Горны інжынер –  прафесія перспектыўная

З мэтай прыцягнення маладых кадраў для Петрыкаўскага рудаўпраўлення, работнікі факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ правялі прафесійную арыентацыю сярод школьнікаў Петрыкаўшчыны. Выкладчыкі на чале з дэканам наведалі гарадскія ўстановы адукацыі, а таксама Бабуніцкую сярэднюю школу. Прысутнічалі на мерапрыемстве і былыя студэнты БНТУ ФГСЭ, якія сёння працуюць на Петрыкаўскім рудаўпраўленні ААТ “Беларуськалій”. Спецыялісты падзяліліся са старшакласнікамі актуальнай інфармацыяй пра спецыфіку работы, адказалі на ўсе пытанні і расказалі пра перспектывы абранай прафесіі. Пра студэнцкае жыццё распавяла студэнтка 3 курса Дар’я Пількевіч, выпускніца ДУА “Сярэдняя школа №2 горада Петрыкава”. Работнікі і навучэнцы школы былі вельмі радыя бачыць сваю зямлячку.
Звяртаючы ўвагу на перспектывы навучання ў БНТУ, супрацоўнікі навучальнай установы расказалі пра развіццё раёна ў частцы распрацоўкі Петрыкаўскага радовішча калійных соляў. Так, разліковы тэрмін вядзення горных работ з улікам запасаў, зададзенай праектнай магутнасці і аптымізацыі работы кожнага прамысловага гарызонту, па інфармацыі гасцей, складае каля 90 гадоў.
Прафесія перспектыўная – гэта відавочна, таму не дзіўна, што па выніках прафарыентацыйнай сустрэчы шэраг выпускнікоў выказалі жаданне пазнаёміцца з факультэтам бліжэй.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о