Трэнер па цяжкай атлетыцы ДЮСШ Петрыкаўскага раёна. Майстар спорту Беларусі, майстар спорту міжнароднага класа WRPF і яшчэ чатырох федэрацый, што паставіў чатыры рэкорды краіны ў паўэрліфтынгу, двухразовы чэмпіён Кубка Еўропы і чэмпіён краіны больш за дзясятак разоў. Паспяховы трэнер, які падрыхтаваў некалькі дзясяткаў спартсменаў. Гэта далёка не поўны спіс дасягненняў нашага героя Іллі Марчанкова.

Трэба любіць сваю справу

– Нарадзіўся я ў Хойніках, але з маленства жыву ў Капаткевічах. Сяброўства са спортам пачалося з самага дзяцінства: у 8-гадовым узросце я пачаў займацца з гантэлямі, на перакладзіне. Мой першы трэнер – Міхаіл Адамавіч Сухарэнка, навучаў нас у свой час каратэ. Паралельна я пачаў наведваць трэнажорную залу. Найлепш у мяне пачало атрымлівацца ў жыме, якому і пачаў надаваць больш увагі. Увесь гэты час поруч са мной быў мой лепшы сябра Андрэй Кашэвіч: напачатку мы спаборнічалі, а зараз я ўзрадаваны тым, што ён працягвае заняткі спортам і падтрым-лівае бліскучую форму!
На пытанне “Ці не было спакусы, паглядаючы на адногадкаў, усё кінуць?”, Ілля Васільевіч адказвае, што вобраз, які сфар-міраваўся ў дзяцінсве, быў настолькі моцным, што ён не ўяўляў сваё жыццё інакш, як поруч са спортам. “Мы заўсёды знаходзілі з сябрамі агульную мову, але змяняць звыклы лад жыцця на карысць цыгарэты ці кубка з алкаголем у мяне не было жадання”.
Ілля Марчанкоў выхаваў чатырох майстроў спорту і звыш паўтара дзясятка кандыдатаў у майстры спорту. А калі падлічыць усіх, з кім займаўся спецыяліст, то набярэцца каля сотні рабят, што атрымалі спартыўнае званне.
Па словах мужчыны, самае складанае ў трэнерскай рабоце – маральная падрыхтоўка выхаванцаў. Інфармацыйнае поле, у якім знаходзяцца дзеці, вельмі забруджана, таму трэба праводзіць шмат работы, каб стварыць у моладзі годныя прыярытэты. Напэўна, адзін з самых дзейсных метадаў тут – асабісты прыклад.
У Іллі Васільевіча былі перспектывы застацца ў Гомелі, Мінску, але родныя мясціны цягнулі. Урэшце, дзякуючы трэнерскай дзейнасці, распачатай з 2010 года, Капаткевічы зараз з’яўляюцца своеасаблівай сталіцай паўэрліфтынгу, калі лічыць колькасць спартсменаў са званнямі і тытуламі на душу насельніцтва. Гэта з’яўляецца яскравым паказчыкам таго, што быць чэмпіёнам Беларусі і Кубку Еўропы можна і пражываючы ў правінцыі. І гэта пры тым, што Ілля Марчанкоў не быў фізіялагічна схільны да абранага віду спорту:
– У мяне тонкае запясце, маленькая далонь, я менш падобны на асілка, чым, напрыклад, на весляра. Тым не менш, вынікі гавораць самі за сябе, бо ў свой час я дакладна акрэсліў сваю мэту і ішоў да яе.
На просьбу адкрыць таямніцу поспеху, Ілля Марчанкоў ад-значыў, што на першым месцы павінна быць сям’я: добразычлівая атмасфера, любоў і падтрымка блізкіх будзе сілкаваць чалавека нібы ядзерны рэактар, падорыць крылы. Другая важная акалічнасць – знайсці справу, якая падабаецца. “Усё павінна ісці ад душы і сэрца, а не дзеля кашалька і халадзільніка. Калі атрымліваецца наадварот і ўсе думкі і намаганні чалавека толькі ў памнажэнні матэрыяльнага дабрабыту – наўрад ці асоба будзе паспяховай”, – падзяліўся спартсмен.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о