23 ЖНІЎНЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ ДЗЯРЖАЎНАЙ СТАТЫСТЫКІ БЕЛАРУСІ

0
560

Як толькі чуеш слова статыстыка, у галаве адразу ўзнікаюць выявы графікаў, дыяграм, стосы папер. Збольшага ўяўленні пра дадзеную сферу праўдзівыя. Сапраўды, статыстыка, кажучы сухой канцылярскай мовай, гэта галіна ведаў, навука, у якой выкладаюцца агульныя пытанні збору, вымярэння, маніторынгу, аналізу масавых статыстычных дадзеных і іх параўнанне; вывучэнне колькаснага боку масавых грамадскіх з’яў у лікавай форме.

23 ЖНІЎНЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ ДЗЯРЖАЎНАЙ СТАТЫСТЫКІ БЕЛАРУСІЧаму статыстыка мае вялікае значэнне для нас з вамі, расказала начальнік аддзела статыстыкі Петрыкаўскага раёна Аксана Басюк.

“Вобласць статыстыкі звязана са зборам, аналізам, інтэрпрэтацыяй і прадстаўленнем даных. Па меры таго, як тэхналогіі ўсё больш пранікаюць у наша паўсядзённае жыццё, зараз генерыруецца і збіраецца больш дадзеных, чым калісьці ў гісторыі чалавецтва.
Статыстыка – гэта поле, якое можа дапамагчы нам атрымаць лепшае ўяўленне пра навакольны свет, прымаць рашэнні, рабіць прагнозы пра будучыню, выкарыстоўваючы дадзеныя”, – увяла ў курс справы Аксана Фёдараўна.

Шмат каму здаецца, што статыстыка сумная навука, перанасычаная лічбамі, паказчыкамі і параўнаннямі.
“Насамрэч яна вельмі цікавая і глыбокая галіна ведаў. І, мабыць, больш за іншыя навукі, звязана канкрэтна са зносінамі з людзьмі”.
Як удакладніла суразмоўца, у калектыве аддзела статыстыкі Петрыкаўскага раёна працуе пяць спецыялістаў.

“Мы маленькая, але вельмі моцная каманда. Акрамя мяне, у нас працуе намеснік начальніка Ніна Яцка, эканаміст – Таццяна Кароль, два спецыялісты па даследаванні насельніцтва – Таццяна Навічэнка і Валянціна Мясніковіч.
Калектыў працуе як зладжаны механізм. Кожны добра ведае сваю справу. Работы хапае, таму і час сыходзіць выключна на дзелавыя размовы”.

На пытанне, якую адукацыю неабходна атрымаць, каб працаваць у аддзеле статыстыкі, Аксана Фёдараўна адказала так: “Калі раней можна было працаваць, атрымаўшы сярэдне-спецыяльную адукацыю, то сёння патрабаванні змяніліся. Трэба быць высокакваліфікаваным спецыялістам з вышэйшай адукацыяй”.

Аксана Фёдараўна таксама адказала, што яе рэспандэнтамі з’яўляюцца прадпрыемствы і арганізацыі, установы раёна, сялянскія (фермерскія гаспадаркі), індывідуальныя прадпрымальнікі, хатнія гаспадаркі ў рамках выбарачных абследаванняў.
“Безумоўна, зводныя статыстычныя дадзеныя ні для каго не сакрэт. Іх можна свабодна атрымаць на афіцыйным вэб-партале Белстата”.

У канцы размовы Аксана Фёдараўна павіншавала калег з Днём работнікаў дзяржаўнай статыстыкі, пажадала моцнага здароўя, удачы, сямейнага дабрабыту. А рэспандэнтам – не баяцца работнікаў статыстыкі, ісці ім насустрач, бо аналіз іх дадзеных накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян, а не наадварот.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о