр вучыўся ў Мінскай кансерваторыі па спецыяльнасці “Баян”. Наталля закончыла Віцебскае музычнае вучылішча, яна – піяністка. Не адзін год адораныя музыканты натхнялі сваёй працай навучэнцаў у Петрыкаўскай школе мастацтваў. Яны падарылі маці траіх унукаў, а тыя ў сваю чаргу – чацвёра праўнукаў.
Напрыканцы нашай размовы Ядвіга Петроўна зазначыла, што ўсё жыццё прытрымлівалася правіла: толькі ідучы наперад здужае складаную дарогу, пераадолее цяжкасці і набудзе гармонію з акружаючым светам.
Ёй гэта ўдалося.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота з архіва сям’і Грыб.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о