Грамадства без наркотыкаў – наш выбар

0
495

Арганізацыя аб’яднаных нацый афіцыйна назвала наркаманію адной з трох галоўных пагроз цывілізацыі – нараўне з ядзернай вайной і экалагічнай катастрофай. Без перабольшання наркотыкі і наступствы іх ужывання ўздзейнічаюць на рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў у розных сферах: дэмаграфічнай, сацыяльнай, эканамічнай, грамадскай бяспекі. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі сітуацыя знаходзіцца пад пастаянным пільным кантролем з боку сілавых структур, узровень нарказлачыннасці з году на год не толькі не зніжаецца, але, на жаль, і расце. Мы сустрэліся з начальнікам РАУС Аркадзем Масійчуком, каб пагаварыць пра работу па выяўленні і папярэджанні фактаў нарказлачыннасці на Петрыкаўшчыне.

Грамадства без наркотыкаў – наш выбар– Аркадзь Мікалаевіч, якая сітуацыя з нарказлачыннасцю ў Петрыкаўскім раёне?

– У вытворчасці Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь знаходзіцца крымінальная справа, узбуджаная ў лютым бягучага года па частцы 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да ўраджэнца Украіны, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у арганізаваную групу, што займаецца злачыннай дзейнасцю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у сферы незаконнага абароту асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, і, дзейнічаючы сумесна з неўстаноўленымі асобамі ў ходзе выканання сваіх абавязкаў у якасці кур’ера, рэалізаваў намер, накіраваны на незаконныя, з мэтай збыту, набыццё, захоўванне і перавозку асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах. Так, знаходзячыся ў горадзе Мазыры, мужчына набыў шляхам “закладкі” скрутак з парашкападобным рэчывам вагой амаль 15 грамаў, якое для збыту перавёз у Петрыкаўскі раён. 6 лютага ў 20 гадзін 50 хвілін паблізу будынка магазіна ў пасёлку Капцэвічы быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па падазрэнні ў незаконным абароце наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Падчас асабістага вобыску выяўлена і канфіскавана вышэйзгаданае псіхатропнае рэчыва.

Будучы дапытаным у якасці абвінавачанага, мужчына віну ў здзейсненым злачынстве прызнаў цалкам, пры гэтым растлумачыў, што наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы ўжывае з дзяцінства (у сілу ўтворанай залежнасці пастаянна насіў іх пры сабе і на працягу дня спажываў, нягледзячы на сваё месца знаходжання), іх набыццё ажыццяўляў у Інтэрнэт-краме, шляхам выяўлення па геаграфічных каардынатах схованак з “закладкамі”, у тым ліку на тэрыторыі Петрыкава. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся і ў поле зроку супрацоўнікаў праваахоўных органаў не трапляў. Паведаміў, што злачынства здзейсніў з-за жадання зарабіць грошай, бо звольніўся з асноўнага месца працы і пастаяннага прыбытку не меў.

Як бачым, нягледзячы на шырокую інфармацыйную работу праваахоўнікаў у сродках масавай інфармацыі пра непазбежнасць і сур’ёзнасць пакарання, жадаючых зарабіць “хутка і лёгка” менш не становіцца.

Расце колькасць выяўленых злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў з удзелам непаўналетніх. Сёння ўсё часцей наркагандляры актыўна далучаюць у свае схемы моладзь, якая стала больш ахвотна рэагаваць на прапановы “лёгкага заробку” праз інтэрнэт-пляцоўкі ў сацыяльных сетках і месэнджарах. Якая работа праводзіцца праваахоўнікамі Петрыкаўшчыны па недапушчэнні ўцягвання непаўналетніх землякоў у наркабізнес?

– Як правіла, у пераважнай большасці выпадкаў, непаўналетнія не з’яўляюцца спажыўцамі наркотыкаў, а, здзяйсняючы супрацьпраўныя дзеянні па незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы і збыце псіхатропных рэчываў, пераследуюць мэту матэрыяльнай выгады, якая выяўляецца ў атрыманні грашовых сродкаў ад іх злачыннай дзейнасці. Прафілактычную і тлумачальную работу з непаўналетнімі і іх бацькамі амаль штодзень праводзяць супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх. Яны наведваюць установы адукацыі, бацькоўскія сходы, тлумачаць спосабы і метады ўцягвання дзяцей у нарказлачынствы, апісваюць прыкметы паводзін, што на гэта ўказваюць. Маладое пакаленне сёння павінна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Да таго ж праводзіцца вялікая тлумачальная работа па давядзенні інфармацыі пра пакаранне за нарказлачынствы.

– Прапаную нагадаць нашым грамадзянам меры адказнасці за ўжыванне і распаўсюджанне наркатычных рэчываў.

– Нагадаю, што за ўжыванне наркатычных сродкаў у Рэспубліцы Беларусь прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, якую непаўналетнія нясуць, пачынаючы з 16-гадовага ўзросту. Згодна з часткай 3 артыкула 19.3 Адміністрацыйнага кодэкса, з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым спажываннем без прызначэння ўрача-спецыяліста наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 10 базавых велічынь. Частка 5-я гэтага артыкула ўжо прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 15 базавых велічынь за спажыванне наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў у грамадскім месцы. Такім жа штрафам караецца і адмова ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану, выкліканага спажываннем забароненых сродкаў і рэчываў.

Дарэчы, калі падлетак ведае, хто яму збыў наркатычнае рэчыва, і гатовы прадаставіць супрацоўнікам міліцыі інфармацыю ў дачыненні да гэтай асобы, то ён вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.

На сёння адпаведна артыкула 328 за збыт (распаўсюджанне) наркотыкаў для непаўналетніх прадугледжана мінімальная крымінальная адказнасць тэрмінам ад 10 гадоў пазбаўлення волі.

Па частцы 5-й гэтага артыкула дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12-ці да 25-ці гадоў са штрафам ці без штрафу.

Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 2 або 3 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай або спалучаныя з вырабам або перапрацоўкай наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў з выкарыстаннем лабараторнага посуду або лабараторнага абсталявання, прызначаных для хімічнага сінтэзу, – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10-ці да 20-ці гадоў са штрафам ці без штрафу.

Дзеянні, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, учыненыя групай асоб, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя гэтым артыкулам, артыкуламі 327, 329 або 331 гэтага Кодэкса, або ў адносінах да наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у буйным памеры, або ў адносінах да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, воінскай часці, папраўчай установы, у месцах утрымання пад вартай, лячэбна-працоўным прафілакторыі, у месцы правядзення масавага мерапрыемства або загадзя непаўналетняму – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8-мі да 15-ці гадоў са штрафам або без штрафу.

Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў – караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5-ці да 8-мі гадоў са штрафам або без штрафу.

– Чаго не хапае нам: грамадству, праваахоўнікам – у барацьбе з нарказлачыннасцю?

– Для таго, каб ухіліць праблему цалкам, на мой погляд, трэба змяніць спачатку стаўленне людзей да наркотыкаў у цэлым: дагэтуль ёсць нямала грамадзян, што не ўсведамляюць непазбежнасць пакарання і ўсяго маштабу патэнцыйнай катастрофы.

Так, па вышэй згаданым выпадку, за ўчыненне злачынства ў складзе арганізаванай злачыннай групы прадугледжана пакаранне ад 10-ці да 20-ці гадоў пазбаўлення волі. Немалы перыяд жыцця, якім чалавек свядома ці не “ахвяруе” на карысць згубнай звычкі ці жадання зарабіць.

– Якія парады вы можаце даць бацькам непаўналетніх?

– У летні перыяд дзеці часта знаходзяцца пад наглядам бабуль, дзядуляў, а то і ўвогуле выпадаюць з-пад кантролю. А гэта можа прывесці да розных непрыемных сітуацый – дзеці могуць стаць ахвярамі злачынстваў. Таму пераканаўча просім бацькоў, нягледзячы на іх занятасць, старанна кантраляваць сваіх сыноў і дачок, асабліва ў вячэрні час.

Адзначу яшчэ раз, што супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх у летні час традыцыйна праводзяць цэлы спектр мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў у маладзёжным асяроддзі.

Калі ўсе суб’екты прафілактыкі паставяцца да справы сур’ёзна, а не фармальна, то абавязкова будзе вынік – усё гэта будзе працаваць на папярэджанне, на бяспеку нашых дзяцей.

Гутарыла Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о