Горад, што адраджаўся на старых мурах

0
461

Набліжаецца запаветная падзея – святкаванне 500-годдзя нашага горада. Многа гэта, ці мала? Што стаіць за гэтымі падзеямі і ўвогуле, як даследчыкі вызначаюць “дзень нараджэння” таго ці іншага населенага пункта? Давайце разбірацца.

Горад, што адраджаўся на старых мурахЯк мы ўжо пісалі ў матэрыяле “Імем яцвяжскага князя ў сівым паданні” у № 26 ад 1 красавіка гэтага года, першы погляд на гістарычныя звесткі пра горад можа выклікаць неразуменне. Спачатку мы можам даведацца, што, згодна з паданнем, Петрыкаў быў заснаваны яцвяжскім князем Петрыкам у Х стагоддзі, але адзначаем мы толькі 500-годзе нашага населенага пункта…

На самой справе блытаніна ўзнікае толькі з першага позірку – усе паданні, як правіла, ці то архаізуюць гісторыю, ці то яе, наадварот, мадэрнізуюць. Так і ў нашым выпадку: легенда была пачута ў ХІХ стагоддзі ад мясцовага насельніцтва даследчыкам, які, хутчэй за ўсё, перадаў яе сюжэт са сваімі ўдакладненнямі. Дэталі ў паданні пры першым жа аналізе не стасуюцца з іншымі фактамі і не вытрымліваюць крытыкі.

Найбольшай дакладнасцю ж адзначаюцца першыя згадкі пра гарады ў пісьмовых крыніцах. Адразу варта адзначыць: згадка ў гістарычных дакументах часцей за ўсё не паказвае непасрэдную дату стварэння горада, а звязана, як правіла, з нейкай гістарычнай падзеяй: ваеннымі дзеяннямі, візітам высакароднай асобы ці пераходу земляў з пералічанымі населенымі пунктамі ад аднаго ўласніка да другога. Так, Петрыкаў з’яўляецца ў дакуменце “Актаў літоўска-рускай дзяржавы”, дзе адзначана: “писанъ лист короля Сигизмунда жителям места Городянского. Горонстай писарь – подъ летъ Божьего нарождения 1523”.

Такім чынам, можна дакладна адзначыць, што ў 1523 годзе, калі кароль Жыгімонт, ці ад імя ўладара Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай у Петрыкаве быў напісаны ліст з прывілеямі для месца Гараднянскага. З гэтага часу наш горад і пачынае даволі часта з’яўляцца ў пісьмовых крыніцах. Падобная практыка выяўлення першай згадкі і лічыцца традыцыйным днём нараджэння гарадоў.

Знаходзячыся на чарговай мяжы абароны з паўднёвага напрамку, дзе жылі татары і казакі, прыкладна ў гэты час князі Алелькавічы будуюць у Петрыкаве драўляны замак. Праіснаваў ён не доўга – у 1535 годзе ўмацаванне было разбурана князем Аўчынай падчас міжусобіцы. Напрыканцы XVI стагоддзя адноўлены замак зноў быў захоплены і зруйнаваны казакамі Севярына Налівайкі.

Шмат пакут прыйшлося перанесці нашаму гораду і яго жыхарам. Змяняліся і ўладары гэтых земляў. Але варта падкрэсліць: пасля ліхалеццяў і разбурэнняў Петрыкаў зноў і зноў аднаўляўся.

Неўзабаве мястэчка праславілася як значны населены пункт паміж забалочаных мясцін, дзе асабліва была развітая суднабудаўнічая, кравецкая і шавецкая справы. Апрача працавітасці, людзі мясцовыя славіліся сваёй кемлівасцю, бо багата дзе ўраджэнцы Петрыкава адзначаліся ў службе, асабліва багата нашых землякоў жыло і працавала ў Кіеве. А два разы на год горад наш быў на вуснах у купцоў, паноў і прадпрымальнікаў: кірмашы, што праводзіліся тут з 1776 года 20 ліпеня і 1 кастрычніка, вабілі заможных людзей хіба не з усёй губерні. Менавіта гэтыя падзеі і вырашыў зафіксаваць у сваіх здымках першы беларускі этнограф і стваральнік фотатэкі беларускай традыцыйнай культуры Ісак Сербаў, што прыбыў сюды ў 1913 годзе.

Так і жылі нашыя продкі на высокім мысе пасярод маляўнічых краявідаў Прыпяці, што была надзейнай транспартнай артэрыяй і звязвала нашу мясцовасць з іншымі гарадамі.
Спадзяюся, паважаныя чытачы, вам было цікава пагартаць старонкі гісторыі роднага горада.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о