У панядзелак, 28 лютага, Добраахвотнае таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту адзначыла 95-гадовы юбілей.
Зараз ДТСААФ – сучаснае аб’яднанне, што рыхтуе насельніцтва да абароны краіны, садзейнічае патрыятычнаму выхаванню, удзельнічае ў падрыхтоўцы моладзі да ваеннай службы і працоўнай дзейнасці. Згадзіцеся, гэтыя задачы выклікаюць у нас атаесамленне са справай мужчынскай. Але сёння ўжо зусім не здзіўляльна бачыць у якасці майстра па навучанні кіраваннем транспартным сродкам жанчыну. Знаёмцеся, Галіна Адась.

ДТСААФ – 95!
Два гады Галіна Міхайлаўна навучае землякоў кіраванню легкавіком. Дагэтуль жанчына працавала на харчблоку ў бальніцы, потым прыбіральшчыцай у банку. Але з дзяцінства марыла навучаць кіраванню. Таму, калі з’явілася адпаведная прапанова – доўга не разважала.
– Дарога, як кажуць, памылак не даруе, таму да працы мы ставімся адказна і пільна, намагаемся знайсці індывідуальны падыход да кожнага падапечнага, бо ўсе яны розныя. Разам з тым, характэрныя асаблівасці ў розных узроставых катэгорый ёсць. Маладое пакаленне, вядома, больш спрыяльна засвойвае новыя веды і навыкі. Людзям сярэдняга і паважанага ўзросту трэба больш часу, каб авалодаць кіраваннем аўтамабіля. Мужчыны, вядома, лепш ла-дзяць з тэхнікай, жанчынам патрэбна крыху больш тлумачыць. Акрамя гэтага, калі на аўтадроме будучыя вадзіцелі пачынаюць трымацца ўпэўнена, выезд на дарогі агульнага карыстання выклікае ў пэўных навучэнцаў хваляванне. Мы рыхтуем іх псіхалагічна, паслядоўна ўскладняем задачы.
Але галоўная наша мэта – гэта спрыяць разуменню: гатовы ты да паўнавартаснага кіравання транспартным сродкам, альбо не. І тут, я лічу, у нас ёсць поспехі, бо некаторыя нашыя падапечныя, усвядоміўшы, што ім патрэбны дадатковы вопыт, звяртаюцца ў ДТСААФ за дадатковымі платнымі га-дзінамі кіравання. Усё гэта значыць, што яны прыходзяць да нас не проста за “дакументам”, а разумеюць вялікую адказнасць, што ўскладаецца на вадзіцеля, – адзначыла Галіна Адась.
Нехта можа заўважыць: ну і што? Працуе жанчына не так доўга, з чаго тут распавядаць пра свой невялікі стаж і двухгадовы вопыт? І гэтая заўвага мела б рацыю, калі б не звароты ў ДТСААФ ад жыхароў Петрыкаўшчыны з просьбай трапіць на навучанне менавіта да Галіны Міхайлаўны.
– Я прысвячаю многа часу самаадукацыі і праз інтэрнэт пераймаю вопыт у такіх жа жанчын-майстраў. Так, па маім назіранні, жанчынам прасцей зразумець адна адну і гэта мая перавага. Магчыма, некаторыя прадстаўніцы цудоўнай паловы адчуваюць сябе больш спакойна, калі іх майстар – жанчына, – падзялілася суразмоўца.
Як паведаміў кіраўнік раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Рудзько, Галіна Адась – адна з лепшых па прафесіі.
На пытанне “Што новага прапануе райструктура?”, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў:
– У мінулым годзе мы распачалі перападрыхтоўку навучэнцаў з катэгорыі “В” на “А”, якая патрэбна вадзіцелям, што не маюць двухгадовага вопыту кіравання матацыклам невялікай магутнасці катэгорыі “А1”. У гэтым годзе мы ажыццяўляем перападрыхтоўку з катэрорыі “В” на “D” і навучэнцы, што атрымаюць права кіравання аўтобусам, аўтаматычна атрымаюць і катэгорыю “С” – права кіравання грузавым аўтамабілем.
З 28 лютага распачаўся месячнік абаронча-патрыятычнай і спартыўнай работы, прысвечаны Дню абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, тэлеканал АНТ прысвяціў ДТСААФ 12-серыйны фільм “Мечтай. Действуй. Будь”, які выйшаў на экраны на мінулым тыдні.
Разам з тым, райструктура таварыства рыхтуе шэраг мерапрыемстваў да юбілею аб’яднання: гэта і наведванне школ, і ўдзел у круглых сталах і дыялогавых пляцоўках, а таксама спартыўныя мерапрыемствы.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о