А мне б крыху гісторыі на вуліцы горада…

0
647

Блізіцца 500-годдзе Петрыкава і, разам з гэтым, святкаванне першага Дня горада. У гэты дзень, ды і напярэдадні свята, будзе гучаць шмат слоў пра нашу паўтысячагадоўвую гісторыю, памяць пра продкаў, захаванне традыцый… І ўсё гэта правільна. Але, ці не з’явіцца ў свядомасці ўмоўнага назіральніка пэўнага дысанансу? Горад ёсць і юбілей з нагоды першага ўзгадвання ў пісьмовых крыніцах таксама ёсць, але гісторыі нашага месца на вуліцах не сустрэнеш, за ёй трэба адпраўляцца ў падарожжа…

Не раз, пасля наведвання пэўных гістарычных мясцін, Нясвіжа, Міра ці Полацка, уражаныя суразмоўцы адзначалі: “Там кожны куток прасякнуты гісторыяй, літаральна дыхае ёй”. Нехта адзначыць: “Вядома, калі захавалася столькі гістарычных аб’ектаў…”. Але ж справа не толькі ў гэтым. Канешне, час і гады ліхалецця не паўсюль пакінулі для будучых пакаленняў пэўную гістарычную спадчыну, але мы ведаем пра яе дзякуючы звесткам і нават гэтую інфармацыю варта не толькі захоўваць, але і знаёміць з ёй.

Прыклады можна пабачыць у многіх беларускіх гарадах – муралы з выявамі старых фотаздымкаў горада на адмысловых месцах. Чалавек, не захоплены краязнаўствам ідзе сабе па вуліцы і бачыць на фасадзе будынка, як гэты тракт выглядаў гадоў сто таму, на куце будынка шыльда з назваю вуліцы, ніжэй – гістарычная назва. Крыху далей інфармацыйная дошка з пазначэннем: “У такім-та годзе тут знаходзілася…”. Ці трэба тлумачыць, што і такім шляхам з’яўляецца ў насельніцтва цікавасць да спазнання роднага краю?

А мне б крыху гісторыі на вуліцы горада…
Мурал на фасадзе музея ў Баранавічах

Можна пайсці і далей: сціплы QR-код на той жа шыльдзе, помніку ці фасадзе старога будынку мог бы перанесці нас на віртуальную старонку, адкуль выпадковы мінак, працягваючы свой шлях, мог бы дазнацца па гісторыю месца, на якім толькі што знаходзіўся. Форм падачы матэрыялу безліч: ад самага звычайнага тэксту з фота, да youtube-роліку, ці нават каталогу відэа на некалькіх мовах, каб нават госці з замежжа маглі атрымаць гістарычную даведку.

А мне б крыху гісторыі на вуліцы горада…
А такім чынам ўпісалі ў гарадскую прастору апоры маста, што не выкарыстоўваліся ў Пінску

Вядома, матэрыялаў пра гісторыю нашага месца не так ужо і багата, але тым больш уважліва мы павінны да іх адносіцца і тым больш актыўна прэзентаваць тое, што маем. На мой густ перад уваходам у парк з боку вуліцы Камунальнай абавязкова павінна быць усталявана дошка, дзе будзе інфармацыя пра петрыкаўкі замак і самая старая з вядомых, дакладна датаваная фотакартка, зробленая ў нашым горадзе ў 1893 годзе з выявай страчанага помніка архітэктуры – драўлянага касцёла.

А мне б крыху гісторыі на вуліцы горада…

Гэта, вядома, не адзіны прыклад, які б, як мне здаецца, быў бы нядрэнным падарункам сярод іншых для гараджан і гасцей да 500-гадовага юбілею.

А мне б крыху гісторыі на вуліцы горада…
Ці толькі мне здаецца, што гэтая фотакартка петрыкашскага суднабудування 30-х гадоў мінулага стагоддзя вартая ўвагі ўсіх, што наведвае ўзбярэжж?

Прасторы для фантазіі шмат і, насамрэч, не абавязкова прывязвацца да святочнай падзеі. Захоўваць роднае – ніколі не позна.

А мне б крыху гісторыі на вуліцы горада…
Надпіс Івака Сербава пад сваім здымкам гаворыць сам за сябе. Месца паспрабуйце вызначыць самі…

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о